Так ужо здарылася па жыцці, што я нарадзіўся ў сям'і настаўнікаў-філолагаў. У нашым доме заўжды на пачэсным месцы стаялі зборнікі Я. Купалы, М. Багдановіча, К. Чорнага. А коласаўскі верш пра Дзеда Мароза быў мною вывучаны і прачытаны на навагодняй ёлцы яшчэ ў трэцім класе. Хіба ж мог той дзесяцігадовы хлопчык падумаць, што некалі напіша навагоднюю песню на гэты цудоўны верш. Сёлета мы ўсе святкавалі 135-ю гадавіну з дня нараджэння любімага народам беларускага песняра Якуба Коласа. Прапаноўваю чытачам газеты «Звязда» песню «Дзед Мароз» і прысвячаю яе гэтаму юбілею і Новаму году.
Куплет 1
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.
Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.
Прыпеў:
Дзед Мароз, Дзед Мароз, Дзед Мароз,
Ходзіць дзед белабароды — Дзед Мароз.
Дзед Мароз, Дзед Мароз, Дзед Мароз,
Засцілае рэчкі лёдам Дзед Мароз.
Куплет 2
Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.
А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.
Куплет 3
Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік даўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!
Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.
Якуб Колас (1882—1956).
Народны паэт Беларусі, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў (з Янкам Купалам) сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.
Рубрыку вядзе Яўген Ксяневіч, аўтар песень на вершы беларускіх паэтаў
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».