Вы тут

Падвялі вынікі конкурсу «Ахвяры нацызму і месцы знішчэння ў Беларусі»


Больш як 100 работ паступіла на конкурс па гісторыі для школьнікаў і студэнтаў «Ахвяры нацызму і месцы знішчэння ў Беларусі». Яго вынікі былі падведзеныя ў канцы года ў мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау.


Штуршком да правядзення конкурсу вуснай гісторыі стала адкрыццё ў Мінску перасоўнай выстаўкі «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць», прымеркаванай да 25-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Германіяй і Беларуссю. Яе стваральнікі сутыкнуліся з недахопам прапрацаваных біяграфічных партрэтаў ахвяр вайны. Конкурс павінен быў матываваць школьнікаў і студэнтаў да даследавання лёсаў гэтых людзей і захавання іх гісторый для будучых пакаленняў. Магчымасці пошуку такой інфармацыі сёння і яе рэканструкцыі былі прадэманстраваныя на семінарах, якія правялі ва ўсіх абласных цэнтрах рэферэнты Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў супрацоўніцтве з мясцовымі інстытутамі развіцця адукацыі.

Вынікам сталі больш як 100 біяграфічных партрэтаў людзей — ахвяр розных месцаў прымусовага ўтрымання і знішчэння ў перыяд фашысцкай акупацыі ў Беларусі. Удзельнікі конкурсу працавалі з фотаздымкамі і гістарычнымі дакументамі, вялі даследаванні ў бібліятэках, сямейных і публічных архівах, апытвалі сведак ваеннага часу, шэраг эсэ былі дапоўнены аўдыя- і відэаматэрыяламі.

Ацэнку дасланых работ праводзіла незалежнае журы, у склад якога ўвайшлі гісторыкі і сумежныя спецыялісты з Беларусі, Украіны, Расіі і Германіі.

Лаўрэатамі першага конкурсу па вуснай гісторыі, абвешчанага Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам і Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханэса Рау пры падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі, сталі Эдуард Хвайніцкі, Аляксандр Бандзік і Віктар Шадурскі.

Дзевяцікласнік Эдуард Хвайніцкі ў сваім эсэ «Помні тых, хто легендай авеяны...» аднавіў жыццёвы шлях падпольшчыцы Ларысы Каранеўскай, забітай у Трасцянцы.

Работа вучня 10 класа Аляксандра Бандзіка была прысвечана новым старонкам з гісторыі Чэрвеньскага гета. Юнак займаўся вывучэннем лёсаў малавядомых ахвяр гета, якое было створана нацыстамі ў яго родным горадзе.

Віктар Шадурскі, студэнт гістарычнага факультэта БДУ, прадставіў у рабоце пад назвай «Трагедыя маёй сям'і ў трагедыі нашага народа» вынік даследавання гісторыі сваёй сям'і, у прыватнасці тых, хто загінуў у Трасцянцы.

— Пададзеныя на конкурс эсэ хвалюючым чынам паглыбляюць нашы веды аб злачынствах, здзейсненых у перыяд германскай акупацыі Беларусі, — канстатавала Астрыд Зам, кіраўнік Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра. — Тым самым гэтыя работы даюць важныя імпульсы для еўрапейскай культуры памяці. Мы лічым найважнейшай задачай захоўваць памяць аб усіх ахвярах, вяртаючы ім твар.

На ўзнагароджванні пераможцаў прысутнічала Мая Крапіна, адна з апошніх, хто выжыў у Мінскім гета. Яна выказала сваю ўдзячнасць усім удзельнікам за тое, што сёння маладыя людзі занатоўваюць рэчы, якія многія пажылыя не змаглі выказаць словамі. Прадстаўнікі міжнароднага журы ўручылі лаўрэатам дыпломы і запрашэнні да ўдзелу ў сумеснай адукацыйнай паездцы ў Германію. Самыя лепшыя эсэ будуць апублікаваныя на рускай і нямецкай мовах, а таксама размешчаны ў адкрытым доступе ў электронным Архіве сведак на сайце Гістарычнай майстэрні.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Партрэты ахвяр — для будучых пакаленняў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.