«...Для ажыццяўлення задуманага бортінжынер Далгор Банькоўскі выкарыстаў карбаранавую кіслату. Доза была разлічана такім чынам, каб сістэма ахаладжэння рэактара зламалася праз адну гадзіну сорак тры хвіліны. Гэта дазваляла бортінжынеру стварыць сабе алібі...»
Дзверы ў каюту, якую дзяліў з калекцыянерам-германістам Рудэлам Парыбокам інспектар Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва, адчыніліся, і на парозе паўстаў бледны як мел спадарожнік.
— Вам варта было б прыслухацца да рэкамендацый лекара, спадар Парыбок. А ён, калі мне не здраджвае памяць, загадаў выконваць пасцельны рэжым.
— Глупства, — адмахнуўся калекцыянер, беражліва раскладваючы на ложку бутэлькі. — Чым больш я буду рухацца, тым хутчэй прыйду ў норму.
— Налягаючы на эль? — выказаў здзіўленне інспектар.
— Ды кіньце вы, спадар Сарва! Што мне, нашчадку слаўных вікінгаў, станецца ад літра-другога піва? — Парыбок адкаркаваў бутэльку і зрабіў некалькі глыткоў. — Толькі горла прамачыць. Можаце быць упэўнены — рагаты шлем я не надзену і разбураць усё вакол не стану.
Сарва толькі прыгнечана паківаў галавою, не разумеючы таго, як можна настолькі безадказна ставіцца да свайго здароўя. І гэта — пасля аварыі. Аднак дастуквацца да розуму спадарожніка не стаў, а вярнуўся да справаздачы пра расследаванне, праведзенае на падвойным траянскім астэроідзе Юпітэра. Патрокл паднёс нямала сюрпрызаў.
«...Матывам злачынства стала жаданне прысвоіць сабе лаўры першаадкрывальніка экзапланеты зямнога тыпу...» Скончыць сказ інспектару не ўдалося — нагадаў пра сябе камунікатар. Рассыланне арыенціровак, калі меркаваць па піктаграме.
«Здзейсненыя дзёрзкія ўцёкі з турэмнага транспарту «Грыфон»... Арбіталіс Януць, прыгавораны да трох пажыццёвых зняволенняў за серыю забойстваў з асаблівай жорсткасцю ў Канадзе, ЗША і Бразіліі... Асабліва небяспечны».
Прысутнасць шматлікіх лакун у тэксце магла быць растлумачана каранальным выкідам масы, які адбыўся некалькі гадзін таму. Замест фатаграфіі злачынцы — россып пікселяў.
— Нешта сур'ёзнае, спадар Сарва? — Парыбок адарваўся ад бутэлькі.
— Звычайнае паліцэйскае апавяшчэнне, — інспектар дакрануўся да тачскрына насупраць квадраціка «Пацвярджэнне атрымання», а затым запатрабаваў паўторнага адпраўлення. — Вам невымоўна пашанцавала.
— Гэта так, — кіўнуў Парыбок. — Абышоўся толькі парэзам на руцэ, а мог плаваць у адкрытым космасе да сутыкнення з такім жа бедалагам, як мой «Пегас»... Як успомню, што рабілася пасля сустрэчы з касмічным смеццем, дык адразу дрэнна становіцца. Добра, аварыйна-выратавальны модуль не падвёў.
— Іншы на вашым месцы кінуў бы ўсё, — рухам сціла Сарва закрыў файл на планшэтным персанальным камп'ютары. З завяршэннем справаздачы давядзецца пачакаць. Спадарожнік не ў тым стане, каб пакінуць інспектара сам-насам з дакументам.
— Прывык я да галаграфічнага праектара. Усю калекцыю з сабой не возьмеш, а часам у падарожжах хочацца дакрануцца да артэфактаў. Ведалі б вы, спадар Сарва, колькі ў мяне іх. Паўдома застаўлена... Вы дарма адмаўляецеся ад элю. Дзівосная рэч. З мядовым напоем вікінгаў, вядома, не параўнаецца, але ўсё ж... Пакаштуйце!
— У мяне праз чатыры дні адпачынак. Вось тады і пап'ю. Я, праўда, больш портару аддаю перавагу, але dе gustіbus nоn еst dіsрutаndum. Густы ва ўсіх розныя.
— Дакладна. Вы, як я бачу, таксама неабыякавы да старажытных германцаў? — Намёк на рэпрынтнае выданне «Dе оrіgіnе еt sіtu Gеrmаnоrum» Публія Карнэлія Тацыта і адкрытую на ноўтбуку «Тэўтонскую міфалогію» Якаба Людвіга Карла Грыма.
— Ды вось вырашыў папоўніць прабел у ведах.
— Вы не расчаруецеся, спадар Сарва. Адзін толькі Одзін чаго варты!.. Зараз я вам пакажу, — Парыбок паставіў бутэльку на стол і палез па галаграфічны праектар. З-за хмеля рухі калекцыянера былі нязграбнымі. — Вельмі ўжо каларытны персанаж!
Пасярод каюты паўстала аб'ёмная выява — адзіным вокам на Сарву глядзеў доўгабароды стары ў сінім плашчы і лямцавай шапцы, у суправаджэнні двух крумкачоў.
— Вярхоўны бог старажытных германцаў, конунг-шаман, знаўца рун, гаспадар Вальхалы, бог вайны і яшчэ шмат хто... — Парыбок пачаў дэманстраваць новыя выявы — ад сярэднявечных і да сучасных. Нейкай сістэмы ў падборы малюнкаў інспектар не адзначыў. — Старажытныя германцы шанавалі Одзіна больш за іншых багоў, а ўсё таму, што ён як ніхто іншы служыў увасабленнем духу народа... Mеrdе! Які ж я няспрытны...
Сарва падаў ручнік калекцыянеру, які азіраўся, шукаючы анучу, — па стале, пагражаючы дабрацца да галаграфічнага праектара, расцякаўся эль з перакуленай бутэлькі. Прамакнуўшы лужыну, Парыбок шпурнуў пакамечаны ручнік у смеццевую скрыню. Туды ж адправілася і пустая бутэлька. Нядоўга думаючы, спадарожнік адкаркаваў новую.
— На чым мы спыніліся?.. Успомніў. У свой час я не пашкадаваў адзінаццаці тысяч на тое, каб купіць касцяную статуэтку Одзіна. Яна стала ўпрыгожваннем маёй калекцыі!.. Вам лепш не ведаць, спадар Сарва, колькі было выдаткавана грошай і намаганняў для таго, каб усё гэта сабраць...
Зкожным новым глытком Парыбок станавіўся ўсё больш гаварлівы, а інспектару патрабавалася завяршыць справаздачу — кіраўнік Дэпартамента камісар Айнбунд чакаць не любіў. Але не будзеш жа затыкаць рот суразмоўніку. Тым больш, пасля аварыі яму трэба было выгаварыцца.
— ...Мне музеі прапануюць велізарныя грошы за калекцыю, але я не згаджаюся. Дарма, ці што, збіраў столькі гадоў?
Калекцыянер замоўк, каб зрабіць новы глыток, чым і скарыстаўся Сарва.
— З вашага дазволу, спадар Парыбок, як вам удалося выратавацца?
— Збіраецеся дапытаць мяне? — Калекцыянер жартаўліва пагразіў інспектару пальцам.
— Проста цікава, — не пакрывіў душой Сарва. Зноў жа — наўрад ці аповед зойме шмат часу. Балбатаць без прыпынку германіст мог выключна пра свае інтарэсы.
— Я арандаваў «Пегас» у «Міжпланетных вандровак» — іржавы металалом за вар'яцкія грошы, хоць і максімальна рабатызаваны. Стартаваў з Месяца і вырашыў дабрацца да Нептуна.
— Чаму менавіта да Нептуна?
— Лічыце гэта жаданнем выпрабаваць самога сябе, спадар Сарва. Хацеў адчуць, што азначала для маіх продкаў, калі яны падымаліся на палубу дракара і плылі ў пошуках прыгод.
— А чаго з сабой нікога не ўзялі? У кампаніі ўсё ж весялей і больш бяспечна.
— Захацелася трохі развеяцца, а ўсе сябры, як на злосць, аказаліся занятыя... — эль Парыбок піў быццам пасля доўгага ўстрымання. — Шчасна дабраўся да Нептуна, а на зваротным шляху сустрэў злашчаснае смецце... Не ведаю, што гэта было, але дасталося «Пегасу» няслаба. Ледзь паспеў дабрацца да модуля...
Услед пачуўся цяжкі ўздых. Парыбок здолеў працягнуць толькі праз некалькі хвілін.
— Куды ляцець, незразумела. Яшчэ і перадатчык выйшаў са строю... Пашанцавала, што «Ніка» пралятала міма. Прыйшлося ўзарваць паліва, якое яшчэ заставалася, каб мяне заўважылі... Тыдзень адзіночнага зняволення. Напэўна, менавіта галаграфічны праектар і не дазволіў мне звар'яцець...
— Вы — мужны чалавек, спадар Парыбок. Дазвольце паціснуць вашу руку! — Калекцыянер пераклаў бутэльку, каб адказаць. — Вам усё ж такі варта было б... Прашу мне прабачыць. Работа!
Інспектар выцягнуў камунікатар і дакрануўся да піктаграмы паведамлення. Паўтор. «Здзейсненыя дзёрзкія ўцёкі з турэмнага транспарту «Грыфон». Пункт прызначэння — ТСР №3, плутоід Хаумеа. Адшукваецца Арбіталіс Януць. Прыгавораны да трох пажыццёвых зняволенняў за серыю забойстваў з асаблівай жорсткасцю ў Канадзе, ЗША і Бразіліі. Асабліва небяспечны. Пры ўцёках забітыя два канваіры. Пры затрыманні можа аказаць супраціўленне».
І фатаграфія...
Парыбок меў па-сапраўднаму звярыны нюх — у імгненне вока ў яго руцэ аказаўся нож з высокавугляродзістай нізкалегіраванай нержавеючай сталі. І ён без ваганняў пусціў яго ў ход. Сарва шпурнуў у калекцыянера ноўтбук і, адштурхнуўшыся абедзвюма нагамі, паваліўся на падлогу, дзе выканаў падсечку. Парыбок перакуліўся на спіну і выпусціў нож, а астатняе ўжо было справай тэхнікі.
— Вы маеце права захоўваць маўчанне, — на ссунутых за спіну руках спадарожніка захліснулася пятля аднаразовай пластыкавай сцяжкі. — Усё сказанае вамі можа быць выкарыстана супраць вас...
Парыбок паспрабаваў аказаць супраціў, што дало інспектару права прымяніць да псеўдагерманіста сілу. Удар па нырках прымусіў Януця завыць.
— А, балюча!
— ...Разумееце свае правы? — Магутным рыўком Сарва паставіў уцекача, які несумненна ведаў «Правіла Эрнэста Міранды» не па чутках, на ногі і чаравіком адкінуў нож далей.
— Пусці!
— Вы разумееце свае правы? — Не зважаючы на вокрык, інспектар страсянуў Януця. Ды так, што ў таго ляснулі зубы.
— Так, так, разумею! — паспяшаўся запэўніць псеўдагерманіст.
— Вось і выдатна, — Сарва пасадзіў уцекача ў крэсла, пасля чаго звязаўся з капітанскім мосцікам і запытаў аб дапамозе. — Калі ўжо вы, спадар Януць, наважыліся выдаць сябе за калекцыянера, то паклапаціліся б пра тое, каб цалкам авалодаць прадметам. Ну які яшчэ Одзін у кантынентальных германцаў?.. Водан. Ад прагерманскага Wodаnаz. Або Wodіnаz. Одзін — гэта ў скандынаваў.
— Я абмовіўся.
— Зразумела, як жа інакш?.. Другое, на чым вы пракалоліся, спадар Януць, — гэта шлем. Былі б вы сапраўдным спецыялістам, вам ніколі б не прыйшло ў галаву сцвярджаць нешта падобнае. Вікінгі не насілі на ім рагоў. Цяжка і непрактычна. Іншая справа — гладкі шлем канічнай формы. Асацыяцыя рагатых шлемаў з вікінгамі адносіцца да другой паловы ХІХ стагоддзя, калі ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў пачынаецца адраджэнне міфалагічнай спадчыны. Пры перавыданні «Сагі пра Фрыцьёфа» шведскі мастак-ілюстратар Густаў Малмстром намаляваў вікінгаў у рагатых шлемах. Пазней на аснове карцін Малмстрома Карл Эміль Доплер стварыў пазалочаныя шлемы з рагамі для пастаноўкі оперы Рыхарда Вагнера «Пярсцёнак Нібелунгаў»... Працягваць?
— Будзьце ласкавыя, спадар Сарва, — скрыгатнуў зубамі ўцякач.
— Ваша родная мова — французская. Ці не так, спадар Януць?
— Я пазбавіўся ад акцэнту яшчэ ў школе, — цверазіўся спадарожнік з такой жа хуткасцю, з якой у яго глотцы знікаў эль.
— Справа не ў акцэнце. Боль і спалох прымушаюць людзей лаяцца на роднай мове. Усё з-за таго, што ў чалавека з ёй моцная эмацыянальная сувязь... Ну і, нарэшце, ваша рука, — інспектар расшпіліў рукаў Януця, каб зняць бінтавую цыркулярную павязку. Пад ёй чарнела ідэнтыфікацыйная татуіроўка. — Такія робяць усім, хто адпраўляецца ў турму строгага рэжыму на Хаумеа. Вы нават не паморшчыліся, калі я сціснуў вашу далонь. А па «легендзе» рука пацярпела пры аварыі. Dеr Tеufеl stесkt іm dеtаіl. Перакласці?
— Ды якая розніца, што гэта значыць! — ускіпеў Януць.
— Германісту пераклад не спатрэбіўся б... Забітыя канваіры — вашыя супольнікі?
— Вы — не святар, каб я перад вамі спавядаўся. Ды й навошта?.. Мяне ж у любым выпадку чакае турма да самай смерці. А цешыць ваша самалюбства я не збіраюся.
— Ut tіbі рlасеt, — у каюце з'явіліся матросы. — Спадарства, пасадзіце гэтага чалавека пад варту.
Сяргей Белаяр скончыў гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, але калі вырашыў паспрабаваць свае сілы ў літаратурнай творчасці, то думкамі накіраваўся не ў сівую мінуўшчыну, а ў далёкі космас. І трэба прызнаць, што тут ён знайшоў сябе як творцу, пра што сведчаць яго перамогі ў розных літаратурных конкурсах. Ну, а ці дадасца да гэтых перамог яшчэ адна, дзякуючы яго ўдзелу ў сёлетнім звяздоўскім конкурсе на найлепшае апавяданне, даведаемся ўжо праз некалькі месяцаў.
Алесь БАДАК
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.