Вы тут

Парыжан запрасілі за беларускі «Стол»


Гэтага і трэба было чакаць: пасля заканчэння Венецыянскай біенале праект, што там прадстаўляў Беларусь, паехаў далей па свеце. Імя мастака Рамана Заслонава вядомае ў Еўропе, і калі ён запрашае за «Стол» усіх ахвотных, то чаму б не скарыстацца і не адчуць цуд беларускай гасціннасці? Ініцыятыву творцы падтрымала Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі.


І ў гэтыя перадкалядныя дні за «Стол» беларусы запрасілі парыжан. У галерэі Francis Barlier на авеню Маціньён можна пазнаёміцца з відэапраектам, які насамрэч быў створаны супольна: акрамя Рамана Заслонава над стварэннем відэа працавалі прадзюсар Віктар Лабковіч і рэжысёр Сяргей Талыбаў.

Відэа на 32 хвіліны дапаўняе скульптурная інсталяцыя. Перад гледачом мільгаюць больш за два дзясяткі міні-сцэн на фоне галоўнага і нязменнага аб’екта — роўнай паверхні стала. Глядач становіцца яшчэ і ўдзельнікам драматычных, камічных і філасофскіх сюжэтаў, якія разгортваюцца па той бок «Стала». Праект засноўваецца на рэальнасці паўсядзённага жыцця, і кожны глядач можа вызначаць у ім уласную інтэлектуальную і эмацыянальную тэрыторыю. «Тут не трэба ніякіх эзатэрычных аргументаў, няма самарэфлексіі і погляду ў змрочныя глыбіні падсвядомасці. Мы бачым простую заяву пра самую складаную рэч на зямлі ці па-за ёй: пра людзей», — так апісвае сваё ўражанне ад праекта «Стол» вядомы амерыканскі мастак і крытык Берд Корнэл.

Праект прыцягнуў да сябе высокую цікавасць з боку сусветнай мастацкай грамадскасці, карыстаўся папулярнасцю ў наведвальнікаў біенале і атрымаў розгалас у вядучых сусветных медыя ў сферы мастацтва. Такім чынам, сучасныя мастакі, радзіма якіх — Беларусь, працягваюць традыцыі, закладзеныя папярэднікамі. На адкрыцці праекта ў Парыжы пасол Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка нагадаў: калісьці выхадцы з Беларусі прычыніліся да стварэння падмурка адной з самых вядомых школ сучаснага мастацтва ў свеце — парыжскай. Нездарма інтэрактыў сучаснага мастацтва Беларусі ў першую чаргу быў скіраваны на гэты дыялог: паміж краінамі і паміж эпохамі. Вядома, што «Стол» чакаюць аматары сучаснага мастацтва ў Беларусі: куратары абяцалі прадставіць праект у Мінску. Абяцанне ўжо на 2018-ы год.

Валерыя АСІПЕНКА

Загаловак у газеце: Частуйцеся, госці дарагія!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.