Вы тут

Якім мог бы быць музей Францыска Скарыны?


На працягу юбілейнага для айчыннай культуры года — 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — вялася вялікая руплівая праца па ўздыме папулярнасці асобы першадрукара сярод беларусаў і не толькі.


Але ў Беларусі дасюль няма музея Францыска Скарыны. Ініцыятыва яго стварэння віруе ў грамадскіх колах, што сведчыць: беларусы памятаюць першадрукара, а значыць, 2017 год прайшоў не дарма. Канстанцін Усовіч, загадчык музея-лабараторыі Францыска Скарыны Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, нават распрацаваў канцэпцыю стварэння дзяржаўнага музея Францыска Скарыны, з якою мы прапануем пазнаёміцца пад заслону года.

У адпаведнасці з заслугамі

— Францыск Скарына праславіў беларускі народ перад усім светам, зрабіў тагачасную беларускую мову мовай кнігадрукавання, надаў ёй большую ўстойлівасць у грамадскім жыцці, нарэшце, паскорыў развіццё беларускай і ўсходнеславянскай культуры. Ён увекавечаны ў мастацтве, у навуковай літаратуры, яго імем названы вуліцы, установы і арганізацыі, да таго ж у Беларусі існуюць 2 важкія афіцыйныя ўзнагароды — ордэн і медаль Францыска Скарыны. Зразумела, чаму ў навуковай і шырокакультурнай грамадскасці нашай рэспублікі ўжо даўно выказваюцца думкі аб неабходнасці стварэння дзяржаўнага музея Францыска Скарыны. Згодна з «Каталогам музеяў Беларусі», у нашай краіне працуюць 150 музеяў і 112 іх філіялаў. Дык чаму няма дзяржаўнага музея, прысвечанага чалавеку, які стаў нашай візітнай карткай? На жаль, музей-лабараторыя Францыска Скарыны ГДУ імя Ф. Скарыны і на 10 % не замяняе такога музея...

 Даўно наспела неабходнасць сабраць у адным месцы ўсе матэрыяльныя носьбіты (у арыгіналах або копіях), якія адлюстроўваюць увесь комплекс скарыназнаўства, каб захаваць і прымножыць іх для наступных пакаленняў, увекавечыць памяць Ф. Скарыны, засведчыць удзячнасць беларускага народа свайму найвялікшаму сыну.

Экспазіцыя скарынаўскага музея (яе можна назваць «Жыццёвы і творчы шлях беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны») магла б заняць выключнае месца: іншага сапраўднага музея Францыска Скарыны ў свеце няма. Такі музей набыў бы агульначалавечае значэнне, бо велічнасць здзейсненага Скарынам найбольш яскрава выяўляецца на фоне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, а таксама Еўропы ў першай палове ХVІ cтагоддзя. Паколькі Скарына бываў ці не ў дзясятку гарадоў розных краін, дык музейная экспазіцыя павінна звярнуць увагу на ўзаемаадносіны гэтых краін паміж сабой і з ВКЛ. Яна мае акрэсліць культурнае і палітычнае становішча Еўропы і еўрапейскага Адраджэння, гарадоў Падуі, Познані, Кёнігсберга; магла б падрабязна расказаць пра ВКЛ і яго ўзаемаадносіны з Польскім каралеўствам і Рускай дзяржавай, адлюстраваць стан Чэшскага каралеўства, Прускага герцагства, гарадоў Кракава і Прагі. Значная роля ў экспазіцыі будзе належаць Полацку: напрыклад, неабходна адлюстраваць магдэбургскае права, якое было тут уведзена ў 1498 годзе.

Мазаіка скарыназнаўства

— У Беларусі, Расіі, Украіне і Польшчы, Чэхіі і Літве маецца дастаткова калекцыйнага, помнікавага і навукова-гістарычнага патэнцыялу для стварэння такога музея. Экспанаты можна прадставіць у арыгіналах або копіях, муляжах, у лічбавым фармаце, на планшэтах. Такім чынам, наведвальнікі атрымаюць магчымасць адначасова ўбачыць фрагмент метрыкі кракаўскага ўніверсітэта за 1504 год са старонкай спіса першакурснікаў, актавы запіс гэтага ж універсітэта аб прысваенні Скарыну вучонай ступені бакалаўра за 1506 год, актавы запіс Падуанскага ўніверсітэта аб дапушчэнні Скарыны да экзамену на вучоную ступень доктара медыцыны за 1512 год і шматлікія іншыя важныя дакументы. Істотную дапаможную ролю для здабыцця экспанатаў і стварэння экспазіцый патэнцыяльнага музея акажуць энцыклапедычныя выданні пра Скарыну 1988, 1990 і 2017 гадоў. Энцыклапедыя «Францыск Скарына», якая выйшла напярэдадні 2018 года, сведчыць, што ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўжо ёсць шмат патэнцыяльных экспанатаў для будучага музея.

Да экспазіцыі можна далучыць даступныя творы (у копіях ці арыгіналах) вялікіх папярэднікаў і паслядоўнікаў Скарыны, біяграфічныя звесткі пра яго сваякоў і сяброў, сучаснікаў і настаўнікаў, а таксама мастакоў, скульптараў і мастацтвазнаўцаў, якія захавалі вобраз першадрукара. Персаналій скарыназнаўцаў, пісьменнікаў, паэтаў, кінарэжысёраў, кампазітараў, мастакоў, скульптараў, моваі літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, філосафаў, педагогаў, рэлігіязнаўцаў, звязаных з імем Скарыны, у залах такога музея трэба было б прадставіць ці не 600.

Што датычыць структуры музея, дык яе можна падзяліць на асобныя перыяды, якія могуць уяўляць сабой самастойныя выставачныя залы: «Перадумовы для ўзнікнення кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны», «Дзяцінства і юнацтва Скарыны, бацька Лука і брат Іван, іншыя сваякі», «Вучоба ў Кракаўскім (Ягелонскім) універсітэце і знаходжанне яго ў Падуанскім універсітэце», «Кнігавыдавецкая і асветніцкая дзейнасць Скарыны ў Празе, Вільні», «Скарына ў паслякнігавыдавецкі перыяд (у Вільні, Познані, Кёнігсбергу, Празе…)», «Папярэднікі, сучаснікі і паслядоўнікі Ф. Скарыны», «Помнікі, мемарыяльныя дошкі Ф. Скарыны; вуліцы, арганізацыі, установы і дзяржаўныя ўзнагароды імя Ф. Скарыны», «Вобраз Ф. Скарыны ў выяўленчым, дэкаратыўна-прыкладным і народным мастацтве, у навуковай і мастацкай літаратуры, музыцы і кіно». У асобнай зале можна змясціць партрэты і звесткі пра гісторыкаў, філосафаў, філолагаў, псіхолагаў, мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў, якія стварылі шэдэўры інтэлектуальнай думкі пра Ф. Скарыну (тут трэба далучыць копіі ці арыгіналы гэтых твораў). Яшчэ адзін пакой — пад інфармацыю пра дзеячаў сусветнай і беларускай культуры, узнагароджаных ордэнамі і медалямі Францыска Скарыны. Апошнюю экспазіцыю прапаную назваць «Скарына і сёння служыць свайму народу». Гэтая частка паведаміць пра ўздзеянне прыкладу Скарыны на беларускую моладзь і ўвесь народ, адлюструе праяўленне яго творчай спадчыны ў сучаснай беларускай асвеце, навуцы і культуры.

У госці да першадрукара

Лепш за ўсё размясціць музей у Мінску, Полацку або Гомелі, бо ва ўсіх гэтых гарадах — трывалая база. Мінск — сталіца, галоўны горад рэспублікі, Полацк — малая радзіма Францыска Скарыны, Гомель — другі горад у краіне па велічыні. На выпадак размяшчэння такога музея ў ГДУ імя Ф. Скарыны ўжо існуе мастацкая канцэпцыя: акрамя эскіза памяшкання і экспазіцыйнага абсталявання, тут ёсць і чарцяжы для іх вырабу. У будучай экспазіцыі кожны экспанат атрымае адпаведны подпіс, маляўніча аформяцца раздзелы экспазіцыі, у жывапіснай ці графічнай форме ўзновяцца адсутныя ў фондах музея творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з’явяцца плакаты, стэнды, графікі, геаграфічныя карты, асноўныя архітэктурныя будынкі тых гарадоў, у якіх Скарына жыў, працаваў ці бываў па сваіх справах. Будуць прадстаўлены муляжы арыгінальных выданняў Ф. Скарыны і поўнае факсімільнае выданне асобных кніг Скарыны, ажыццёўленае ў Беларусі ў год юбілею беларускага кнігадрукавання.

Наведвальнікамі музея маглі б стаць не толькі беларусы, але і грамадзяне іншых краін. У дзяржаўны музей Францыска Скарыны будзе цікава прыйсці вяскоўцам і гараджанам, школьнікам і студэнтам, прадстаўнікам разнастайных сфер і прадпрыемстваў культуры, навуковым работнікам і вучоным, інтэлігенцыі, турыстам. Недахопу наведвальнікаў музей ніколі мець не будзе, бо яго аўдыторыя — увесь беларускі народ і зацікаўленыя нашай культурай замежнікі.

Упэўнены, што пры рашэнні стварыць музей Францыска Скарыны ў гэтую неабходную для дзяржавы справу з энтузіязмам уключыцца мноства прадстаўнікоў інтэлігенцыі ды іншых неабыякавых беларусаў. Я перакананы, што ўсе высокаадукаваныя і інтэлектуальна развітыя людзі ахвотна ўнясуць мноства каштоўных прапаноў і забяспечаць дапамогу для стварэння гэтага музея, які стане калектыўным творам усяго беларускага народа. А толькі такія творы і маюць пераважнае права на ўвекавечанне...

Падрыхтавала Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Натхнёныя першадрукаром

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».