Вы тут

На што людзі скардзяцца ў аблвыканкам?


У 2017 годзе было зафіксавана 3949 скаргаў, у 2016 — на 22 больш. Аднак, адзначае начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Гомельскага аблвыканкама Ала БЕЛЯНОК, людзі куды часцей сталі карыстацца электроннай скрыняй. На 20 % больш зафіксавана зваротаў, якія прыйшлі да чыноўнікаў праз інтэрнэт.


Дарэчы, больш за палову зваротаў (55 %), як пісьмовых, так вусных ці электронных, грамадзяне накіроўваюць адразу ў аблвыканкам. Астатнія звароты трапляюць сюды праз іншыя органы і арганізацыі, у тым ліку вышэйстаячыя. Па-ранейшаму пэўная частка людзей рашаюцца паскардзіцца толькі ананімна. Сёлета было зафіксавана 88 зваротаў без подпісу.

— Самай папулярнай тэмай у грамадзян застаюцца жыллёвая гаспадарка ў розных яе праявах, а таксама стан дарог, — адзначае Ала Мікалаеўна. Ёсць шмат прыкладаў, калі менавіта актыўнасць людзей дазваляла вырашыць гэтыя праблемы на пэўных тэрыторыях. Так, былі ліквідаваны недахопы ў рабоце сістэмы ацяплення ў жылых дамах па вуліцы Падольскай у горадзе Калінкавічы, выкананы работы па аднаўленні вонкавага асвятлення па вуліцах 1-я Лінейная, Камунальная, Прыазёрная ў Гомелі, а таксама падсыпаны інертныя матэрыялы на дарожнае пакрыццё вуліцы Камунальнай. Зроблены рамонт праезнай часткі аўтадарогі Яроміна—Лапаціна, выкананы ямачны рамонт участка аўтадарогі Фаставічы—Камаровічы ў Петрыкаўскім раёне, адрамантавана асфальтабетоннае пакрыццё па вуліцы Чачэрскай і каля крамы «Еўраопт» у Гомелі. Адрамантаваны водаправод па адной з вуліц у Старым Сяле Веткаўскага раёна. Дарэчы, за несвоечасовае прыняцце мер па прадухіленні аварыйнай сітуацыі прыцягнуты да адказнасці спецыялісты камунальнага жыллёвага ўнітарнага прадпрыемства «Веткаўскае».

Значна радзей жыхары Гомельшчыны сталі скардзіцца на аплату жыллёва-камунальных паслуг. А вось плаціць за вываз цвёрдых адходаў многія згаджаліся не адразу. З такімі грамадзянамі, гаворыць Ала Белянок, прыходзілася праводзіць растлумачальную работу. І яна дала плён. Калі ў першым квартале 2017 года ў аблвыканкам паступіла 53 звароты па пытанні аплаты жыллёва-камунальных паслуг, то ў чацвёртым — 15.

Разам з тым па асобных пытаннях зваротаў стала больш. Многія людзі прыходзілі на прыём з просьбамі дапамагчы працаўладкавацца — у сувязі з рэалізацыяй дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». У кожным выпадку праводзілася індывідуальная работа.

Напрыклад, вяскоўка папрасіла намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Прывалава пасадзейнічаць у працаўладкаванні ў ААТ «Рагінь». Жанчына амаль адразу ж атрымала пасаду аператара машыннага даення на гэтым прадпрыемстве. Уладзімір Прывалаў разбіраўся і са зваротам грамадзянкі наконт ачысткі калодзежаў з пітной вадой у вёсцы Беліца Жлобінскага раёна. Мінулай вясной такія работы былі выкананы.

У камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве «Асавец» у якасці бухгалтара цяпер працуе жанчына, якая звярнулася да кіраўніка спраў Гомельскага аблвыканкама Алены Клічкоўскай. Падчас той жа прамой тэлефоннай лініі паскардзілася і жыхарка Жлобіна — на незаконнае ўзвядзенне агароджы суседзямі. Па выніках разгляду звароту агароджа была дэмантавана і ўсталявана ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона.

Праблемы землекарыстання заўсёды выклікаюць шмат пытанняў. Мінулы год не стаў выключэннем — падобных скаргаў таксама стала крыху больш. Многія людзі не хочуць прымаць існуючае заканадаўства і прад'яўляюць да органаў выканаўчай улады патрабаванні, для задавальнення якіх няма законных падстаў.

— Напрыклад, за мінулы год у аблвыканкам паступіла 254 звароты па вырашэнні зямельных спрэчак: змяненні межаў зямельнага ўчастка або зносе будынкаў суседзяў. Гэтыя праблемы неаднаразова, усебакова і аб'ектыўна разглядаліся і растлумачваліся грамадзянам. Мы часта гаворым пра неабходнасць слухаць і чуць людзей, але ж хацелася б, каб яны таксама чулі тое, што мы ім расказваем наконт вырашэння спрэчных сітуацый — у адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, — кажа Ала Белянок.

Разабрацца з безгаспадарлівасцю на ўчастку, які прылягае да ўладанняў гамяльчанкі Н.Л., дапамог старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік. З аналагічным пытаннем звярнулася і грамадзянка Л.К. падчас тэлефоннай размовы з першым намеснікам старшыні аблвыканкама Аляксандрам Мікалуцкім. Работы па навядзенні належнага санітарнага парадку на зямельных участках аператыўна выкананы адміністрацыяй Навабеліцкага раёна Гомеля.

Раёны Гомельшчыны, у якіх адзначана павелічэнне колькасці зваротаў у вышэйстаячыя органы, узяты на асаблівы кантроль: Брагінскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Петрыкаўскі і Рэчыцкі.

Па выяўленых фактах бюракратызму, парушэння парадку разгляду зваротаў былі прыцягнуты да адказнасці адпаведныя службовыя асобы. Так, за парушэнне тэрміну разгляду звароту Г. Б., які паступіў з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Увогуле ж за парушэнне парадку разгляду зваротаў дысцыплінарна пакараны 13 чыноўнікаў абласной вертыкалі і каля 200 раённага ўзроўню.

— Штомесяц летась праводзіліся нарады ў рэжыме відэаканферэнцыі з удзелам кіраўнікоў спраў, начальнікаў аддзелаў па рабоце са зваротамі грамадзян усіх узроўняў выканаўчай улады. Адначасова праходзіла і вучоба службоўцаў, якія курыруюць гэтую работу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Скаргі праз інтэрнэт і не толькі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».