Вы тут

Як «Звязда» ды Зюзя бабуль віншавалі


Хто спрацаваўся — каб моцна трымаўся! Пэўна, гэта самае трапнае ды патрэбнае пажаданне да свята ад казачнага персанажа для чалавека, які размяняў дзявяты дзясятак. Міфічны Зюзя, як спрадвеку называлі Дзеда Мароза ў некаторых куточках Беларусі, са Снягуркай ды карэспандэнты «Звязды» завіталі напярэдадні Новага года да адзінокіх старых Карэліцкага раёна. На час зімовай сцюжы некаторыя з іх перабіраюцца ў дом сумеснага самастойнага пражывання. Каб сустрэча сталася цікавай ды запамінальнай, мясцовае кіраўніцтва прапанавала нам усім сустрэцца ў краязнаўчым музеі. Ствараць адпаведную атмасферу дапамагалі артысты ансамбля народнай песні «Забава».


Дзед Мароз і артысты падарылі бабулям святочны настрой.

Спачатку казачны персанаж пазнаёміўся з жанчынамі.

Марыя КУЗЬМІЧ праз усё жыццё нясе весялосць і пазітыў.

«Ад душы жывём»

Сёлета ў двухпакаёвай кватэры ў Карэлічах, прыстасаванай для пражывання адзінокіх старых, зімуюць чатыры бабулі. Пакуль жанчыны сядалі да стала — а якое ж свята ды гутарка без гарбаты ды цукерак — жартавалі паміж сабой, што спецыяльна прыбраліся да паездкі, ды дзякавалі Богу, што самі яшчэ могуць зрабіць хоць гэта. Насамрэч бабулі такім чынам манернічалі, бо, нягледзячы на сталы ўзрост, яны самі ходзяць у краму, а на лета амаль усе збіраюцца ізноў рабіць грады.

Гаманлівы Зюзя натхніў бабуль, пажадаўшы: «Дажыць да 100 гадоў і мець здароўя на 100 пудоў! І каб да вашых хат сцежкі не ведаў ні ўрач, ні адвакат!» А народныя песні з маладосці, якія выканалі артысты, выклікалі ў жанчын замілаванне да слёз.

Дом сумеснага пражывання пачаў працаваць летась, і трое з жанчын былі першымі яго жыхаркамі. Сёлета ізноў ратуюцца тут ад маразоў і збіраюцца рабіць так і надалей. А вось Яўгенія ШЭПЕЛЕВА з Карэліч зімуе ўпершыню.

— Не ведала я пра такі дом. Каб ведала, дык і летась прыехала б сюды жыць. Я і летам тут засталася б. Я люблю адна быць. А то, можа, якія і дзядзькі падыходзілі б, — смяецца яна. — Трэба, каб большы дом зрабілі.

— Мы ўсім рады, вы ж ведаеце. Адзінае, што месцаў малавата пакуль. Думаем, як іх больш зрабіць, — адказвае Інеса СЯМІБРАТАВА, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна.

— Я ў дом першая ўваходзіла. На адкрыцці столькі людзей было, так хораша ўсё зрабілі, мы задаволеныя, — кажа Марыя КУЗЬМІЧ з вёскі Зарэчча. — Хата ў мяне неблагая, можна жыць і ўзімку, але мне летась так спадабалася, што і сёлета прыехала. Тут весялей.

— Усё добра, ад душы жывём. Адно, дай Божа, — каб здароўе было. Для работы мы ўжо старыя, сваё адпрацавалі, — дзеліцца ўражаннямі ад сумеснага пражывання Ганна Мацко з вёскі Браносава.

— Дзякуй, што сацыяльныя работнікі ўбачылі, што я адзінокая, пашкадавалі мяне і прытулілі, — далучаецца да размовы Зінаіда ПЯЦЮК з вёскі Валокі. — Тут я жыву як за сцяной. Не шкадую, што пагадзілася. І летась, і сёлета добра — хочацца жыць далей.

"Звязда" завітала да бабуль з падарункамі.

За цікавай гутаркай незаўважна праляцела дзве гадзіны.

А кубачкі-та спатрэбяцца...

Па вясне — на грады

Летась жанчыны пасля зімоўкі раз'ехаліся па сваіх хатах у красавіку. «Сёлета таксама, як снег сыдзе, дык і паедзем грады рабіць», — кажуць тры бабулі з чатырох. Адна толькі Яўгенія Іосіфаўна гаворыць, што каторы год не саджае нічога.

— У краме ўсё купіць можна — ім жа таксама зарабляць трэба. А як што спатрэбіцца, то ў мяне столькі сябровак... Толькі і прапаноўваюць, чаго прынесці. Вось пазаўчора адна прыходзіла, кабачкоў нанесла.

— А я не. Як жа без агарода! — дзівіцца Ганна Мацко. — Я зноў пасаджу. Сюды ж як еду — трэба нешта з сабой узяць.

Ганна Іванаўна прывезла з сабой на зімоўку мех бульбы. Іншыя таксама бяруць гародніну са сваіх агародаў ды закаткі.

— А я гляджу, дзе трактар па вёсцы ходзіць, дык прашу, каб і мне ўзаралі. Не хачу, каб травой зарастала, — гаворыць Марыя Сямёнаўна. — А так і моркаўка свая, і бурачок, і цыбулька.

— У доме ёсць склеп, там усё і захоўваюць. Яны ў нас гаспадарлівыя, — кажа Інеса Сямібратава.

Жаданне бабуль можна зразумець. Калі ўсё жыццё працаваў, адмовіцца ад гэтай звычкі цяжка. Асабліва калі хочаш, як яны кажуць, варушыцца.

Ганна Іванаўна ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе. Да шлюбу жыла на хутары. Пайшла замуж за ўдаўца з трыма дзеткамі, сваіх Бог ёй не даў.

Марыя Сямёнаўна была адным з самых актыўных работнікаў ільнозавода, стала заслужаным ветэранам працы. Хоць асабісты лёс у яе і не склаўся, яна дагэтуль застаецца вясёлай ды гаманкой.

Яўгенія Іосіфаўна ўсё жыццё таксама ў саўгасе адпрацавала. Кароў даіла, цялят даглядала. Яна родам з-пад Наваельні, была старэйшая з васьмі дзяцей у сям'і сваіх бацькоў. Цяпер жыве ў райцэнтры.

— Напэўна, замуж сюды выйшлі? — пытаюся.

— Не, я сабе з Украіны мужа прывезла, бо тут не знайшла, — смяецца яна.

А Зінаіда Канстанцінаўна ўсю сябе прысвяціла школе.

— Нас, настаўнікаў, можа, крышку і гультаямі лічылі, што мы не ўбіваліся на палях. Але ж 40 гадоў свайго жыцця я цалкам аддала Валоцкай пачатковай школе.

Яўгенія ШЭПЕЛЕВА (пасярэдзіне) згодна застацца ў доме і на лета.

Інеса СЯМІБРАТАВА заўжды рада сваім падапечным.

Гаспадар гасціннага музея Віталь СМАЛЯНКА правёў міні-экскурсію.

«Выхавацель» для старых

У доме ў бабуль ёсць памочніца — сацыяльны работнік, якая наведвае іх і цікавіцца, чым дапамагчы. Ходзіць разам з імі ўсюды: у краму, на пошту ды проста прагуляцца. Сацыяльныя работнікі на працягу года наведваюць адзінокіх старых і ў іх дамах. Глядзяць умовы пражывання, расказваюць пра магчымасць перазімаваць у больш прывабных умовах.

— Мая «выхавацелька» Ірына Федарака мяне так добра даглядае, усё мне прыносіць. У мяне дома і вада крышку далёка, але ж яна мне дапамагае. Яна як мая дачушка ці сястрычка, — кажа Марыя Сямёнаўна. — І сюды да мяне звоніць. Я яе пра ўсё магу папрасіць. Не яна — дык муж яе прыйдзе зробіць. Усё, што закамандую, зробяць. Я, можа, дзецьмі так не камандавала, як яны (сацработнікі) працуюць.

— Сацыяльных работнікаў насамрэч дзесьці і можна назваць выхавацелямі. Чалавеку трэба і дровы прынесці, і па гаспадарцы дапамагчы. Але самае галоўнае — гэта зносіны. Яны душу сваю раскрываюць. Той сацыяльны работнік, можа, дзесьці і бліжэйшы ім, чым сваякі, — тлумачыць выказванне Марыі Сямёнаўны Іна САНЧУК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама. — У любое надвор'е яны даязджаюць ва ўсе мястэчкі, а многія старыя жывуць на хутарах. Атрымліваецца ўсяго 122 пункты, дзе жыве 445 адзінокіх грамадзян. А нашы работнікі на ровары ездзяць, ды яшчэ і прадукты на ім вязуць. Некаторыя на ўласных машынах дабіраюцца, калі ёсць.

— Прыязджаюць па два-тры разы на тыдзень, а да кагосьці трэба і пяць, — дадае Інеса Сямібратава. — Вяскоўцы звоняць, і нашы работнікі ездзяць столькі, колькі трэба людзям. У нашай сістэме выпадковых людзей не бывае, бо гэта цяжкая праца. Трэба і рана ўстаць, і позна класціся, каб да ўсіх паспець, і, галоўнае, знаходзіць паразуменне і падыход да кожнага.

Віталь СМАЛЯНКА, галоўны захавальнік фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, правёў невялічкую экскурсію па рэтра-пакоі, дзе мы чаявалі з бабулямі:

— Мы сабралі ў гэтым пакоі ўсе рэчы, якія дыхаюць даўніной. Гэта і звычайныя лыжы, і адзін з першых тэлевізараў у раёне, самавар, патэфон. Усё тое, што цяпер многія лічаць непатрэбным.

Жанчыны адразу прапанавалі сваю дапамогу.

— Недзе ў мяне яшчэ на гары патэфон стаіць. Трэба вам прынесці, — падхапілася Яўгенія Іосіфаўна. — А маленькі тэлевізар дык і працуе яшчэ.

— Дык ён, можа, вам патрэбны самой? — пытаецца Інеса Мікалаеўна.

— Яшчэ чаго! У мяне вялікі ёсць, што вы думаеце! — са смехам «абураецца» яна.

— А ў мяне два старыя тэлевізары, — дадае Зінаіда Канстанцінаўна. — Сіл не хапае выкінуць іх. З задавальненнем аддам у музей.

Тэлевізары стаяць і ў пакоях у доме сумеснага пражывання. Так што недахопу інфармацыі, як і зносін паміж сабою і іншымі, у бабуль няма.

Напрыканцы размовы жанчыны запланавалі напячы дома дранікаў і апрабаваць новы чайнік ды посуд, якія падарыла ім «Звязда».

— А што, на памяць добры ўспамін застанецца. Нам вось таксама да 100 гадоў не так доўга засталося чакаць. А як дажывём, дык яшчэ больш захочацца, — смяюцца яны, разглядаючы надпіс «Звязда. 100 гадоў з вамі» на падораных кубках.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фо­та Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.