Вы тут

Іонныя пасткі, электроліз, лазер: як навука мяняе мастацтва?


Заўсёды складана паверыць у магію, калі толькі чуеш пра яе. Але калі перад уласнымі вачамі разгортваецца незвычайнае дзеянне, пачынаеш не тое што думаць — адчуваць працэс па-іншаму. Люмінесцэнтныя дажджы, струменевыя патокі фатонных выпраменьванняў, мігатлівыя аўры... Усё гэта прывезлі ў Мінск знакамітыя ва ўсім свеце аўтары Эвяліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд. Творцы паказалі, як навука і мастацтва функцыянуюць побач і як уплываюць на свядомасць чалавека. Выстаўка ўнікальных арт-інсталяцый «Рабізна нябачных палёў» была прымеркаваная да Года навукі ў Беларусі.


Гэты праект можна лічыць завяршальнай кропкай альбо фінальным акцэнтам года, які паказаў айчыннаму гледачу, як важна фарміраванне і вывучэнне навукі ў сённяшніх рэаліях. Выкарыстоўваючы веды хіміі, фізікі і філасофіі, Эвяліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд ствараюць новыя выразныя сродкі мастацтва, праз каторыя дэманструюць працэсы, якія ў звычайным жыцці чалавек ніколі не зможа спазнаць сам. Дарэчы, Эвяліна Домніч нарадзілася ў Мінску, а Дзмітрый Гельфанд — у Санкт-Пецярбургу.

— Калі я з’ехала пасля заканчэння ўніверсітэта з Мінска ў ЗША, пазнаёмілася з Дзмітрыем. Мы паспрабавалі працаваць у мастацтве, звязаным з навукай, — і атрымалася, — расказвае Эвяліна Домніч. — З тых часоў у нас былі выстаўкі па ўсім свеце, але ніколі не было выставак у Беларусі. Гэты праект стаў аглядам нашай творчасці за апошнія пятнаццаць гадоў. Мы прадставілі розныя інсталяцыі, адна з якіх — дзесяцігадовай даўніны, другая — мінулага года, і трэцяя была зроблена паміж гэтымі перыядамі. Такім чынам, мы далі магчымасць гледачу зразумець і прааналізаваць шлях, які прайшлі.

Эвяліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд супрацоўнічаюць з навукова-даследчымі лабараторыямі ў Германіі, Японіі і Нідэрландах. У 2012 годзе яны адкрылі ўласную лабараторыю Synergetica ў Амстэрдаме на факультэце фізікі і астраноміі аднаго з універсітэтаў. Актыўна ўдзельнічаюць у буйных міжнародных выстаўках сучаснага мастацтва. Іх творчасць выклікала рэзананс. Гледачы не проста прыходзілі ўбачыць, як функцыянуе той ці іншы экспанат, а разбіраліся, як адбываецца яго дзеянне і што закладзена ў аснову працэсу.

— Справа ў тым, што мы працуем не з лічбавымі тэхналогіямі, не з камп’ютарнай тэхнікай, а з прыроднымі з’явамі, якія вывучаюцца ў самых апошніх навуковых даследаваннях, — адзначае Эвяліна Домніч. — Напрыклад, з іоннымі пасткамі, якія закладзеныя ў аснову квантавых камп’ютараў. Работа «CAMERA LUCIDA», што была прадстаўлена на выстаўцы ў Мінску, — з’ява гукалюмінесцэнцыі, якая пакуль не мае ніякага практычнага прымянення. Яна была адкрыта ў трыццатыя гады дваццатага стагоддзя, і дзесьці да дзевяностых гадоў нават не маглі зразумець, што гэта такое. З’ява заключаецца ў тым, што, калі высокачастотны гук праходзіць скрозь любую вадкасць, у нашым выпадку ваду, гэта адбываецца ў спалучэнні, калі ў вадкасці раствораны бурбалкі газы, гукавыя хвалі, выбухаюць мікрапузыры, якія пачынаюць свяціцца. Яны свецяцца не проста ўсюды, а ў піках гукавых хваляў. Значыць, гэты свет вымалёўвае трохмерную марфалогію, поле гукавых палёў, і чалавек можа бачыць гук у трохмернай прасторы. Гэта не аналогія, не камп’ютарная графіка, не мадэль, а сапраўдная з’ява перад вачыма чалавека. Каб убачыць гук, трэба зайсці ў абсалютна цёмны пакой, дзе тры-чатыры хвіліны чалавек да працэсу рыхтуецца. Цемра абвастрае іншыя органы пачуццяў і ўводзіць гледача ў сітуацыю фокуса.

Творчасць Эвяліны і Дзмітрыя шмат у чым грунтуецца на ідэях фенаменалогіі. Мастакі прынцыпова не пакідаюць магчымасць інтэрпрэтацыі твораў публіцы. Ім важна выразна акрэсліць тое, што паказваюць яны, растлумачыць гледачу тэарэтычны складнік праекта. Пасля дэманстрацыі твораў Эвяліна і Дзмітрый праводзяць невялікую лекцыю пра фізічныя ўласцівасці гуку, падчас якой усе прысутныя могуць задаваць пытанні. У гэтым і заключаецца больш глыбокая прычына, па якой «Гукалевітацыю» нельга назваць інсталяцыяй у чыстым выглядзе: адносіны паміж гледачом і мастаком тут займаюць цэнтральнае месца.

— У нас вельмі складаныя творы. Мы, як правіла, ствараем па адной рабоце ў год. І прадстаўляем іх як перформанс альбо інсталяцыю. Звычайна мы паказваем толькі адзін твор у групавой выстаўцы або выступаем у межах фэсту, — тлумачыць Эвяліна Домніч. — Гэта значыць, што нават паказаць адзін твор — ужо надта складана. Так, каб выстаўлялася некалькі нашых работ, гэта ўнікальны выпадак. Летась у нас была персанальная выстаўка ў музеі ў Францыі, дзе мы дэманстравалі шэсць інсталяцый у адной прасторы. Манціравалі праект месяц, а рыхтаваліся два гады. Патрэбны вялікі навукова-даследчы інстытут, каб такую выстаўку падтрымліваць. Звычайныя музеі або галерэі проста не гатовыя да такога фармату праектаў. Але сітуацыя мяняецца: калі мы пачалі працаваць у 2000 годзе, навука і мастацтва асабліва не фігуравалі разам на сцэне. Зараз у Еўропе — гэта трэнд. Мы з Дзмітрыем выкладаем у галандскай Акадэміі мастацтваў на факультэце навукі і мастацтваў. Вось так далёка гэта зайшло. Амерыка таксама расце ў гэтым кірунку. У нас усё больш там выставак. Апошнія дзесяць гадоў ідзе магутны выбух тэмы навукі і мастацтва, таму што ў канцы дзевяностых мастацтва было папулярна звязваць з інтэрнэтам, камунікацыямі, лічбавым мастацтвам. А цяпер у мастацтве ад гэтага ўсе стаміліся, таму ў пачатку двухтысячных навука і мастацтва атрымалі, з аднаго боку, крытычнае, з другога — глыбокае стаўленне.

Акрамя аб’екта «CAMERA LUCIDA» (2003 г.), у Мінску творцы паказалі яшчэ дзве арт-інсталяцыі. Першая называецца «HYDROGENY» (2010 г.). Гэта падобна да доўгага акварыума, на які накіраваны белы лазер. Вузкі пучок асляпляльнага святла працінае ваду ў празрыстай ёмістасці і паказвае краевугольны камень усяго існага — працэс электролізу, гэта значыць, падзел звычайнай вады на кісларод і вадарод. Лазар скануе працэс і дае магчымасць убачыць траекторыі бурбалак вадароду, якія нараджаюць дзіўныя вобразы. Другая інсталяцыя — таксама вельмі масіўны і складаны апарат «ION HOLE» (2016 г.). Вонкава выглядае як вялікая чорная скрыня, у якой з аднаго боку ярка асветленае вока, а з другога — праектар. Груба кажучы, у скрыні знаходзіцца іанізаваныя споры расліны пад назвай лікаподзій, якія адштурхваюцца адзін ад аднаго, адначасова рухаючыся да цэнтра пасткі з дапамогай электрычных палёў. Рух асвятляецца лазарам і потым праецыруецца на сцяну.

— Я прыйшла да навукі, калі вывучала філасофію. А філасофію цікавяць фундаментальныя пытанні: што такое час, прастора, успрыманне, свядомасць, — дзеліцца Эвяліна Домніч. — Навука таксама спрабуе адказаць на пытанне, што такое свядомасць, але пакуль яна вельмі далёкая ад адказу, а ў філасофіі і ў мастацтве гэтыя пытанні разглядзець можна. На стыку мастацтва, філасофіі, навукі нараджаюцца важныя ідэі. Ідэя з «CAMERA LUCIDA» была наогул простая. Мы падумалі, як можна гук успрыняць з дапамогай іншых органаў пачуццяў, напрыклад, з дапамогай зроку ці тактыльнага ўспрымання, таму што ў дадзеным творы зліваецца і глядзельнае, і тактыльнае, і слыхавое. І мы вельмі задаволены, што беларускі глядач адрэагаваў на выстаўку з цікавасцю. Я хвалявалася, але ўсё атрымалася. Той высокі ўзровень адукацыі, які прысутнічаў у Савецкім Саюзе, падказваў нам, што ў Беларусі мы знойдзем свайго гледача.

Яшчэ да арганізацыі выстаўкі многія выставачныя пляцоўкі сталіцы былі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Эвялінай Домніч і Дзмітрыем Гельфандам. Аўтары выбралі пляцоўку ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», таму што памяшканне знаходзіцца пад зямлёй і не трэба было ствараць светлавую ізаляцыю. Рэзананс і цікавасць гледачоў да праекта падштурхнулі аўтараў задумацца пра яшчэ некалькі праектаў у краіне. Эвяліна сёння не можа гаварыць пра тое, што яна толькі беларускі аўтар, але ж падкрэслівае, што яе карані моцныя і ёй прыемна кантактаваць з роднай краінай. Творца адзначае, што калі прэзентуе праекты на Захадзе, то еўрапейцы самі падкрэсліваюць, што яна беларуска.

Вікторыя АСКЕРА

 

Загаловак у газеце: Творчы сінтэз

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.