Вы тут

Самая вялікая праблема навагодніх свят у тым, што мы рызыкуем пераесці


Магчыма, увесь год пераядалі, аднак цяпер шансы куды большыя. Салаты, нарэзкі, здоба, цукеркі... Нязносная спакуса. І, што характэрна, не толькі ў цябе дома, але і ўсюды, куды ні зайдзі. Крамы, рынкі, кірмашы — усё проста перапоўнена харчовымі таварамі, якія так і просяцца ў наш халадзільнік. Тым не менш трэба ўзяць сябе ў рукі. Навошта нам гэта пасля выкідаць? А лішнія кілаграмы хоць бы і хацеў — не выкінеш. Магазіны працуюць сёння без праблем і дэфіцыту, у любы момант усё можна дакупіць.


Купляйце столькі і тое, што сапраўды патрэбна.

Здаровы лад жыцця няўхільна наступае, а таму ўсё больш людзей адмаўляюцца ад традыцыі 12 страў на навагоднім стале. Шчыра кажучы, маюць рацыю. Усё ж такі вызваляецца больш часу на іншыя, куды больш цікавыя справы. Лепей што-небудзь цікавае паглядзець, пазваніць тым, каму даўно не званілі. А паесці... заўсёды паспеем. Вядома, калі вы назапрашалі гасцей, давядзецца накрываць стол як належыць. Але ж тым не менш усё роўна паспрабуйце адысці ад таго, што ўжывалі цэлы год. Нарэзкай, напрыклад, можна і ахвяраваць. Лепей зрабіць акцэнт на пары-тройцы прыгатаваных страў. Бульба, мяса, рыба выдатна запякаюцца, і, што характэрна, мала хто гэта робіць на працягу года.

Набывайце якасныя айчынныя прадукты і гатуйце з іх карысныя стравы.

Але і пра некарысныя не забывайцеся. Сёння класічныя савецкія стравы атрымалі другое жыццё і гатуюцца паводле больш здаровых рэцэптаў. Той жа маянэз замяняюць або на такі, у якім менш тлушчу, або наогул на ёгурт. З другога боку, шкодных прадуктаў ці страў, як вядома, не існуе. Уся справа ў колькасці. Можна з'есці дзве лыжкі аліўе, а можна і тазік.

Ешце пакрысе, не галадайце і не пераядайце.


Ударым па класіцы?

Для любімага селядца пад шубай выбірайце слабасалёны селядзец і не злоўжывайце маянэзам. Вазьміце адзін селядзец, дзве вараныя бульбіны, адну цыбуліну, два вараныя яйкі, адзін вараны бурак і маянэз. Пачынаем усё выкладваць слаямі. Патрыце на тарцы бульбу, дадайце крышку маянэзу (раўнамерна размяркуйце). Пакладзіце нарэзаны кубікамі селядзец, потым дробна парэзаную цыбулю, дадайце крыху маянэзу. Затым — пацёртыя на тарцы яйкі і буракі. Затым зноў маянэз. Можна дадаць вараную моркву, а таксама яблыкі.

Салату «Мімоза» можна зрабіць асаблівай з дапамогай якасных яек, масла і маянэзу без кансервантаў і фарбавальнікаў. Можна прыгатаваць маянэз і самастойна. Таксама надаць гатоваму прадукту кісла-салодкі смак — трэба дадаць крыху аліўкавага алею і мандарынавага соку. З такім соусам страва атрымліваецца вельмі лёгкай. Нам спатрэбяцца пяць вараных яек, адна цыбуліна, бляшанка рыбы (гарбушы), 150 г сыру, 100 г масла, маянэз. Слаі размяркоўваюцца так: бялкі, цыбуля, рыба, сыр, масла і жаўток.

У любімы «Аліўе» можна класці не толькі кансерваваны, але і замарожаны зялёны гарошак. Яшчэ спатрэбяцца вараныя бульба і морква, вараная каўбаса (яе можна замяніць на адваранае курынае філе), яйкі, салёныя (марынаваныя) агуркі, маянэз.

Вялікай колькасці часу патрабуе ад нас заліўное. Многія для лепшага застывання дадаюць жэлацін, але на самай справе заліўное можна прыгатаваць і без яго. Возьмем рыбу (у асноўным для гэтага бяруць судака), дзве цыбуліны, адну моркву, 5—7 гарошын чорнага перцу, тры гарошыны духмянага перцу, лаўровы ліст, 4 л вады, соль на густ. Рыбу трэба пачысціць, абрэзаць плаўнікі і хвост. Косці, галаву без жабраў пакладзіце ў каструлю, дадайце цыбулю, соль, лаўровы ліст, заліце вадой і пастаўце варыцца. Праз 15—20 хвілін пакладзіце ў каструлю для варкі кавалкі судака. Калі кавалкі будуць гатовыя, дастаньце іх і пакладзіце раўнамерна на талерку, з невялікімі прамежкамі. Пастаўце ў халадзільнік. На кавалачкі судака можна пакласці лімон, моркву ў якасці ўпрыгажэння. Заліце страву дзвюма (ці крыху больш) часткамі булёну так, каб упрыгажэнні не пасунуліся. Пастаўце ўсё ў халоднае месца для застывання.

Немагчыма ўявіць святочны стол без бульбы. Аднак не бойцеся асвойваць іншыя гарніры. Выдатнай альтэрнатывай можа стаць рыс з агароднінай, а паэлья наогул стане паўнацэннай стравай. Калі мы гатуем агародніну ў вадзе, яна губляе смак. Чаго не скажаш пра той жа рыс.

Што да алкаголю, то некаторыя кідаюць у шампанскае фрукты, а ў марціні — аліўкі. Аднак калі алкаголь добрай якасці, то навошта псаваць яго смак дабаўкамі? Можна, хіба, задэкарыраваць келіхі, прычапіўшы дольку цытрусу, або змазаць абадок апельсінавым сокам і акунуць у цукар.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.