Вы тут

Планы на будучыню і першыя вынікі фінансавага 2017-га


З 1 студзеня запрацаваў  і бюджэт на новы, 2018 год. Адпаведны закон кіраўнік краіны падпісаў 31 снежня. За аснову, як ужо паведамлялася, прыняты кансерватыўны сцэнарый, але прагнозы даволі аптымістычныя. Прынамсі, асобныя сферы абяцаюць прырасці за год на пяць і болей працэнтаў.


Кансерватыўны — гэта які?

Пры ім тэмп росту валавога ўнутранага прадукту (ВУП) складзе 101,2 %. А сярэднегадавыя параметры: інфляцыя — 107,4 %, стаўка рэфінансавання — 11 % гадавых. Цана на нафту закладзена ў памеры 43 долараў ЗША за бараль, курс долара ЗША — 2,038 беларускага рубля, курс расійскага рубля — 62,3.

Аб'ём даходаў рэспубліканскага бюджэту прагназуецца ў суме 20,485 мільярда рублёў, або 107,5 — 107,8 % да даходаў бягучага года. Расходы — 19,751 мільярда. Прафіцыт складзе звыш 730 мільёнаў рублёў, гэтыя грошы пойдуць на пагашэнне часткі дзяржаўнага доўгу.

Па рэгіёнах

Калі глядзець па абласцях, то, згодна з прынятымі праектамі іх бюджэтаў, закладзены або невялікі прафіцыт, або некаторы дэфіцыт.

У апошні тыдзень снежня на сумесным пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама і сесіі абласнога Савета дэпутатаў быў зацверджаны бюджэт рэгіёна ў памеры 2,1 мільярда рублёў. Расходы складуць прыкладна столькі ж, прынамсі, фігуруе лічба 2,1 мільярда. Аднак «за коскай» усё ж закладзены дэфіцыт. Невялікі — 2,4 мільёна рублёў. Выкліканы ён больш, чым паважнай прычынай — фінансаваннем выдаткаў на падрыхтоўку да 1000-гадовага юбілею Брэста.

А вось Віцебшчына разлічвае на невялікі прафіцыт у сваім бюджэце. Запланавана, што даходы вобласці ў 2018 годзе складуць 1 мільярд 921 мільён рублёў, расходы — 1 мільярд 872 мільёны. Прафіцыт пойдзе на выкананне даўгавых абавязацельстваў органаў мясцовага кіравання.

Па гэтым жа шляху плануе пайсці і Гродзеншчына. У яе бюджэце таксама запланаваны невялікі прафіцыт у памеры 17 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы плануецца накіраваць на пагашэнне аблігацыйных займаў, якія выпусцілі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы вобласці.

Бюджэт сталіцы перавышае ў разы бюджэт кожнага з рэгіёнаў, але, на жаль, для яго характэрны і значна большы дэфіцыт. Прагназуемы аб'ём даходаў у 2018-м — 4 мільярды 286 мільёнаў, расходаў — 4 мільярды 462 мільёны.

Час лічыць куранят

Ужо студзень 2018-га, а значыць, можна падвесці першыя вынікі — фінансавыя — мінулага года. А яны неблагія. Прынамсі, як прагназаваў у лістападзе прэм'ер-міністр нашай краіны Андрэй Кабякоў, даходы бюджэту ў 2017-м павінны перавысіць запланаваныя аж на 1,1 мільярда.

Так, на той момант за дзесяць месяцаў рэспубліканскі бюджэт быў выкананы з прафіцытам у 3,4 мільярда беларускіх рублёў, кансалідаваны — на 4,4 мільярда. «Даходы па годзе ацэньваюцца вышэй, чым планавалі, на 1,1 мільярда рублёў», — адзначыў прэм'ер-міністр. Умовы, пры якіх фарміраваўся бюджэт за 2017 год, адрозніваюцца ад фактычных, з якімі давялося працаваць, — на шчасце, у лепшы бок. Напрыклад, бюджэт на 2017 год разлічваўся, з меркаваннем, што цана за бараль нафты складзе 35 долараў, на самай жа справе бараль нафты каштаваў 52 долары.

Паказалі мы добрыя лічбы і ў плане прыросту ВУП. У праекце бюджэту на 2017-ы рост планаваўся мінімальны — на ўзроўні 100,2 %. Аднак месяц таму ўрад на пасяджэнні падлічыў, што па выніках года чакаецца прырост у памеры двух працэнтаў.

У праекце рэспубліканскага бюджэту стаўка рэфінансавання на 2017 год закладвалася ў памеры 15—17 %. Планавалася яе паступова памяншаць. Згодна з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2016—2020 гады, да канца 2020 года стаўка рэфінансавання павінна скласці 9—11 % гадавых. Паказальна, што верхняй планкі гэтай мэты мы ўжо дасягнулі — 18 кастрычніка стаўка рэфінансавання была ўстаноўлена на 11 %. А толькі ў пачатку 2016 года гэты паказчык быў на ўзроўні 25 %!

Трэба сказаць, што чым ніжэйшая працэнтная стаўка, тым больш надзейнай выглядае фінансавая сітуацыя ў краіне і тым больш даступныя грошы — гэта значыць, крэдыты. А далей формула простая: чым больш яны даступныя, тым больш іх укладваецца ў эканоміку, як вынік — яна развіваецца.

Падставы для аптымізму

Прычым, аптымізму цалкам здаровага, абгрунтаванага. Вядучыя галіны эканомікі на працягу 2017-га дэманстравалі ўпэўнены рост. Мяркуецца, што гэта тэндэнцыя будзе характэрна і для 2018 года. Як адзначыў падчас выступлення перад парламентарыямі ў мінулым месяцы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, асноўны ўнёсак у эканоміку 2017 года зрабіла прамысловасць. Ён значна больш высокі, чым ва ўсіх астатніх валаўтваральных галін эканомікі. Так, за дзесяць месяцаў 2017 года рост прамысловай вытворчасці дасягнуў 106,2 %, а за 11 — 106,3 %. Свае вынікі пачалі даваць і мадэрнізацыя, і экспартная палітыка дзяржавы.

Добрыя тэмпы дэманструюць таксама па выніках студзеня—лістапада 2017 года сферы транспарту — 105,5 % і сельскай гаспадаркі — 105,1 %.

Сацыяльная скіраванасць

Як і ў папярэднія гады, бюджэтная палітыка нашай дзяржавы захоўвае сваю сацыяльную скіраванасць.

У агульным аб'ёме кансалідаванага бюджэту 65 % займаюць так званыя першачарговыя выдаткі — на выплату зарплаты і трансфертаў насельніцтву, абслугоўванне дзярждоўгу, набыццё лекаў, прадуктаў харчавання, аплату камунальных паслуг і міжбюджэтныя трансферты. Трэць кансалідаванага бюджэту складаюць выдаткі на заработную плату ў суме 10,6 мільярда рублёў.

У бягучым годзе плануецца істотна павялічыць бюджэтныя асігнаванні на адукацыю, ахову здароўя, а таксама на павышэнне заробкаў. Так, на адукацыю будзе выдзелена на 9,6 % больш, чым летась, на ахову здароўя — на 3,5 %.
У цэлым з кансалідаванага бюджэту на гэтыя галіны прадугледжваецца адпаведна 5,6 мільярда і 4,8 мільярда рублёў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.