Вы тут

У Мінску выбралі найлепшыя маладзёжныя праекты


У сталіцы прайшоў фінал рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў: студэнты і школьнікі прапанавалі свае ідэі выкарыстання лічбавых тэхналогій у адукацыі. Усяго за перамогу ў фінале змагаліся 20 камандаў, журы выбрала восем самых лепшых праектаў.


Разнастайнасць прапанаваных ідэй уразіла нават айці-экспертаў. Так, прадстаўленыя Androіd-праграмы дазваляюць ператварыць хатняе заданне па замежных мовах у захапляльны квэст, вучаць чарчэнню і дапамагаюць малодшым школьнікам асвоіць работу на планшэце. А, напрыклад, Telegram-бот дапамагае настаўніку аўтаматызаваць, а значыць, хутка правесці і праверыць тэст па любым прадмеце. Уразіла таксама ўласная мадэль 3D-прынтара аднаго з вучняў сталічнай гімназіі. Аўтары найлепшых ідэй займеюць падтрымку экспертаў па прасоўванні праектаў.

— Праз 5—10 гадоў сённяшнія школьнікі і студэнты будуць вызначаць развіццё навукі і тэхналогій. Да каго яшчэ звярнуцца па ідэі будучыні, як не да іх? Да таго ж яны знутры ведаюць усе добрыя якасці і недахопы сучаснай сістэмы адукацыі і могуць падказаць, як яе палепшыць. Менавіта таму Міністэрства адукацыі лічыць сваёй найважнейшай задачай падтрымку маладых распрацоўшчыкаў і ўкараненне лічбавых тэхналогій у працэс навучання. Мы праводзім конкурс маладзёжных праектаў ужо другі раз і без ілжывай сціпласці скажу: з такой моладдзю нашу краіну чакае бліскучая «лічбавая» будучыня. Вельмі прыемна і тое, што беларускі бізнес падтрымаў ініцыятыву. Мы ўдзячныя нашым партнёрам, асабліва кампаніі МТС, за дапамогу ў арганізацыі конкурсу, — расказаў дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінадукацыі Павел Ліс.

— Будучыня — за моладдзю і тэхналогіямі. Конкурс падарыў нам мноства выдатных ідэй, якія вартыя быць рэалізаванымі. Для нас гэта не проста спаборніцтва таленавітых хлопцаў і дзяўчат, а перш за ўсё дыялог з імі, магчымасць разам з моладдзю будаваць будучыню і рабіць яе больш камфортнай, — адзначыў кіраўнік камерцыйнага дэпартамента МТС Мікалай Булаш.

Эксперты запэўніваюць, што інавацыйныя праекты, якія прапанавалі канкурсанты, могуць змяніць наша жыццё ўжо сёння. Усяго на конкурс «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу» было пададзена больш за 100 заявак ад старшакласнікаў, навучэнцаў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў краіны ва ўзросце да 23 гадоў.

Пераможцы конкурсу «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу»:

  • «3D-прынтар D3D Mіnі» (Даніла Елісееў, Мінск, гімназія № 6);
  • «Пакет навучальных электронных праграм па астраноміі і геаграфіі» (Дзмітрый Каршакевіч, Мінск, Ліцэй БДУ);
  • «Аўтаматызаваная сістэма тэсціравання на платформе Telegram @bytest_bot» (Расціслаў Нікішын, Мінскі дзяржаўны каледж электронікі);
  • «Згубленыя білеты» (Андрэй Рубчэня, Уладзіслаў Лёганькі, Мінск, гімназія № 40);
  • «Androіd-праграма «Школьны памочнік» (Іван Пляцінскі, Салігорск, гімназія № 1);
  • «Універсальны графічны рэдактар «Colokor» (Аляксандр Мацюшонак, Караліна Барысава, Мінск, СШ № 140);
  • «UGMІ» (Раман Дземідовіч, Дзмітрый Кулажанка, Уладзіслаў Алешка, Брэст, гімназія № 1);
  • «MІNІQUALІ» (Данііл Істомін, Аляксей Гамалій, Максім Лагвіненка, Мінск, БДУ).

Конкурс маладзёжных праектаў Міністэрства адукацыі і кампанія МТС правялі ў рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве. За час сумеснай работы партнёры рэалізавалі і мноства іншых буйных праектаў: урокі па бяспечных паводзінах у сеціве для вучняў малодшых класаў і навучальныя семінары па адказных паводзінах у інтэрнэце для настаўнікаў, ІT-курсы для школьнікаў у аздараўленчым лагеры, інтэрактыўную платформу для настаўнікаў і бацькоў «Інавацыйная школа».

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Здольныя змяніць жыццё ўжо зараз

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.