Вы тут

«Да мяне часта падыходзілі, каб сфатаграфавацца»


Ірына Дзейкала, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ, была ў Паднябеснай па студэнцкім абмене. Іра выпадкова ўбачыла ва ўніверсітэце аб'яву, што адбудзецца сход наконт курсаў кітайскай мовы. Схадзіла, паслухала, натхнілася і запісалася ў групу. Спачатку было вельмі няпроста, потым стала крыху лягчэй, але ўсё ж цяжкасці прысутнічалі. «Трэба быць вельмі руплівым і цярплівым, каб вывучыць мову. А каб адправіцца вучыцца па абмене ў іншую краіну, неабходна мець яшчэ і вельмі вялікае жаданне. Але аднаго яго мала, трэба прыкладваць і нейкія намаганні, каб спраўдзіць сваю мару. Пастаянна знаходзіць новую інфармацыю, шмат чытаць, запамінаць...»


У Кітай паехала група з пятнаццаці чалавек. Усе — студэнты БДУ. Ірына вучылася ў Хэнаньскім універсітэце. «Успрымаць інфармацыю, безумоўна, складана, таму што навучанне вялося на кітайскай мове, але мне было цікава нягледзячы на цяжкасці. Усе аднагрупнікі прыехалі з розных краін, атрымалася такая інтэрнацыянальная група», — расказвае студэнтка.

Моладзь старалася дапамагаць адно аднаму, калі нешта не атрымлівалася.

Заняткі ў Хэнаньскім універсітэце доўжацца кожны дзень з 8.30 да 12.00, зусім не так, як у Беларусі. Тут у большай ступені трэба самому чытаць, самастойна вучыцца, каб нешта атрымалася.

У Кітаі Ірыне вельмі спадабалася. Дзяўчына спачатку хвалявалася, таму што трапіла ў зусім іншы свет. Але ўсё аказалася прасцей, чым здавалася на першы погляд. Іра пазнаёмілася з дзяўчынай з Расіі. Сяброўкі разам хадзілі ва ўніверсітэт, разам адпачывалі — удзвюх нашмат лягчэй.

Суразмоўніца расказвае, што кожны дзень адбывалася нешта цікавае. «Да мяне часта падыходзілі, каб сфатаграфавацца. Кітайцам цікава, адкуль мы прыехалі». Іра заўважыла, што ў Кітаі вельмі любяць расійскага спевака Вітаса. Мясцовыя жыхары часта слухаюць яго кампазіцыі, нават намагаюцца самі падпяваць.

«Кітайская ежа мне спадабалася, асабліва локшына з грыбамі ці з курыцай. Адразу я ела вострыя стравы, а потым, каб зберагчы свае смакавыя рэцэптары, пачала заказваць ежу з меншай колькасцю прыпраў. Малака тут няма, таму каву пілі проста чорную. Таксама няма і звычайнага хлеба, ёсць толькі салодкі», — з доляй расчаравання канстатуе Іра.

Адной з адметнасцяў краіны з'яўляецца вялікая колькасць свят. Не паспелі беларускія студэнты прыехаць і пачаць вучобу, як неўзабаве кітайцы чатыры дні адзначалі свята Месяца, а праз тыдзень чарговыя вялікія святы расцягнуліся ўжо на дзесяць дзён. Заняткаў ва ўніверсітэце не было, таму што ў гэты перыяд у мясцовых жыхароў абавязкова заведзена падарожнічаць, каб потым расказваць, дзе ты пабываў...

«Насамрэч адрозненняў шмат, і бывае, што яны вельмі здзіўляюць, — гаворыць Іра, — але менавіта для гэтага ты тут і знаходзішся: каб вывучыць мову і з галавой акунуцца ў незнаёмую і такую непадобную да роднай культуру».

Марына ЛЯШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Па абмене — у Кітай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».