Вы тут

Біятланіст Сяргей Новікаў пра завяршэнне кар'еры і дзіцячы спорт


18 лютага 2010 года назаўжды застанецца ў гісторыі айчыннага біятлона: у індывідуальнай гонцы на Алімпіядзе ў Ванкуверы Сяргей Новікаў сенсацыйна выйграў «серабро», падзяліўшы другое месца не з кім-небудзь, а з самім каралём біятлона — Оле-Эйнарам Бьёрндаленам. Пасля яго поспехаў на Гульнях у нашай мужчынскай зборнай яшчэ не было. Сам Сяргей «адбегаў» яшчэ адзін алімпійскі цыкл, выступіў у Сочы-2014 і развітаўся з біятлонам, але не са спортам. Сёння Новікаў узначальвае спартыўны клуб Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Спартак», у яго падначаленні — 14 спартыўных школ — чатыры ў Бабруйску і дзесяць у Магілёве.


— Набіраем, трэніруем і перадаём дзяцей у вышэйшае звяно па 20 відах спорту. На жаль, у прафсаюзных школах у Магілёве цяпер няма біятлона, ёсць толькі лыжныя гонкі.

— Думалі, што пасля таго, як пакінеце вялікі спорт, будзеце працаваць з дзецьмі?

— Не, але заўсёды хацеў застацца ў спорце і займацца карыснай справай. Лічу, што зараз у мяне гэта атрымліваецца. Будучы дзеючым спартсменам, не задумваешся аб дзіцячым спорце, пра тое колькі высілкаў прыкладаецца рознымі спецыялістамі для таго, каб вырасціць паўнавартаснага атлета. Гэта не толькі праца трэнера, але і бухгалтэрыя, усе арганізацыйныя пытанні, звязаныя з трэніровачным працэсам.

Калі параўноўваць цяперашні момант з тым часам, калі спортам пачынаў займацца я, вядома, шмат што змянілася. Цяпер набіраць дзяцей нашмат складаней, многія з фізічнымі адхіленнямі, іх не прапускае дыспансер. Ды і адарваць дзіця ад камп'ютара або планшэта не лёгка. У мой час усе ведалі, што на ўсе Чавусы, дзе я нарадзіўся, ёсць адно аддзяленне біятлона, і ўсе стараліся трапіць туды.

Цяпер, наогул, па асобных відах спорту цяжка набраць дзяцей, напрыклад, акадэмічнае веславанне: зразумела, што база знаходзіцца не ў цэнтры горада. Або лыжныя гонкі — спартыўная школа таксама на ўскраіне, не ўсе бацькі захочуць вазіць туды, а дзіця само ездзіць праз увесь горад. А самыя папулярныя сёння, па маіх назіраннях, — усе віды адзінаборстваў, бокс і футбол, вядома.

— Многія цяпер кажуць аб праблемах з дзіцячымі трэнерамі...

— Яна ёсць. У нас шмат узроставых спецыялістаў, а маладых складана прыцягнуць і ўтрымаць у школах, ды каб яны яшчэ і добрасумленна працавалі. Зразумела, што маладым хочацца ўсяго і адразу. Аднак у каго да гэтай справы прызванне, гараць вочы, той застаецца, так было заўсёды.

— Прайшло практычна чатыры гады з таго часу, калі вы скончылі выступаць. Хутка прывыклі да новага жыцця?

— Зразумела, што прабегаўшы палову жыцця, ты ўжо як робат — падымаешся на зарадку, сняданак, ведаеш, што потым у цябе будзе трэніроўка, абед, адпачынак, другая трэніроўка. Гэта фарміруе пэўныя звычкі. Цяпер ужо выйшаў на звычайны жыццёвы рытм, вядома, былі складанасці з адаптацыяй. Але ведаеце, усяму свой час, галоўнае — галавой да гэтага дайсці і зразумець, што час актыўнага спорту прайшоў.

— Вы калі гэта зразумелі?

— Пасля Алімпійскіх гульняў у Сочы, бачыў, што вынікі ўпалі, яны не задавальнялі ні мяне, ні іншых. Таму разумеў, што прыйшоў час перабудоўвацца, шукаць работу і ісці далей. Страхаў, што не знайду сябе ў жыцці, не было. Перад Алімпіядай, калі ведаеш, што заўтра на старт — вось гэта страшна, і перажыванне, і мандраж. А тут... чалавек да ўсяго прывыкае. Рукі, ногі ёсць — працы не баюся.

Сёння гляджу біятлонныя трансляцыі і думаю, на шчасце, ужо не трэба так цяжка трэніравацца. Цяпер іншыя складанасці ў жыцці.

— Але ўсё ж успамінаеце сваю кар'еру?

— Бывае момантамі, але каб настальгіраваць — не. Гледзячы тыя ж Кубкі свету, успамінаў, як у Хохфільцэне мы чацвёртае месца ў эстафеце занялі, хоць ішлі там першымі-другімі. Калі бачу нейкія фатаграфіі з Алімпіяды, то ўспамінаю і яе. Больш думаю пра тыя моманты, якія за гады кар'еры можна было змяніць, выправіць, і, магчыма, ўсё жыццё склалася б па-іншаму. Але гэта ўсё мімалётныя ўспаміны, як было, так было, час прайшоў.

— Стоячы на п'едэстале побач з Бьёрндаленам, аб чым з ім размаўлялі?

— Перакінуліся толькі парай фраз, павіншавалі адзін аднаго.

— Можаце прыгадаць самую складаную гонку ў сваёй кар'еры?

— Іх было шмат, адну вылучыць не змагу. Бывала, фізічна ты вельмі добра гатовы, выкладваешся на максімум, але ў канцы ўсё роўна вельмі цяжка, хоць і паказваеш добры вынік. А бывае, арганізм не можа выдаць нічога добрага, хоць лыжы едуць выдатна і ўсё складваецца нядрэнна.

— Для вас быў прыклад у біятлоне?

— Каб канкрэтна на кагосьці фанатычна глядзеў — не. Але я доўгі час быў у камандзе з такімі грандамі беларускага біятлона як Вадзім Сашурын, Аляксей Айдараў, Уладзімір Драчоў. З Алегам Рыжанковым жыў у адным пакоі падчас збораў і спаборніцтваў. У кожнага з іх браў нешта карыснае для сябе.

— Цяпер з імі маеце зносіны?

— Практычна з усімі стэлефаноўваемся. Ды і з хлопцамі, якія ў зборнай сёння, маю зносіны — Раман Ялётнаў, Уладзімір Чапелін. З кімсьці і з жаночай каманды, і сэрвіс-брыгадай, якія рыхтавалі для нас лыжы, падтрымліваем кантакт.

— З чым звязваеце адсутнасць добрых вынікаў у мужчынскай камандзе?

— Складанае пытанне. Тут і змена пакаленняў, і невысокая канкурэнцыя ўнутры каманды, і частая змена трэнераў. Настаўнікі мяняюцца кожны год, за чатыры гады — чатыры трэнеры.

— У лютым нашы біятланісты адправяцца на Алімпіяду ў Пхёнчхан, вы ўжо выступалі на гэтай трасе на чэмпіянаце свету 2008 года.

— Тады гэта быў першы біятлонны турнір, які правялі ў Карэі. Ён не выклікаў цікавасці гледачоў, людзей, акрамя расіян, практычна не было. Ды і сам стадыён, і арганізатары былі не гатовыя. Еўрапейскія стадыёны да таго часу ўжо мелі добрыя ўмовы для спартсменаў, а ў Пхёнчхане былі толькі вагончыкі для падрыхтоўкі лыжаў і пераапранання спартсменаў. Траса таксама была не вельмі прадумана, не аб'езджана, калі было добрае слізгаценне, са спускаў спартсмены выляталі за межы дыстанцыі. Але, думаю, зараз будзе ўжо ўсё па-іншаму.

Надвор'е хутчэй за ўсё будзе пераменлівае, са снегам праблемы наўрад ці паўстануць, ноччу там мароз, уключаюцца пушкі, штучны снег кладзецца і потым закатваецца салетрай, а вось днём можа быць цяпло. Унізе, пад стадыёнам, дзе размясціўся вялікі гасцінічны комплекс, у лютым можна было хадзіць у майцы.

Тады на чэмпіянаце свету і харчаванне было досыць спецыфічнае. Гэта ж Карэя: усё салодкае, кісла-саладкое — мяса, салаты. Але тут Алімпіяда, гэта зусім іншы ўзровень, павінна быць прадстаўлена, як мінімум тры кухні.

— Біятлон змяніўся за чатыры гады?

— Не, наогул практычна ніякіх змен, невялікія нюансы. Больш за ўсё зараз здзіўляюць выступленні Мартэна Фуркада, які ўсталяваў такую гегемонію ў біятлоне, як у свой час Б'ёрнадален. Сёння ён безумоўны лідар.

— Як вы адрэагавалі на адхіленне Расіі ад Алімпійскіх гульняў?

— Выступаць пад нейтральным сцягам — гэта, вядома, іншае, і гэта можа паўплываць на вынік расійскіх спартсменаў. Дзесьці чытаеш і разумееш, што гэты скандал носіць палітычнае адценне. Але ўвогуле мне складана пра гэта казаць, таму што трэба ведаць усе моманты, нюансы, проста чытаючы прэсу, нічога толкам не зразумееш.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Жыццё ідзе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».