Вы тут

Тры ўзнагароды Вялікай Айчыннай знайшлі сваіх герояў у Бабруйску


Свайго бацьку Ніна Тоўсцік не памятае. Калі ён пайшоў на фронт, ёй было ўсяго некалькі месяцаў. Юрыю Худзякову ж пашчасціла пачуць пра Вялікую Айчынную з першых вуснаў. Ён і сёння ўспамінае, як гуляў з бацькавымі ўзнагародамі. З усімі, акрамя адной: франтавік пайшоў з жыцця, так і не даведаўшыся, што на яго парадным кіцелі не хапае медаля «За адвагу»...


Ка­лі б не су­час­ныя тэх­на­ло­гіі, на­шчад­кі чыр­во­на­ар­мей­ца  Паў­ла ПЕ­ТУ­ХО­ВА на­ўрад ці да­ве­да­лі­ся б пра яго подз­віг.

Яшчэ адзін напамін

Найбольш ганаровай салдацкай узнагароды, якую ўручалі выключна за асабістую мужнасць, быў удастоены і чырвонаармеец Павел Петухоў. Летам 1943 года падчас аперацыі на Арлоўска-Курскім напрамку бацька Ніны Тоўсцік быў пешым сувязным: перадаваў загады камандавання, трымаў сувязь паміж падраздзяленнямі. Калі немцы пайшлі ў наступленне, узяў ручны кулямёт і стаў адстрэльвацца. Менавіта за гэты бой радавы 356-га стралковага палка 5-й стралковай дывізіі і атрымаў медаль «За адвагу». Пасмяротна...

— Пра тое, што дзядуля быў удастоены такой высокай салдацкай узнагароды, наша сям'я даведалася не так даўно, і ўсё дзякуючы інтэрнэту, — расказвае ўнучка героя Святлана. — Адпаведныя дакументы знайшлі ў абагульненым электронным банку даных «Мемарыял».

Не прайшло і некалькі месяцаў, як у ваенным камісарыяце Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў нашчадкі чырвонаармейца атрымалі пасведчанне аб узнагароджванні. Сам медаль уручаецца выключна яго кавалеру — такія правілы сённяшняга часу.

Дачка Паўла Петухова не хавае слёз — у іх сям'і з'явіўся яшчэ адзін напамін пра бацьку. Разам з пахавальнай і адзіным фотаздымкам ён зойме годнае месца. А вось куды дзеўся апошні бацькаў ліст, родныя ўдзельніка вайны нават уявіць не могуць.

— Мне было 12—13 гадоў, як я яго чытала, — успамінае Ніна Тоўсцік. — Бацька пісаў незадоўга да гібелі. Я добра запомніла, што пісаліся гэтыя радкі ў лесе, на пні, акурат за дзень да таго самага, апошняга бою. Казаў, што калі застанецца жывы, то чакайце пісьма. Калі не дачакаемся, то значыць яго няма ў жывых. Неўзабаве прыйшла сумная вестка...

Вядома, што спачывае чырвонаармеец у агульнай магіле ў сяле Вяжа Арлоўскай вобласці, куды ў 1946 годзе быў перапахаваны. Цяпер там прыгожы мемарыяльны комплекс, дзе ўвекавечана імя кожнага, хто знайшоў апошні прытулак непадалёк ад гэтага месца.

Узнагароду знайшоў праўнук

За бацькавым медалём Юрый Худзякоў прыехаў разам са сваёй вялікай сям'ёй.

За баць­ка­вым ме­да­лём Юрый ХУ­ДЗЯ­КОЎ (у цэнт­ры)  пры­ехаў ра­зам са сва­ёй вя­лі­кай сям'­ёй.

— Узнагарода знайшла свайго героя больш як праз 70 гадоў пасля здзяйснення ім подзвігу, — удакладняе сын франтавіка. — Тое, што ён своечасова не атрымаў медаль «За адвагу», хутчэй за ўсё звязана з тым, што ў адным з баёў бацька быў цяжка паранены і восем месяцаў праляжаў у шпіталі.

Капітан запасу Панцеляймон Худзякоў так і дажываў свой век, не ведаючы, што, акрамя ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, медаля «За перамогу над Германіяй», мае і найбольш ганаровую франтавую ўзнагароду. Відаць, так і засталося б гэта таямніцай, калі б не цікаўнасць праўнука ветэрана.

Арцём Жаўлакоў, які даўно захоплены ваеннай гісторыяй сваёй сям'і, адшукаў няўручаны медаль таксама на адным з сайтаў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі «Подзвіг народа». Вось скупыя радкі інтэрнэту, якія апісваюць подзвіг прадзеда: «Раніцай 12 сакавіка 1945 года быў атрыманы загад адправіць адзін узвод на левы фланг на адлегласці да аднаго кіламетра з задачай асядлаць дарогу, якая вядзе ў тыл немцаў. Пры выкананні задач капітан Худзякоў быў цяжка паранены...»

Гэта было не першае раненне Панцеляймона Худзякова. Прызваны на фронт у жніўні 1941 года, ён змагаўся з ворагам да самай Перамогі. Пасля вайны быў накіраваны ў Бабруйск памочнікам каменданта горада, а калі дэмабілізаваўся, да апошніх дзён патомны земляроб займаўся сельскай гаспадаркай.

Герой мірнага часу

У той дзень у ваенкамаце Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў уручылі ўзнагароду і асабіста герою. Праўда, свой подзвіг былы афіцэр Анатоль Курнавенкаў здзейсніў ужо ў мірны час.

У далёкім 1963-м ён яшчэ быў выхаванцам Калінінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. У той выхадны сонечны красавіцкі дзень недалёка ад набярэжнай Волгі ён гуляў са сваімі таварышамі ў футбол, як раптам пачуў крыкі аб дапамозе. Убачыўшы сярод крыг хлопчыка, які тоне, юны Толя, нават не задумаўшыся, скокнуў у ледзяную ваду. Моцная плынь несла пяцігадовага Жэню Міхайлава далей ад берага, але суворавец не здаваўся і ўсё-такі выцягнуў дзіця з вады. Праўда, хлопчык быў ужо без прытомнасці. Аказаўшы першую дапамогу, Анатоль не разгубіўся і даставіў дзіця ў санчасць вучылішча. Там жыццю Жэні больш нічога не пагражала. За праяўленую мужнасць сувораўцу аб'явілі падзяку і ўзнагародзілі памятным падарункам — наручным гадзіннікам у пазалочаным корпусе.

— Не баяліся, што і вас зацягне моцнай плынню? — цікаўлюся ў выратавальніка.

— Тады я пра гэта не думаў, — прызнаецца мой суразмоўца. Адзінае, аб чым ён шкадуе, што не абмяняўся з тым хлопчыкам кантактамі: хацеў бы даведацца, як склаўся яго лёс.

Гэта не адзіны выпадак, калі Анатолю Курнавенкаву даводзілася ратаваць чалавеку жыццё. Маёр у адстаўцы ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Якой колькасці людзей ён падарыў шанц на жыццё, ужо і не ўспомніць. Праз шмат гадоў пасля атамнай катастрофы былому вайскоўцу ўручылі медаль «За выратаванне тых, што гінулі».

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

г. Бабруйск

Загаловак у газеце: Подзвігі без тэрміну даўнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?