Вы тут

Што перашкаджае жанчынам абараніць сябе ад хатняга гвалту?


Паводле міжнароднай статыстыкі, жанчыне, пацярпелай ад хатняга гвалту, патрэбна зрабіць пяць—сем спроб сысці ад агрэсара, перш чым яна канчаткова парве з ім адносіны. І справа не толькі ў стэрэатыпе «б'е — значыць любіць». Якія бар'еры ў заканадаўстве перашкаджаюць беларускам абараніць сябе ад хатняга гвалту, паспрабуем разабрацца з дапамогай экспертаў.


Непад'ёмная пошліна і адмова ў разводзе

Найбольш аптымальнае вырашэнне сітуацыі — з'ехаць ад агрэсара. Але ў сілу розных умоў гэта не заўсёды магчыма.

— Калі жыллё носіць статус арэнднага ці сацыяльнага карыстання, то жанчына не можа яго ні падзяліць, ні памяняць. Падобная сітуацыя ўзнікае з кватэрамі, пабудаванымі па льготным крэдытаванні: так, іх можна прадаць праз пэўны час пасля выплаты запазычанасці, але тут і цяпер нельга нічога зрабіць. Яшчэ адзін сур'ёзны бар'ер — непад'ёмная для многіх дзяржаўная пошліна пры падзеле маёмасці. Яна складае пяць працэнтаў ад кошту часткі кватэры, на якую прэтэндуе жанчына. Ёсць магчымасць частковага або поўнага вызвалення ад пошліны, але, на жаль, суддзі рэдка прыбягаюць да такой практыкі. Мне здаецца, што ўсё ж такі трэба індывідуальна падыходзіць да кожнай сітуацыі. Калі жанчына сутыкаецца з хатнім гвалтам, жыць асобна ад агрэсара — гэта неабходнасць для яе бяспекі, — лічыць юрыст цэнтра па прасоўванні правоў жанчын «Яе правы» Лілія ВОЛІНА.

Скасаваць шлюб таксама часта бывае немагчыма. Суддзі нярэдка адмаўляюцца даваць развод цяжарным і маці з дзецьмі да трох гадоў, калі на гэта няма згоды мужа.

— У законе прапісана, што скасаваць шлюб у такіх абставінах нельга пры ўмове, што сужэнец ажыццяўляе бацькоўскі клопат аб дзіцяці, — заўважае Лілія Воліна. — У нас была кліентка, чый муж ніколі не заставаўся з малым, каб яна не магла выйсці з дому. Пра які клопат тут можа ісці размова? Абавязковы трохмесячны тэрмін для прымірэння пры разводзе ў сітуацыях хатняга гвалту таксама з'яўляецца бар'ерам. Мы павінны імкнуцца не захаваць сям'ю, а наадварот хутчэй раз'яднаць агрэсара і пацярпелую.

Часта па дапамогу звяртаюцца сваякі і блізкія сябры ахвяры, якія просяць умяшацца. Але, кажа генеральны сакратар Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын Вольга ЯНЧУК, няма заканадаўчых інструментаў, каб у такім выпадку распачаць справу — заявіць пра гвал у сям'і павінна сама пацярпелая. Хоць у іншых краінах пра крызісную сітуацыю могуць паведаміць і суседзі, і медыкі, і гэтага будзе дастаткова, каб запусціць працэдуру па абароне жанчыны.

Чаму самі ахвяры не спяшаюцца пісаць заявы ў міліцыю? Справа ў тым, што ў якасці меры пакарання агрэсара звычайна выкарыстоўваецца штраф (а не адміністрацыйны арышт, напрыклад). А гэта — сямейны бюджэт. Грошы не караюць віноўніка, а яшчэ горш адбіваюцца на становішчы сям'і. І наступны раз жанчына яшчэ падумае, ці варта выклікаць праваахоўнікаў. Для параўнання: за мяжой агрэсара часцей прыцягваюць да грамадскіх работ — і ён нясе адказнасць за ўчыненае, і сям'я не пакутуе.

Пастаноўка на ўлік дадае праблем

Ганна КОРШУН, кіраўніца агульнанацыянальнай гарачай лініі 8-801-100-8-801 для пацярпелых ад хатняга гвалту, успамінае, што некалькі гадоў таму дзесьці 85 працэнтаў скаргаў, якія паступалі да іх, былі звязаны з неправамерным дзеяннем ці бяздзеяннем супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Міліцыя займала бок агрэсараў, абараняла іх.

— На шчасце, цяпер сітуацыя заўважна змянілася. На сёння МУС — адно з прагрэсіўных ведамстваў, якое займаецца гэтай праблемай. Яны ініцыявалі распрацоўку законапраекта аб хатнім гвалце, бо ім таксама складана працаваць з крызіснымі выпадкамі. Калі інспектары выязджаюць па фактах сямейна-бытавых скандалаў, пацярпелая піша заяву, а праз час яе забірае, яны пачынаюць абясцэньваць сваю работу, — кажа Ганна Коршун.

Адзін з самых дзейсных метадаў для барацьбы з агрэсарам — абароннае прадпісанне. Яно абавязвае мужчыну пакінуць агульнае з пацярпелай жыллё на тэрмін да 30 дзён, а таксама забараняе кантактаваць з ахвярай. Але прадпісанне можа быць прыменена толькі пасля паўторнага правапарушэння на працягу года.

Эксперты звяртаюць увагу на яшчэ адзін момант — пастаноўка сям'і на ўлік часам выклікае больш праблем, чым вырашае. Напрыклад, калі да жанчыны, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, прыходзяць праверыць умовы пражывання, то патрабуюць ад яе характарыстыку з месца работы.

— Так, для акта абследавання патрэбны звесткі аб бацьках, але гэта абмяжоўваецца інфармацыяй пра месца работы і даход. Пры гэтым, калі жанчына не прыносіць характарыстыку, органы апекі самі робяць запыт. Адна з кліентак, якая звярталася да нас, працавала па дагаворы падраду. І кожныя тры-чатыры месяцы ёй даводзілася мяняць работадаўцу, бо наймальнікі, калі даведваліся пра яе сямейную сітуацыю, не перазаключалі кантракт, — дзеліцца Лілія Воліна.

— У нас на лініі кожная другая жанчына з непаўналетнімі дзецьмі кажа, што баіцца звяртацца ў міліцыю, бо тады сям'ю паставяць на ўлік. Калі дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пры змене месца жыхарства іх складана ўладкаваць у новы садок ці школу. Малых не бяруць, нягледзячы на наяўнасць месцаў, бо ўстановам адукацыі не патрэбна дрэнная статыстыка, — уздымае праблему Ганна Коршун. — Акрамя таго, пастаноўка на ўлік спрыяе распаўсюджванню канфідэнцыйнай інфармацыі аб сітуацыі ў сям'і. Адна жанчына расказвала, як прывяла дзіця да педыятра. У паліклініцы доўга шукалі картку, а потым спыталі: малы — у сацыяльна небяспечным становішчы? «Дык ваша картка асобна стаіць!»  — гучна аб'явіла медрэгістратар. І ўсе ў чарзе пачалі перашэптвацца. Так жанчына атрымлівае другасную траўматызацыю.

Сам факт пагрозы пастаноўкі дзяцей на ўлік з'яўляецца сродкам маніпуляцыі з боку агрэсара. За мяжой да статусу «знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы» іншы падыход. У Вялікабрытаніі сям'я можа трапіць у лік праблемных, калі сацыяльныя службы і паліцыя бачаць, што там ёсць хатні гвалт, а жанчына не звяртаецца па дапамогу. Або калі агрэсар парушае абароннае прадпісанне і не наведвае карэкцыйную праграму. Такая практыка больш улічвае інтарэсы пацярпелай і яе дзяцей.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».