23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Дэпутаты магілёўскага гарсавета зацвердзілі бюджэт і прагнозы


Менавіта бюджэт горада і прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёва на 2018 год сталі самымі галоўнымі пытаннямі апошняй у 2017 годзе 45-й сесіі Магілёўскага гарсавета. У ёй прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Магілёўскай вобласці Пётр Салаўёў, Аляксандр Старавойтаў і Вольга Петрашова.


Бюджэт запланаваны з даходнай часткай амаль 316,5 мільёна рублёў. Яго напаўненне больш чым на 67 % будзе адбывацца за кошт падаходнага і іншых падаткаў. Павелічэнне даходнай часткі бюджэту плануецца таксама за кошт развіцця эканомікі горада і максімальнага выкарыстання гарадской камунальнай маёмасці, скарачэння колькасці стратных прадпрыемстваў, гатовай прадукцыі на складах і гэтак далей.

— Былі пэўныя цяжкасці ў фарміраванні бюджэту, але ён усё ж запланаваны з прафіцытам, — адзначыў старшыня Магілёўскага гарсавета Сяргей Іваноў. — Фінансавыя службы разлічылі такім чынам, каб наступны год закончыць з плюсам. Гэтаму павінна садзейнічаць эканамічнае аздараўленне.

Расходная частка бюджэту складае крыху больш за 315 мільёнаў рублёў, і, як заўсёды, будзе сацыяльна-арыентаваная. Асноўныя бюджэтапаглынальныя кірункі — адукацыя і ахова здароўя, на якія запланавана выдаткаваць каля 122 і 99,5 мільёна адпаведна (або больш за 70 % бюджэту). З 2016 года ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі горада ўдзельнічаюць у пілотным праекце па апрабацыі нарматыўнага фінансавання на аднаго навучэнца. Пачынаючы з 2018 года да гэтага праекта далучыліся ўсе ўстановы дашкольнай адукацыі Магілёва. Сярод навацый і ўдзел бюджэту Магілёўскага раёна ў фінансаванні ўстаноў аховы здароўя, якія размешчаны на тэрыторыі раёна і абслугоўваюць сельскае насельніцтва.

На трэцім месцы па фінансаванні выдаткаў знаходзіцца ЖКГ — 35,4 мільёна рублёў — (на 22 мільёны менш, чым летась). Прадугледжана субсідзіраванне паслуг толькі па цеплазабеспячэнні. Астатнія паслугі — тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду, абслугоўванне ліфтаў, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў — выходзяць на самаакупнасць. Менш сродкаў будзе выдзяляцца і на бягучы рамонт. Калі ў 2017-м адзін квадратны метр агульнай плошчы памяшканняў каштаваў бюджэту 0,29 рубля, то ў 2018-м — 0,23. Менш грошай накіруецца і на добраўпарадкаванне — 15,5 мільёна рублёў замест 25,7 мільёна, як было ў мінулым годзе.

— І прагноз, і бюджэт горада спачатку разглядаліся гарвыканкамам, а затым былі аддадзены нам на абмеркаванне. Мы яго разглядалі двойчы — на пашыраным пасяджэнні прэзідыума і на сесіі. Больш за ўсё пытанняў узнікала па вызначэнні ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, асабліва ў дачыненні да фізічных асоб. Савет дэпутатаў мае права павялічваць каэфіцыент да 2,5 раза. Але зыходзячы з даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, дэпутаты прыйшлі да меркавання, што каэфіцыент павінен быць не вышэй за 2, — паведаміў Сяргей Іваноў.

Выдаткі на зарплату ў бюджэце разлічаны з ростам яе ў межах 10 %.

— Разлікі зроблены з улікам зарплаты, пакупніцкай здольнасці насельніцтва і выпрацоўкі на аднаго работніка, — удакладніў Сяргей Іваноў. — Не могуць тэмпы росту прадукцыйнасці працы быць ніжэйшыя, чым тэмп росту зарплат. Гэта закон эканомікі.

Дэпутаты лічаць, што абмежаванасць бюджэтных рэсурсаў стане стымулам для павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў і арганізацый горада, стварэння новых працоўных месцаў, забеспячэння росту заработнай платы, жорсткай эканоміі выдаткаў і працягвання аптымізацыі.

Што датычыцца эфектыўнасці работы за 2017 год, то індэкс прамысловай вытворчасці (вызначаны па наборы тавараў-паслуг) склаў 103,4 % да ўзроўню 2016 года. Экспарт тавараў без уліку арганізацый рэспубліканскай падпарадкаванасці склаў 107,7 % пры заданні 105,6 %, экспарт паслуг — 133,6 % (заданне 105,6 %), прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове дасягнулі 32,3 мільёна долараў пры заданні 15,8 мільёна. Колькасць працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы склала 2125 чалавек пры такім жа заданні. Намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата дасягнула планкі 753,5 рубля пры заданні 858,1.

Усяго на сесіі было разгледжана 23 пытанні па розных кірунках дзейнасці.

— З 1 студзеня мы пачынаем жыць з новага ліста. Самая значная палітычная падзея 2018 года — выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія адбудуцца 18 лютага, — падкрэсліў Сяргей Іваноў. — Шэраг дэпутатаў 27 склікання, калі магіляўчане акажуць ім такі давер, працягнуць работу ў складзе 28 склікання. Работа будзе напружаная. Адзін з важных элементаў перадвыбарнай кампаніі — неабходна пазбягаць папулісцкіх абяцанняў. Раім кандыдатам пры сустрэчы з выбаршчыкамі падчас агітацыйнай кампаніі ў працоўных калектывах, па месцы жыхарства па максімуме валодаць інфармацыяй аб пытаннях, якія востра наспелі і патрабуюць абавязковага рашэння. Заўвагі, скаргі, пажаданні — усё павінна быць накіравана для разгляду ў адпаведныя інстанцыі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: На што пойдуць грошы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.