Вы тут

Гісторыя сямейнага бізнесу каля беларуска-расійскай мяжы


Аб'ект прыдарожнага сэрвісу «Руль», што каля беларуска-расійскай мяжы (з нашага боку) — сямейны бізнес. Уладальнікі, муж і жонка, раней жылі ў Рызе, потым — у Маскве. Але ў рэшце рэшт пераехалі ў Лёзна — бліжэй да мамы бізнесвумен.

У размове з нашым карэспандэнтам прадпрымальнікі расказалі пра тое, з чаго пачыналі і як развіваліся.


Гаспадары з дачкой і ўнукам.

На старце

З гэтымі ініцыятыўнымі людзьмі мяне пазнаёміла старшыня Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў Тамара Дрылёнак. І не дзіўна: мясцовая ўлада ва ўсім падтрымлівае тых, хто распачынае сваю справу, выходзіць на новы ўзровень дзелавой актыўнасці.

Ірына Ільюшчанка, кіраўнік прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Прыдарожнік», якому і належыць кафэ, і яе муж Альфрэд Шамко, фінансавы дырэктар, дарэчы, адразу папрасілі падзякаваць раённым уладам за разуменне і маральную падтрымку, за добрыя парады.

— Ад Лёзна мы знаходзімся прыкладна за дзесяць кіламетраў, на рэспубліканскай трасе Р 21 у будынку 1. Нашаму бізнесу нядаўна споўнілася дзесяць гадоў. Памятаю, як у райвыканкаме атрымала рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. У першы дзень мы літаральна пад адкрытым небам прадавалі агуркі са свайго агарода і... каву. Потым купілі вагончык, — успамінае Ірына Міхайлаўна. Яна скончыла ў наваполацкай ВНУ факультэт машынабудавання. У Маскве апынулася пасля развалу СССР, там жа атрымала спецыяльнасці кандытара і дызайнера.

Яе муж родам з Латвіі. Там і цяпер жывуць яго сваякі. Пра такіх кажуць — чалавек з «залатымі рукамі». У прыватнасці, у рамонце аўто ён — майстар! Таксама мае тэхнічную адукацыю, акрамя гэтага, захапляецца гісторыяй, краязнаўствам.

— Я аматар смачна паесці. Таму і адкрылі прыдарожную кропку харчавання (смяецца). Раней мы часта ездзілі з Масквы ў Беларусь і Латвію, так што нам была знаёмая і траса, і праблемы яе. У прыватнасці, раней не было дзе нават кавы папіць, не гаворачы пра тое, каб перакусіць, — расказвае Альфрэд Аляксандравіч.

Сям'я вырашыла ўнесці свой уклад у стварэнне прыдарожнай інфраструктуры. Калі ўсталявалі вагончык, кліентаў стала больш... Потым з'явіўся невялікі домік, але без кухні. Аднымі з першых яны перарэгістраваліся з ІП у юрыдычную асобу.

Вельмі няпроста было знайсці грошы, каб аплаціць праект збудавання аб'екта з кафэ. Калі з мінскай фірмы паведамілі, што праект абыдзецца прыкладна ў дзесяць тысяч еўра ў эквіваленце, настрой, зразумела, сапсаваўся. Ды і праект кацельні трэба было заказваць у іншай «канторы», якая адказвае за цеплазабеспячэнне. Плюс трэба было заплаціць яшчэ шмат за што. Напрыклад, за паслугі геадэзіста, энергетыка, дарожнай арганізацыі... Але сям'я настойліва дабівалася сваёй мэты — стварыць утульнае месца каля дарогі, не горш, чым у краінах ЕС. Паколькі муж і жонка шмат падарожнічалі па Еўропе, было з каго браць прыклад. Разумелі, што кафэ — гэта і своеасаблівая візітоўка краіны, бо ад мяжы з Расіяй — метраў 200, не больш. Таму зрабілі ўсё, каб з першых жа хвілін іншаземцы адчувалі, што Беларусь — гэта цывілізаваная краіна.

Кафэ «Руль».

Як да сваякоў

Расказалі прадпрымальнікі і пра сваіх кліентаў. Многія з іх — пастаянныя.

— Мы такіх па імені вітаем. Сустракаемся амаль як з роднымі. Ведаем, хто што любіць з ежы. Напрыклад, мусульманам прапаноўваем стравы без свініны. У нас спыняліся паесці немцы, італьянцы, французы, венгры, шмат палякаў, літоўцаў... Не раз чулі ад іх запрашэнні прыехаць у госці, — працягвае гаспадыня кафэ.

Жартуюць, што могуць не глядзець выпускі навін, бо замежныя госці расказваюць пра тое, што адбываецца ў іх краінах.

Амаль усіх гасцей, дарэчы, здзіўляе, што часнок на сталах можна браць бясплатна. Уладальнікі бізнесу такім чынам клапоцяцца, каб у халодны час года наведвальнікі атрымлівалі прафілактычныя «вітаміны». Тым, хто вырашыў паесці першы раз, потым прапаноўваецца адказаць на пытанні анкеты. Можна паставіць адзнаку ўстанове, выказаць свае пажаданні або незадаволенасць. Інфармацыя аналізуецца, і гэта спрыяе павышэнню ўзроўню абслугоўвання.

Кафэ працуе кругласутачна, без выхадных. І толькі з 30 снежня па 15 студзеня ўвесь калектыў (12 чалавек) разам сыходзіць у водпуск — першыя пару тыдняў новага года назіраецца рэзкі спад патоку аўто.

Фінансавы дырэктар, між іншым, канстатуе, што «вялікая» палітыка таксама ўплывае на колькасць кліентаў.

— Калі супраць Расіі, напрыклад, увялі санкцыі, міма нас адразу меней машын стала праязджаць. Калі ў Кітаі прапанавалі адрадзіць «Шаўковы шлях», рух актывізаваўся, — тлумачыць Альфрэд Аляксандравіч.

Прадпрымальнікі канстатуюць, што працаваць нялёгка, але зарабіць на прыдарожным сэрвісе можна нядрэнна. Ім дапамагае дачка Алена. А яе двое дзетак — 6-гадовы Мацвей і 4-гадовы Ілья — прыдумалі гульню «у кафэ». Будзе каму перадаць бізнес!

Дарэчы, муж з жонкай задумалі прадаваць яшчэ і прадукты з падсобных гаспадарак жыхароў раёна. У «церамку» можна будзе купіць мяса і агародніну, малако, смятану і гэтак далей. Такім чынам на прыдарожным сэрвісе змогуць зарабляць і тыя, хто наўрад ці калісьці зоймецца бізнесам.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: А пачалося з... агуркоў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.