Вы тут

У пачатку снежня гомельскаму цырку споўнілася 45 гадоў


У Беларусі толькі два стацыянарныя цыркі: у сталіцы і Гомелі. У пачатку снежня гомельскаму споўнілася 45 гадоў. Напярэдадні навагодняга свята ў яго закуліссі пабывалі спецыяльныя карэспандэнты «Звязды» з розных рэгіёнаў.


Гомельскі дзяржаўны цырк — адзін з сімвалаў горада. Жыхары іншых рэгіёнаў (акрамя цэнтральнага) могуць па-добраму зайздросціць гамяльчанам: у іх ёсць такі Цуд з вялікай літары і без двукосся.Установа культуры мае ганаровае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Узначальвае яе генеральны дырэктар, заслужаны дзеяч культуры Якаў Лабовіч.

Што агульнага у Гомеля з Грозным?

У Гомелі паказвалі прадстаўленні на дзесяцігоддзі раней, чым з'явіўся цяперашні будынак цырка. Спачатку — у часовых балаганах — на базарнай плошчы. А ў першым стацыянарным драўляным — у 1890-я гады. Пабудавалі, дзякуючы прадпрымальніку, які нядрэнна зарабляў на цыркавым бізнесе. Той цырк праіснаваў да 1917 года. Не зачынілі — згарэў. У 1926-м у горадзе над Сожам на цяперашнім праспекце Леніна адкрылі новы цырк — на 2 тысячы гледачоў. Праз некалькі гадоў будынак перадалі тэатру. У 1941-м ён таксама згарэў. У 1950-я гады ў Гомелі працаваў цырк-шапіто.

Цяперашні адкрылі ў ліку сарака новых стацыянарных. Адпаведнае рашэнне аб будаўніцтве ў 1964 годзе прыняў Савет Міністраў СССР. Першае прадстаўленне ў Гомелі адбылося ў снежні 1972 года.

— Цырк узведзены па тыпавым праекце. Такія яшчэ ў пяці гарадах: Краснадары, Нікалаеве, Запарожжы, Стаўрапалі і Грозным. У глядзельнай зале 1544 месцы. Штатных артыстаў няма, толькі запрошаныя. Каля ста супрацоўнікаў ствараюць усе ўмовы для гастралёраў. Артыстам вельмі падабаецца выступаць у суправаджэнні нашага аркестра. Дарэчы, не ва ўсіх цырках ёсць уласны аркестр, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр Хайкоў. У цырку ён каля сарака гадоў.

Коні задалі дыяметр

Прадстаўнік дырэкцыі расказаў, чаму галоўныя ў любым цырку свету... коні. Менавіта для зручнасці іх выступлення дыяметр арэны — 13 метраў. Столькі трэба, каб коні ідэальна ўпісаліся ў круг. І, бегаючы галопам, нахіляліся ў цэнтр манежа. Гэта дазваляе артыстам паказваць трукі, стоячы на крыжах хвастатых партнёраў: узнікаючая цэнтрабежная сіла прыціскае ездака... Калі б не аднолькавы дыяметр арэны, цыркачам, якія выступаюць у іншых жанрах, трэба было б адаптаваць свае нумары пад розныя памеры пляцоўкі.

Такім чынам, лічба 13 сімвалічная для цырка. І вельмі тут шануемая.

Падчас экскурсіі па Гомельскім цырку нам пашанцавала патрапіць у канюшню, дзе мы пазнаёміліся з народным артыстам Паўночнай Асеціі Махарбекам Кануковым, кіраўніком конна-акрабатычнага ансамбля «Ірыстон». Трупе больш за 90 гадоў!

— У Гомелі выступаем пасля доўгага перапынку. Былі да гэтага ў Баку. А раней некалькі гадоў гастралявалі па Еўропе. Цяпер аб'язджаем былыя рэспублікі СССР, — расказаў Махарбек.

Ён выступае з 12 гадоў. Артыст пахваліў гомельскі цырк за добрыя ўмовы для выступленняў.

Вельмі рада прыязджаць у Гомель і трупа пад кіраўніцтвам егіпецкага дрэсіроўшчыка львоў Хамады Кута. Як расказаў яго брат Усама Кута, у розных цырках сустракаюць па-рознаму.

— У Беларусі ўсё заўсёды робіцца як трэба. Прымаюць нас выдатна! Жывёлам і персаналу ўтульна. За гэта вялікі дзякуй! — сказаў Усама на добрай рускай мове.

Усяго драпежных кошак у гэтай трупе разам з ільвянятамі 15. Падчас нашага візіту яны пачалі вельмі гучна рыкаць. Спачатку адзін дарослы леў, потым яму адказаў з супрацьлеглага кута другі, нарэшце рык дасягнуў такой моцы, што размаўляць стала немагчыма, ды і знаходзіцца побач — ніякавата. Хоць было ў гэтым каралеўскім рыку нешта грандыёзнае, захапляльнае. Усама растлумачыў, што не наш візіт выклікаў «харавы спеў» афрыканскіх ільвоў. Перыядычна яны так паводзяць сябе і без наведвальнікаў. Ён паказаў льва ў дальняй клетцы, які хаваўся ад нас. Усама растлумачыў, што драпежнікі так паводзяць сабе падчас палявання. Нічога крыўднага — яны проста прынялі журналістаў за здабычу... Як дрэсіроўшчык кіруе гэтымі жывёламі і не баіцца на арэне, у ліку іншага, засоўваць у пашчу драпежніка галаву? Без каментарыяў.

Задавальненне каштуе таго

У цырку ў гэтыя дні аншлаг. Убачыць выступленні артыстаў прыязджаюць не толькі з рэгіёнаў Гомельшчыны, але і з Мінска, іншых абласцей. Напэўна, лепшага месца для станоўчых эмоцый — смеху, захаплення, здзіўлення — не знайсці. Навагодняя праграма мае назву «Дзед Мароз і львы Афрыкі».

Дарэчы, наконт сімвала наступнага года — Сабакі. Каля будынка цырка — помнік аднаму з самых знакамітых клоўнаў часоў Савецкага Саюза — Карандашу з сабакам. Яго ўсталявалі ў 2006 годзе. Аднак усім, хто памацае яго нос напярэдадні Новага года і на працягу ўсяго 2018-га, гарантавана асаблівае шанцаванне!

Напрыканцы цікавая лічба. За 45 гадоў Гомельскі цырк наведала больш за 14,4 мільёна гледачоў! Гэта прыкладна ў паўтара раза больш, чым колькасць грамадзян Беларусі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: І Дзед Мароз з ільвамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».