Вы тут

Пісьменніцкі дом у яго зорныя часы


Па вуліцы Энгельса, праз дарогу ад тэатра, тады высілася вялікая чыгунная агароджа, што абкружала тэрыторыю, якая прымыкала да строгага і велічнага гмаху ЦК КПБ (сёння — адзін з будынкаў Адміністрацыі Прэзідэнта), а побач прымасціўся, як бы прытуліўшыся да ЦК, двухпавярховы Саюз пісьменнікаў. Тут працавалі нашы бацькі, лепш сказаць, гэта быў іх родны — без перабольшання — дом, хоць, вобразна кажучы, і «пад крыльцам» ва ўладаў.


Праўда, ад уладаў творчыя людзі атрымалі нямала. Тады была практыка: калі пісьменнік высяляўся, бясплатна атрымліваючы новую кватэру (і не адзін раз!), гарадскія ўлады аддавалі, па просьбе і па канкрэтнай прапанове Саюза пісьменнікаў, яго старую кватэру маладому літаратару. Таму многія жылі ў кватэрах адзін аднаго. Напрыклад, у нашым доме па К. Маркса, 36: у трохпакаёвую кватэру Яна Скрыгана на пятым паверсе ўехаў, калі ажаніўся, Уладзімір Караткевіч (цяпер там жыве яго пляменніца); у кватэру Янкі Брыля — Вячаслаў Адамчык; у кватэру Пятра Глебкі — Ніл Гілевіч; у кватэру Кастуся Кірэенкі, калі той перасяліўся ў «Андатравы пасёлак» па вуліцы Пуліхава — сям’я даследчыка літаратуры Вячаслава Рагойшы; у кватэру Івана Грамовіча — Рыгор Семашкевіч з жонкай Наташай, дачкой Янкі Брыля. Такіх перамяшчэнняў здаралася мноства. Пісьменнікі старэйшага пакалення і сёння памятаюць, хто ў чыёй кватэры пачынаў жыць.

Наша чатырохпакаёвая кватэра на чацвёртым паверсе лічылася шыкоўнай, хоць па сённяшніх мерках — фактычна без вітальні, з маленечкай кухняй, невялікімі пакоямі — проста жабрацкая. Над намі, у такой жа кватэры, жыла сям’я Янкі Брыля, які таксама, як і Іван Шамякін, меў траіх дзяцей; пад намі, на трэцім паверсе, — паэт-акадэмік Пятро Глебка з жонкай і ўдачаронай у вайну яўрэйскай дзяўчынкай. Насупраць нас, на адной пляцоўцы, жылі з сем’ямі — спачатку Іван Мележ, потым, з 1964 г., — Іван Навуменка. Ужо калі мы перасяліліся ў іншы дом, на той жа пляцоўцы пасяліўся Ніл Гілевіч. Але стаўшы першым сакратаром Саюза пісьменнікаў, ён заняў кватэру Пятра Глебкі.

Можа здзівіць тое, што сем’і з адным дзіцем, як у Глебкі ці Гілевіча, займалі трохпакаёвыя і нават чатырохпакаёвыя кватэры. А справа ў тым, што ў той час творчым асобам, людзям з навуковымі званнямі і ступенямі адводзілася па 20 м2 лішняй плошчы пад кабінет. І закон гэты вытрымліваўся да развалу Савецкага Саюза.

Усе кватэры былі даволі ўтульнымі, так што назваць іх стандартнымі, а тым больш абывацельскімі ніяк нельга. Праўда, у той час добрых шпалераў не выраблялі, таму сцены ў некаторых кватэрах пакрываліся колерам і так званым «накатом». Таксама нядрэнна. Вокны завешваліся цюлем і ў кухнях — просценькімі белымі фіранкамі з карункамі «рышалье» па краях. Пазней усе ганяліся за нямецкім (з ГДР) дэдэронам; з’явіліся і парцьеры з асаблівай, буйнога малюнку, тканіны. Выбар дастаткова разнастайны. У 1970-я гады парцьеры сталі шаўковымі, а ў 1980-я гады — ужо і габеленавымі. У любым выпадку, нават у афіцыйных установах, з гардзінамі і занавескамі, — больш разнастайна, утульна, па-хатняму ў параўнанні з аднолькавымі — паўсюдна — страшэнна абрыдлымі з 1990-х гадоў жалюзі, якія закрываюць святло і від з вокнаў, стандартызуюць памяшканні, робяць пакоі казённымі. Мы прызвычаіліся і перасталі заўважаць, як нас паступова прывучаюць да ўніфікаванага чалавечага мурашніка.

Пісьменнікам нярэдка мэблю рабілі майстры-чырванадрэўшчыкі, і таму яна аказалася ва ўсіх розная. Жывапіс мала хто з пісьменнікаў збіраў мэтанакіравана, але нярэдка яны атрымлівалі падарункі ад сяброў-мастакоў. Памятаю такія аўтарскія творы амаль у кожнай кватэры.

У большасці суседзяў-пісьменнікаў інтэр’еры ўсё ж нічым не ўражвалі. Самае цікавае, арыгінальнае ў іх — менавіта карціны, гравюры, фота і, безумоўна, кніжныя шафы з іх напаўненнем. Самая багатая прыватная бібліятэка — ва ўсёй Беларусі! — сабрана Пятром Глебкам. Ён пачаў збіраць кнігі яшчэ ў 1920-х гг., ледзь не падлеткам. Таму і стаў акадэмікам! У яго бібліятэцы, якую ён завяшчаў Акадэміі навук, захаваліся шмат якія рарытэтныя выданні, напрыклад, першыя кнігі паэтаў «Маладняка». Сваёй прагнасцю калекцыянера і ўдумлівага чытача ён «заразіў» усіх суседзяў, у тым ліку майго бацьку. Усе жыхары нашага пад’езда літаральна спаборнічалі ў набыцці кніг. Даволі многа прывозілі з Масквы, дзе куплялі па білетах СП у «Лаўцы пісьменніка» з яе шыкоўным выбарам. Прычым Іван Шамякін, як адзін з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў, ездзіў у Маскву асабліва часта. Вазіў адтуль чамаданы кніг. Нямала выходзіла і падпісак класікі, у тым ліку замежнай: Іаган Гётэ, Вальтэр Скот, Віктор Гюго, Аляксандр Дзюма, Гі дэ Мапасан, Гюстаў Флабэр, Анатоль Франс...

Агульны дух бібліяфільства, характэрны для жыхароў нашага дома, перадаўся і мне — на ўсё жыццё. Пісьменнікі, акрамя падпісак, любілі збіраць энцыклапедыі. «Большая советская энциклопедия» ў 50-ці тамах на працягу многіх гадоў ішла і да нас. Калі мой бацька ў 1980-я гады ўзначальваў Беларускую савецкую энцыклапедыю імя Петруся Броўкі, ён выдаў дзясяткі самых розных энцыклапедычных выданняў, якія і сёння застаюцца ўнікальнымі, напрыклад, Энцыклапедыю прыроды Беларусі ў пяці тамах.

Надзвычай захапляліся энцыклапедыямі Уладзімір Караткевіч, Вячаслаў Адамчык. У мае школьныя гады, у 1960-я, з’явілася Дзіцячая энцыклапедыя ў 10-ці тамах. На цяперашні розум — надзвычай поўная і пры гэтым цікавая, даходлівая па форме, прадумана і беражліва складзеная. Я тады любіла яе проста чытаць і перачытваць, пастаянна выкарыстоўвала пры падрыхтоўцы ўрокаў. З таго часу захавала цікавасць да розных галінаў навук.

Дэфіцыт кніг, як і шмат чаго іншага, з’явіўся ў 1970-я гады. На самай справе кніг выходзіла мноства, да таго ж агромністымі, проста фантастычнымі, на наша сённяшняе разуменне, накладамі. Ды толькі гандлёвая мафія лепшае заўсёды хавала для «сваіх».

Пісьменнікі актыўна абменьваліся кнігамі, давалі пачытаць адзін аднаму. Уласныя творы, абавязкова з аўтографамі, часта кранальнымі, дарылі калегам, сябрам, суседзям. Я памятаю, у Янкі Брыля і Івана Шамякіна амаль адначасова выйшлі выбраныя творы. Яны імі проста абмяняліся, прычым не без урачыстасці.

І яшчэ адна была асаблівасць у дома. Усё ж тут жылі людзі, якія належалі да адной прафесійнай карпарацыі, і таму дзверы кватэр увогуле не зачыняліся, як у вёсцы, — ніякіх «вочак» у дзвярах і мноства замкоў не існавала ў прынцыпе. Яны б тады сем’ям пісьменнікаў і ў страшным сне не маглі прысніцца. Нашу кватэру амаль штодня наведвала не менш як дваццаць чалавек: абавязкова суседзі, калегі таты, сяброўкі мамы, родзічы, якія жылі ў Мінску, нашы школьныя і дваровыя сябры.

З усіх відаў адпачынку — пасля чытання — самым важным для тагачаснай эліты аказаліся (да 1970-х гг.) пастаянныя сяброўскія кантакты. На прыкладзе нашага «пісьменніцкага» дома гэта асабліва паказальна. Хадзіць у госці да суседзяў — проста жыццёвая неабходнасць. Нават без абавязковага вячэрняга стала, хоць і ён наладжваўся нярэдка, да бацькі пастаянна заходзілі калегі пагаварыць пра справы Саюза пісьменнікаў, пра новыя творы, кніжныя навінкі. Праўда, асабліва часта гутарылі ўсё ж пра палітыку. Праз сцяну бацькоўскага кабінета я адны і тыя ж імёны савецкіх уладароў і іх «шэрых кардыналаў» (!) чула сотні разоў. Таму цікавасць да палітыкі ў мяне — з дзяцінства.

Адзнака часу — палітычныя анекдоты. Найвыдатнейшы драматург Андрэй Макаёнак, які асабліва часта гасцяваў у нас, ведаў іх сотні. Кожны дзень з’яўляліся новыя. Разносілі іх з рэдакцый і выдавецтваў, можна сказаць, імгненна — менавіта таму, што літаратары пастаянна кантактавалі паміж сабою. Праз шмат гадоў Андрэй Макаёнак, мой хросны бацька, сур’ёзна гаварыў мне, ужо дарослай, што анекдоты для СССР прыдумляюць спецыяльныя цэнтры, інстытуты, якіх на Захадзе ледзь не сотні. Я, натуральна, па маладосці, па глупстве, не паверыла, здзівіўшыся такому віду камуністычнай прапаганды, ды яшчэ з вуснаў Андрэя Ягоравіча, заўсёды вельмі крытычнага да савецкай рэчаіснасці. Але яшчэ праз дваццаць гадоў, пасля развалу СССР, калі шмат што друкавалася і нашы дарагія заходнія «партнёры» хваліліся, як развальвалі СССР, я прачытала пра такія цэнтры сама...

Але пра 1990-я гады ўспамінаць зусім не хочацца. Вяртаюся ў маленства. Мы, дзеці, прыйшоўшы са школы і не застаўшы родных дома, маглі лёгка і проста пайсці да любога з суседзяў. Там нас кармілі, часта паэты чыталі свае вершы. Ніхто з нас, ясна, не злоўжываў гасціннасцю суседзяў, але важна было пастаяннае адчуванне пляча іншага, упэўненасць, што сябры, калегі, суседзі заўсёды падтрымаюць і дапамогуць. І дапамагалі. З асаблівым замілаваннем успамінаецца неабыякавасць кожнага з дарослых да любога з дзяцей — усе як бы лічыліся сваімі. Сапраўды, стаўленне да дзяцей менавіта тады аказалася асабліва кранальным. Як шкада, што дух таварыскасці і ўсеагульнай добразычлівасці ў нас знішчылі!

Такая была выключна спрыяльная для творчасці аўра пісьменніцкага дома на Карла Маркса, 36 у яго залатыя гады — 1950 — 1960-я.

Таццяна ШАМЯКІНА, доктар філалагічных навук, прафесар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».