Вы тут

Ларыса Сімаковіч. Зіма з неба


Зіма павінна прыходзіць з неба. Ціха і ўрачыста. Каралеўнай. Пажадана ўначы. Каб на раніцу — сталы накрытыя! — зямля ў снезе.


За ноч за акном нешта змянілася — і гэта адчуваеш не ўстаючы з ложка.

Іншаземная ціша. Іншаземная пругкасць паветра. Святло асаблівай яснасці і стрыманасці супадае з цішынёй.

Снег. Прыйшлі перамены. Наблізіліся падзеі, пра якія яшчэ не ведаеш: каляднымі валачобнікамі таўкуцца яны на парозе новага дня, глуха тупаючы, з чаравікаў страсаючы снег.

 Рухлівая раніца самохаць запавольваецца. Спяшацца не атрымліваецца. Паскаральнікі «тэмпу-рытму» ніяк не ўключацца. Міма акна не пройдзеш не прыпыніўшыся. Зірнеш на белае наваколле, краем вока паспееш агледзець знаёмыя сцежкі, дрэвы, ліхтары ў новым абліччы і міжволі прыцэнішся да трываласці «першынца»: ці даляжыць да вечара?

Першы снег — яшчэ не зіма.

Зіма павінна гучаць небам — струнным Adagio. Пасярод халоднай чысціні свайго прышэсця. Пасярод зімовага шчасця. Паміж нізкім небам і глыбокім снегам. Між дзвюх рэальнасцей: стракатай рэчаіснасцю і ўласным бяздоннем. Між стагоддзямі. Між мадоннамі Леанарда і тварам святой Ганны ў шкле метрапалітэнаўскай электрычкі. Між музычнымі метафарамі звонкага дня і графічным малюнкам белай вішні: «што далікатнейшы слых каралевы магло б улагодзіць»...

На жоўтай-жоўтай пожні,

На шэрай-шэрай грэблі,

На сіняй-сіняй руні,

На цёмнай-цёмнай пушчы

Лёг белы-белы снег. (М. Танк)

«…як часта намаганнем думкі ў кароткае імгненне я жыў стагоддзі жыццём інакшым і на зямлю я забываўся…» (М. Лермантаў)

Снежань пагадзіўся: «Кожнае стварэнне імкнецца набыць аблічча музыкі, зашыфраваўшы найвышэйшыя ісціны». Верагоднасць ператварэння зімовых дзён у твор мастацтва павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі. Пазбаўленыя банальнай рэпрызы, варочаюцца шэрым мядзведзем вечар, ноч, прыцемак, світанак. Танальныя элементы з’яўляюцца, знікаюць у неўласцівым ім кантэксце.

Нараджаецца новая музыка. Так слухаюць на самоце. Бясконцая фуга-колазварот. Здаецца, яшчэ імгненне — і самавыявіцца галоўная танальнасць, што трымае Сусвет. Заслона глухаты спадае, сугуччы набліжаюцца, імі пульсуе Сусвет. Далей будзе жыццё — крохкі матэрыял — у расколінах і драпінах. За якую нітку выцягнуць сапраўдную мелодыю з несупыннага тлуму і мітусні?..

Снежань гучыць Лакрымозай Моцарта. Пятага снежня добрага надвор’я не бывае. Найгоршым яно было 5 снежня 1791 года, калі труну з целам Моцарта чужыя людзі неслі да агульнай магілы і не было каму далучыцца да шэсця.

Доля творцы. Добраахвотна абірае рабства. Шчасце — не мэта. Не мроя. Марыць — не ўласцівасць кампазітара. Здаровы рацыяналізм ратуе паўсядзённасць. Усе эмоцыі там, дзе музыка. Яна існуе адасабленнем і ізаляванасцю. Аб’ектыўнае — безаблічнае і механістычнае. Суб’ектыўнае — бяздоннае і глыбока невычарпальнае… Межы свайго «я» пашыраюцца. Палёт, лунанне, бязмежнасць, аб’ём і неабсяжнасць — ад нябачнай нікому дысцыпліны, ад бесперапыннай работы свядомасці, дзе варыянты апярэджваюць саміх сябе: «...У той момант, калі я саджуся працаваць, я адчуваю смяротны страх перад бясконцасцю магчымасцей, якія мне адкрываюцца, ад адчування, што мне ўсё дазволена. Функцыі творцы — прасейванне элементаў, якія дасылае яму ягонае ўяўленне…» (І. Стравінскі). І аналітычных рэсурсаў бракуе, каб разгледзець кожны. Карчма? Чырвонае віно і піва? Не забараняецца. Выйсці з карабля, ступіць на зямлю і адпачыць дазваляецца нават пілоту касмічнага карабля.

Неўпарадкаванасць асабістага жыцця і кампазітарскі геній Моцарта знаходзілі кампраміс. Знешняе жыццё раздражняла. Парыкі, камзолы, чаравікі набываліся ў вялікай колькасці, каб адпавядаць модзе. Той, каму было ўтульна з самім сабой, не мог пазбавіцца комплексу росту ў 162,5 см. Жарты — злосныя і свавольныя. Слугаванне чалавецтву — безнадзейная справа. Але… што тады на гэтай зямлі рабіць? Чым займацца прышэльцам? Шчасце — госць рэдкі і здабыць яго можна, ствараючы матэрыю музыкі. Яна чакае майстра, каб стаць упарадкаванай і арганізаванай.

Музыку нельга выканаць. Музыку нельга выконваць. У музыцы можна быць. Адкрываць штовечар знаёмыя старонкі партытуры, бачыць знаёмую графіку нот і кожны раз яе выконваць па-іншаму. Паслядоўнасць графічнага запісу супярэчыць логіцы і сэнсу, якія яны ў сабе змяшчаюць. Паслядоўнай можа быць вера, царква, рэлігія, догма. Бог не можа быць паслядоўным. Недаступная звышлогіка. Адчуць можна як уздзеянне магіі.

Завіруха дыктуе сваю сцэнаграфію. Фінал сорак першай сімфоніі гучыць зусім не так, як у сонечны дзень. Час, агучаны музыкай, аздабляецца ёю. Спасціжэнне — бясконцы з неба снег.

Снежны дзень. Снежаньскі дзэн. Ціхі, спакойны, утульны. Варона на чорнай галінцы сузірае наваколле тваім спакоем. Мы роўныя з ёй у гэтым зачараваным кружэнні ціхага снегу. Купалам фларэнтыйскага сабора выгінаецца сіняе неба і нагадвае пра свайго стваральніка — архітэктара-дылетанта, ювеліра па прафесіі. Купал далёка, як і тая Фларэнцыя. Хто бліжэй? Архітэктар-дылетант. Мы ўсе дылетанты ў свеце недасяжнай музыкі... Спыніўся дзень, у яскравасці і сардэчнасці якога можна патануць. Куды дзень, які стане адкрыццём і зможа адкрыць мяне?

Эпоха Моцарта — эпоха Агінскага.

…з зораў выкрасаны

сон над акрэсамі,

год ці выкраслены,

ці год накрэслены?.. (Барыс Жанчак)

«...Толькі адзін раз, і то выпадкова, я спаткаў Моцарта за якія-небудзь тры гады да яго смерці. Звыш гадзіны я быў у тым самым, што і ён, таварыстве… Я не мог паверыць, што знаходзіўся паблізу чалавека такога знакамітага, з якім я здаўна прагнуў пазнаёміцца. Ён пакінуў салон, а я застаўся пазбаўлены прыемнасці хоць бы хвіліны размовы...» — успаміны Клеафаса Агінскага. Эпоха Моцарта — гэта эпоха Агінскага.

Музыкай Агінскага было аднаўленне Княства Літоўскага са сталіцай у Вільні. Укладаючы ў сталіцу сябе, свой досвед, мары, ствараў сваю Вільню — пабудаваў шпіталь, тэатр, дом для бедных...

Каб стаць шчаслівым самому, трэба, каб шчаслівымі былі людзі вакол, — так жыў былы сенатар, дыпламат, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года, чые паланэзы Восіп Казлоўскі, карыстаючыся сваім аўтарытэтам дырэктара імператарскага тэатра, уключаў у праграмы пецярбургскіх імператарскіх баляў. Паланэз фа-мінор — лямант адчаю і гневу. «Я стварыў марш для майго атрада стралкоў са словамі, напісанымі ў адпаведнасці да гэтай музыкі, і з тае пары гэты марш выконваўся ў многіх палках. Я пісаў таксама ваенныя і патрыятычныя песні, якія карысталіся вялікім поспехам, бо выклікалі храбрасць, энергію і энтузіязм маіх паплечнікаў па зброі». Паланез фамінор — дакумент абвінавачвання.

Музыкай Каліноўскага было змаганне.

Музыкай Касцюшкі — свабода. Паланэзы, створаныя ў 1790-я гады, падхоплівалася атачэннем і адчайна спяваліся. Над галовамі інсургентаў Касцюшкі луналі не толькі сцягі, але і маршы Агінскага.

 Яны добра біліся… і, галоўнае, мужна. З пяцісот засталося сорак… Валожын узялі, ішлі на Івянец… і галава яго была ацэнена на вагу золата, як быццам можа быць нейкае золата, вартае такой галавы.

Побач — сябра Якуб. Якуб Ясінскі, той, хто перамясціў свой кампазітарскі дар з будучыні ў актуальнасць, пры гэтым будучыню сваёй адметнасці здолеў не паменшыць. Наадварот: пашырыў сабой прастору ў зямным і нам недасяжным свеце. Шырыня тая — у тры столкі стагоддзяў. «...і калі, Божа, з тваёй управы я буду да шчасця абраны, не прагну тронаў, не прагну славы, хай толькі буду каханы...»

Стагоддзі мінуліся і прайшлі праз кожнага з нас. Пакінулі здольнасць гарэць ахвярным агнём. Быць прыкутымі кайданкамі да бяды, каб яна не кранула дзяцей. Агінскі, Касцюшка, Ясінскі, Каліноўскі, — этычная норма нацыі, узор годнага існавання.

Няма патрэбы пакутаваць ад адсутнасці шчаслівай долі. Творцу яна непатрэбная. Аб’ектыўна немагчымая. Жыццяздольны сваёй уласна створанай (ці звышдадзенай) незалежнасцю, мастак стварае асабістую дзяржаву, дзе ёсць усё, што неабходна для годнасці. А што можа быць больш вартым за годнасць? З цяжкімі валізкамі абцяжаранага сумлення на вяршыню не ўзыдзеш. Бедны Купала. Пакутны Колас.

Нязменнай застаецца прага пісаць. «Гэта не я, а твой розум і талент цябе прызначаюць Справу такую зрабіць…» (Мікола Гусоўскі)

Кожны дзень — рытуал вітання партытуры. Кожная наступная раніца — новы позірк на ўчарашні незавершаны такт. Ён, нібы кот Марцін ля парога, чакае цябе і стрымана вітае твой прыход, сам умашчваецца пад «дах» узнятай для пяшчоты далоні. Урэшце, жыццё звужаецца да гэтай стракатай шматпалоснай старонкі партытуры, якая дзівосным чынам з аднамернай ператвараецца ў пругкую, пластычную, згодлівую і гнуткую. Межы адчайна зрушваюцца, рассыпаюцца як ланцугі і ўпускаюць новую прастору. Тое, што лічылася недасяжным і бязглуздым, безнадзейным і неверагодным, раптам робіцца неабходным і адзіна верным. Але чым больш дасканаліцца няўлоўны зрух нюансу пасярэдзіне чвэрці з кропкай высокага сі-бемоля, перасягае верагоднасць разумення. «З фунта металу, які каштуе капейкі, можна зрабіць гадзіннікавыя спружыны, якія набудуць каштоўнасць». (Р. Шуман)

Адчыняю акно. Углядаюся ў неба. Разумею, што неба назірае за мной даўно. Запрашае. Цяпер мы бліжэй. На два крокі. Неба дазваляе зазірнуць за сябе. Папярэджвае. Мякка стрымлівае. Дазваляе мінуць аблокі, працяць блакіт і ўбачыць бездань. Неба папярэджвае: усё, што паза цеплынёй зямлі, — халоднае, бяздоннае. Зямля — утульная планета.

Снежань суцяшае.

Шэпча пра тое, што зроблена нешта вельмі важкае, вартае, значнае. Снежань пазбягае тлумачэнняў. Снежань закалыхвае бездапаможнасць: «некаторых “тлумачаць” праз стагоддзі, — вуркоча снежань — некаторых тлумачаць стагоддзі». Дайшоўшы да краю зямлі, прасунуўшы галаву праз чыстае неба, бачыш зоры — самы час паразважаць на новую музычную тэму —

...ты меркавала, што цяпер зіма

і ў вершы шэрань, снег ды завіруха…

а я цікую, дзе вясна сама,

і мы з табой салоўку будзем слухаць... (Барыс Жанчак)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».