Вы тут

Тры гісторыі студэнтаў, якія наведалі ЗША па Work and Travel


Паглядзець краіну, гэты «свет у свеце», імкнуцца многія, хоць амерыканскі рытм жыцця і патрабуе шмат энергіі і амбіцый. Самая папулярная праграма, якая дазваляе студэнтам папрацаваць і адпачыць там, — Work and Travel. Яна прадугледжвае тэрмін працы да чатырох месяцаў, пасля чаго ўдзельніку даецца да 30 дзён на падарожжа па краіне. Беларускія студэнты актыўна выкарыстоўваюць гэтую магчымасць. Мы пагутарылі з трыма студэнтамі і спыталі, чым здзівіла іх Амерыка і ці знайшлі яны там пацвярджэнне распаўсюджаным у нас стэрэатыпам.


* * *

Але­ся Ні­кі­фа­ра­ва ў Ма­я­мі.

Алеся Нікіфарава была ў ЗША два гады таму. Да гэтага дзяўчына «жыла на кефіры», падпрацоўвала ў Беларусі дзе толькі можна, каб сабраць грошай на сваю мару (паездка тады каштавала 1,4 тысячы долараў без уліку білетаў і візы).

Праграмны маршрут студэнтаў звычайна праходзіць праз Чыкага або Нью-Ёрк. Спачатку Алеся паляцела ў Чыкага.

— Горад мне здаўся «дзіка дзікім»! — згадвае Алеся. — Яго музыка — гэта выццё сірэн паліцэйскіх і медыцынскіх машын. Калі я шпацыравала па спальных раёнах, у адным з кварталаў да мяне падышоў мужчына і спытаў: «Ты разумееш, што я магу цябе забіць?» З таго часу я гуляла толькі ў цэнтры.

Нягледзячы на такую неспадзяванку, Чыкага не абдзяліў дзяўчыну і станоўчымі эмоцыямі.

— Вядома, трапляліся і добразычлівыя амерыканцы. Я ішла ў белвестаўскім абутку, насустрач мне амерыканец: «Хай, класныя туфлі!». Пасля гэтага мы з ім вельмі адкрыта і весела разгаварыліся, хаця ён і не ведаў, што такое «Белвест»! — смяецца гераіня.

Адно з самых «ваў!»-уражанняў Алесі ад Чыкага — яго незвычайная архітэктура. Горад злеплены з рандомных кавалкаў, быццам недарэчнае дзіця збірала лега. Напрыклад, на цагляныя дамы «чапляюць» шкляныя ці бетонныя надбудовы.

Таксама дзяўчыну ўразілі хвалёныя амерыканская свабода і талерантнасць. Так, у адным з двароў яна ўбачыла пудзіла з тварам Барака Абамы з кучай дроцікаў — гэткая лялька вуду, а побач ляжалі нядбайна раскіданыя шыны...

— У той жа тыдзень я трапіла на «Парад гонару ЛГБТ. Ахапіў дысананс, як і з будынкамі: хтосьці закідваў удзельнікаў яйкамі, хтосьці бурна апладзіраваў. Цікава, што ў самім парадзе ўдзельнічалі і бабулі, і дзеці. Яшчэ я патрапіла на мексіканскую тусоўку з аднаго боку плошчы, а ў той жа час на яе другім баку танцавалі танга. Краіна кантрастаў! — з захапленнем згадвае першыя ўражанні Алеся.

Пасля дзяўчына паехала працаваць у гарадок Дэтройт Лэйкс (штат Мінесота). Занятак ёй знайшлі ў прыгарадных дамах, куды амерыканцы прыязджаюць бавіць вольны час на прыродзе.

— Мы ўдваіх з такім жа студэнтам, як і я, абслугоўвалі шэсць катэджаў. Пыласосілі, раскладвалі ручнікі, запраўлялі ложкі. Працавалі па сорак гадзін у тыдзень. За гадзіну атрымлівала восем «баксаў» і нядрэнны гасцінец — у сярэднім 50 «зялёных» за тыдзень. За два месяцы зарабіла чыстымі тры тысячы долараў (жыла на чаявыя). Інакш кажучы, цалкам пакрыла выдаткі на праграму, — расказвае гераіня. — Часам мянялася з калегамі і працавала афіцыянткай. Таксама мы забаўлялі гасцей у рэстаранах — арганізоўвалі канцэрты. За адно такое мерапрыемства можна было атрымаць 600 «баксаў».

Акрамя заробку, быў яшчэ адзін карысны бонус — Алеся павысіла моўны ўзровень: пасля паездкі яна свабодна валодае англійскай, завяла знаёмствы ў розных кутках свету (дзякуючы чаму пабывала ў Турцыі і збіраецца ў Індыю). Галоўным мінусам праграмы Work and Travel дзяўчына лічыць працу ў маленькіх гарадах, калі няма магчымасці дабрацца да «цывілізацыі» і нават купіць Skittles.

На заробленыя грошы Алеся злятала адпачыць у Маямі (штат Фларыда), накупіла адзення, кніг, абутку і сувеніраў, а таксама прывезла грошай бацькам.

* * *

Паша Транчонак летась тры месяцы працаваў на паўвостраве Кейп-Код (недалёка ад Бостана, штат Масачусетс), паспеў паглядзець на жыццё ў Нью-Ёрку і Бостане.

— Калі мне агучылі кошт, быў шакаваны, таму што гэта больш за дзве тысячы долараў, уключаючы білеты на пералёт і візу. Я пазычыў грошай ва ўсёй сям'і! Кажу: «Адпусціце мяне ў Штаты, хачу паглядзець, як там людзі жывуць!» — з усмешкай згадвае юнак.

Хлопец працаваў па сем гадзін у дзень у Dunkіn' Donuts — сетцы кавярняў з пончыкамі. Падымаўся ў чатыры раніцы, каб да пяці прыехаць у краму, дзе яго і іншых студэнтаў забіраў аўтобус і адвозіў за 100 кіламетраў. Цікава, што ўвесь час у дарозе аплачваўся як працоўны — дзесяць долараў за гадзіну.

— Мы ездзілі па студэнцкай візе J1 — моладзь набіралі нібыта праціраць сталы, мыць прыбіральні. Але я сказаў работадаўцам, маўляў, гэтага рабіць не буду. Яны ў адказ: што атрымліваецца, тое і рабі.

Хлопцу дазволілі падоўжыць змену — з чатырох раніцы да шасці вечара. Яму трэба было адпрацаваць пазычаныя грошы, і ўжо праз месяц ён пакрыў гэтыя выдаткі. Пачаў браць выхадныя, з'ездзіў у Нью-Ёрк, часта катаўся ў Бостан.

— Таксама паездзіў па ўсяму Кейп-Коду — наведаў Правінстаўн — горад , які лічыцца амерыканскай сталіцай гомасексуалізма. Там такія людзі ходзяць, што ў нас, мне падаецца, нават у гей-клубах не сустрэнеш! — смяецца юнак. 

Студэнт акрамя працы ў кавярні паспеў асвоіць яшчэ адзін занятак — чысціў грузавыя аўтамабілі.

— Наш менталітэт дазваляе з лёгкасцю ўжыцца ў ЗША. Амерыканцы, калі вучацца, завастраюцца на адной рэчы. А мы вельмі рознабаковыя і не саромеемся работы, якую не хочуць выконваць яны, — кажа суразмоўнік.

Акрамя гэтага, хлопца ўразіла гатоўнасць амерыканцаў аказаць дапамогу. Калі Паша толькі прыехаў у Штаты, ужо на вакзале тры чалавекі, убачыўшы разгубленага замежніка, спыталі, што яму падказаць і чым яны могуць дапамагчы. Неяк юнак падвярнуў нагу, гуляючы ў футбол, і, калі гэта ўбачыў кліент кавярні Dunkіn' Donuts, спытаў, што здарылася з хлопцам. Паша расказаў. Назаўтра амерыканец прынёс беларусу майку каманды «Нью-Ёрк Сіці» і даў 50 долараў гасцінца.

— Яны вельмі талерантныя. Кажуць, што ў ЗША нельга дзверы дзяўчатам прытрымліваць або саступаць месца — гэта ўсё поўная лухта! Але ў нас ты прытрымаеш у метро дзверы, яна кіўне і ўсё, а там скажа «Дзякуй, добрага дня!», — дзеліцца назіраннямі хлопец і дадае, што ў Штатах усім абыякава, як ты выглядаеш.

Падчас свайго знаходжання ў Амерыцы Паша змог зарабіць разам з чаявымі восем тысяч долараў.

* * *

Яна Га­бе­ле­ва (зле­ва) з ка­ле­гай.

З Янай Габелевай мы гутарылі, калі яна знаходзілася ў ЗША. Для таго каб здзейсніць сваю амерыканскую мару, дзяўчына летась зарабіла грошай, працуючы ў Германіі. Студэнтка аформіла дакументы на праграму амаль за год да паездкі, таму што так абыходзіцца танней, чым перад самым ад'ездам. Яна заплаціла тады 1140 долараў без уліку авіябілетаў і візы.

Спачатку дзяўчына накіравалася ў Нью-Ёрк, потым паехала ў пасёлак Кенебанкпарт (штат Мэн). У студэнткі працаўладкаванне складвалася не так лёгка, як у папярэдніх герояў.

— Я адправіла больш за 1200 лістоў, каб мяне ўзялі на працу ў якую-небудзь кавярню. У Кенебанкпарце жыла ў катэджы, працавала ў рэстаране. Прыбірала брудныя талеркі і падносіла ежу. Мне шмат абяцалі, але многага не выканалі. Я павінна была працаваць па 40 гадзін у тыдзень, але атрымалася па 28. Таксама было сказана, што буду атрымліваць 40—80 долараў чаявых у дзень, а ў сапраўднасці выходзіла па 10—20. Я і мая сяброўка пратрымаліся на гэтым месцы толькі дзесяць дзён.

Дзяўчаты пачалі шукаць іншую працу праз «УКантакце» і «Інстаграм». Праз два дні (надта пашанцавала) беларускі адправіліся ў горад Аганквіт. Добра, што наймальнік адпусціў.

— Цяпер мы гатуем піцу. Працуем па пяць дзён у тыдзень з 11 раніцы да 12 ночы. Пашанцавала, што калектыў вясёлы, я знайшла тут шмат сяброў. Па прыездзе пачала шукаць яшчэ адну работу, бо гэтай было мала. Падпрацоўваю ў рэстаране фаст-фуду тры-чатыры дні на тыдзень...

Яна не надта ўражаная прыгажосцю ЗША і ўзроўнем жыцця. Адзінае, што яе задаволіла і натхніла, — новыя знаёмствы. Дзяўчына пасябравала з вялікай інтэрнацыянальнай кампаніяй — літоўцамі, сербамі, балгарамі, македонцамі, расіянамі і іншымі. З новымі знаёмымі Яна ездзіла па выхадных у падарожжы — паглядзець на мясцовыя славутасці.

— Наведаць Амерыку цікава, каб паглядзець, як жывуць людзі, пашырыць свой кругагляд. Тут сапраўды ўсё па-іншаму. Але я не хацела б застацца ў гэтай краіне. Калі ў мяне спытаюць, што падабаецца болей, Амерыка ці Беларусь, я адкажу абсалютна шчыра — радзіма.

Ментальнасць амерыканцаў Яну не заўсёды прыемна ўражвала.

— Калі я працавала ў піцэрыі, мне трэба было дастаць з халадзільніка цеста, якое ляжала высока. Цягнулася, як магла, але не атрымлівалася дастаць нарыхтоўку. Заходзіць высачэзны амерыканец, кажа: «Разумею, разумею!» і... выходзіць. З другога боку, шэфы нароўні з работнікамі падмяталі падлогу і гатавалі піцу, калі было шмат заказаў. Амерыка вельмі розная. Я лічу, што двух з паловай месяцаў недастаткова, каб спазнаць яе лепш.

Таксама Яну бянтэжыць, што ў жыхароў ЗША занадта папулярныя свабодныя адносіны.

— Наогул, у іх няма такой каштоўнасці, як сям'я. Дык што тады важна ў жыцці? Яны жывуць на працы, праца для іх — гэта дом. Магчыма, я мела стасункі з нямногімі амерыканцамі, але ў мяне склалася менавіта такое ўражанне.

Дар'я СПЕВАК

dashaspevak@gmaіl.com

Загаловак у газеце: Мазаічная Амерыка

Выбар рэдакцыі

Культура

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

«Прыйшло лета, спякота, і мы ўсё часцей і часцей ідзём на рэчку».

Грамадства

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

«Знаходжанне беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе — гэта не вандроўка натуралістаў».

Спорт

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Ён быў падрыхтаваны адмыслова напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў.

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.