Вы тут

Найлепшыя фільмы, без якіх нельга ўявіць навагоднія і калядныя святы


Навагоднія святы — той час, калі адчуванне чарадзейнай казкі як ніколі блізкае. Прыгажуня ёлка і цёплая хатняя атмасфера вяртаюць нас у дзяцінства з абавязковым у такія дні чаканнем цудаў. Прапануем вам падборку фільмаў, якія дапоўняць святочны настрой сваёй чароўнасцю і ўтульнасцю.


«Адпачынак па абмене» (2006)

У ролях: Кэмеран Дзіаз, Кейт Уінслет, Джуд Лоў і інш.

Айрыс Сімпкінс (Кейт Уінслет), аўтар папулярнай вясельнай калонкі ў лонданскай «Daіly Telegraph», жыве ў прыгожым катэджы ў англійскай правінцыі. Яна закаханая ў мужчыну, які, як гэта часта здараецца, кахае іншую. Далёка ад яе, у Паўднёвай Каліфорніі, жыве Аманда Вудс (Кэмеран Дзіаз), уладальніца паспяховага рэкламнага агенцтва, якое здымае ролікі для фільмаў. Раптам яна разумее, што каханы ёй здраджвае. Дзве незнаёмыя жанчыны, што жывуць на адлегласці ў 10 тысяч кіламетраў, аказваюцца ў аднолькавай сітуацыі. І кожная з іх напярэдадні свята, калі на сэрцы скрабуць кошкі, хоча чарадзейным спосабам перанесціся ў зусім іншае месца. Яны выпадкова знаёмяцца на сайце абмену жыллём на час адпачынку. Чаму б і не? І вось ужо адна з іх спяшаецца ў сонечную Каліфорнію, а іншая цягнецца ў туфлях на высокіх абцасах з чамаданам па заснежанай англійскай правінцыі. І можна не сумнявацца: кожная з іх сустрэне на новым месцы сваё шчаслівае Раство!

Сузор'е знакамітых акцёраў, рамантычная гісторыя пра каханне — што яшчэ трэба для паспяховага кіно? Дарэчы, у 2007-м фільм атрымаў прэмію канала MTV... за найлепшы пацалунак Кэмеран Дзіаз і Джуда Лоў, які іграе абаяльнага англічаніна Грэма.


«Рэальнае каханне» (2003)

У ролях: Х'ю Грант, Ліам Нісан, Эма Томпсан, Колін Фёрт, Кіра Найтлі і інш.

Усё ж такі светам кіруе каханне. І ў навагоднія святы гэта адчуваецца асабліва. Такія розныя людзі, розныя сітуацыі: нечаканыя, невытлумачальныя, кур'ёзныя. І не мае значэння, хто ты — прэм'ер-міністр, раўнівая жонка, пісьменнік, стары рокер ці ўдавец з закаханым сынам-падлеткам. Гэта святочная трагікамедыя зноў пацвярджае старую ісціну: сэрцу не загадаеш.

Стваральнік камедыі Рычард Кёрціс прызнаўся, што адной з прычын зняць такое кіно было тое, што здымкі аднаго рамантычнага фільма ў яго займаюць 3—4 гады. Такім чынам, яму б не хапіла жыцця, каб рэалізаваць усе свае задумкі. Таму ён вырашыў аб'яднаць некалькі гісторый у адзін фільм і паглядзець, што з гэтага атрымаецца.

Дарэчы, першыя кадры фільма са шматлікімі сустрэчамі блізкіх у аэрапорце здымаліся без прыцягнення статыстаў. Здымачная група расставіла камеры ў Хітраў і здымала выпадковых людзей, у якіх потым атрымала згоду на выкарыстанне гэтых відэаматэрыялаў у карціне. А возера, у якім плёскаліся героі Лусіі Моніц і Коліна Фёрта, у сапраўднасці мела глыбіню ўсяго 45 см, і акцёрам давялося праявіць немалы спрыт, каб на экране гэта сцэна выглядала праўдзівай. Між іншым, у 2017-м выйшаў кароткаметражны працяг фільма пад назвай «Дзень чырвоных насоў», які расказвае, як склаўся лёс герояў праз 13 гадоў.


«Адзін дома — 2: Згублены ў Нью-Ёрку» (1992)

У ролях: Макалей Калкін, Джо Пешы, Дэніэл Стэрн, Кэтрын О'Хара, Роб Шнайдэр і інш.

Прыгоды Кевіна працягваюцца! Па старой традыцыі яго зноў згубілі напярэдадні Раства. Але няма сэнсу сумаваць, тым больш, калі ты апынуўся ў Нью-Ёрку, а ў тваёй сумцы татава крэдытная картка. Наперадзе столькі цікавага! Тым часам знаёмая ўсім пара жулікаў уцякла з турмы...

Трэба адзначыць, што Макалей Калкін атрымаў ганарар у памеры 8 мільёнаў долараў за ўдзел у сіквеле. На той момант гэта быў самы каштоўны чэк, выпісаны на імя 12-гадовага хлопчыка. Праз некалькі тыдняў пасля выхаду карціны была выпушчана сапраўдная версія гульні Talkboy, якую Кевін актыўна выкарыстоўвае ў фільме. Яна таксама магла апрацаваць дзіцячы голас у дарослы мужчынскі. Больш за тое, на фоне поспеху была выпушчана і дзявочая мадэль гульні пад назвай Talkgіrl, якая магла гаварыць жаночым голасам. Яна таксама карысталася шалёнай папулярнасцю. І нарэшце, нельга не звярнуць увагу на той факт, што ў эпізодзе карціны можна ўбачыць цяперашняга амерыканскага прэзідэнта. Калі Кевін уваходзіць у гатэль «Плаза» і пытаецца ў мінака: «Дзе тут хол?», яму адказвае рэальны Дональд Трамп, які на момант здымак з'яўляўся ўладальнікам гасцініцы.


«Стары Новы год» (2011)

У ролях: Роберт Дэ Ніра, Мішэль Пфайфер, Эштан Кутчар, Зак Эфрон, Сара Джэсіка Паркер і інш.

Героі фільма — жыхары горада, які ніколі не спіць. Нью-Ёрк напярэдадні Новага года перапляце лёсы некалькіх герояў: цяжка хворага пажылога чалавека ў бальніцы, сакратаркі, якая вырашае нарэшце ажыццявіць дадзеныя сабе абяцанні, прадзюсара знакамітага навагодняга шоу на Таймс Сквер, чалавека, які ўвогуле ненавідзіць гэта свята. Паспяховая вядучая імкнецца вярнуцца ў дзяцінства, знакаміты спявак нечакана сустракае сваё даўняе каханне, а адзінокая жанчына спяшаецца некуды ў прыгожай сукенцы... Магія свята аб'ядноўвае людзей, якія яшчэ ўчора не былі знаёмы.

Амерыканскі крытык Оўэн Гліберман ахарактарызаваў фільм як «Мармеладная камедыя, якой прыемна песціць сябе ў святочны вечар». І сапраўды, у фільме зняліся два дзясяткі зорак першай велічыні. Сабраць іх разам было няпроста. Напрыклад, Зак Эфран расказваў, што паколькі закахаўся ў Мішэль Пфайфер яшчэ на здымках фільма «Лак для валасоў», то пагадзіўся і на ролю ў «Старым Новым годзе», дзе таксама была задзейнічаная актрыса. Дарэчы, Зак Эфран і Эштан Кутчар выконваюць ролі найлепшых сяброў, але так і не сыгралі разам ні ў адной сцэне, а толькі размаўлялі па тэлефоне. А рэжысёр фільма Гэры Маршал не здрадзіў сабе і гэтым разам: у кожны свой фільм ён запрашае акцёра Гектара Элізонда, бо лічыць яго сваім талісманам, які прыносіць удачу.


«Вам пісьмо» (1998)

У ролях: Том Хэнкс, Мэг Раян, Грэг Кінэр, Паркер Поўзі, Джын Стэплтан і інш.

Што агульнага можа быць у Кэтлін, прадаўшчыцы з маленькай крамы, і Джо, уладальніка сеткі кнігарняў? Акрамя відавочнай любові да літаратуры, іх аб'ядноўвае агульная таямніца: ні разу ў жыцці не сустрэўшыся, яны ўжо даўно вядуць актыўную перапіску. Абодва з нецярпеннем чакаюць новага паведамлення і паціху пачынаюць прывязвацца да віртуальнага суразмоўніка. Зрэшты, гэта не перашкаджае іх асабістаму жыццю: у Кэтлін ёсць малады чалавек, а Джо сустракаецца з дзяўчынай. Але ў рэальным жыцці іх інтарэсы нечакана перасякуцца, пагражаючы Кэтлін стратай справы ўсяго жыцця. Што возьме верх у нялёгкай барацьбе: бізнес ці пачуцці?

Цікава, што фільм «Вам пісьмо» — трэцяя спроба экранізацыі аднаго і таго ж сюжэта. Упершыню гэта тэма стала асновай карціны «Крама за вуглом» (1940) і брадвейскага мюзікла «Яна яго кахае». А пасля і кінамюзікла «Старым добрым летам» (1949).


«Інтуіцыя» (2001)

У ролях: Джон К'юсак, Кейт Бэкінсейл, Джэрэмі Півел, Юджын Леві і інш.

У адзін мітуслівы зімовы дзень пасярод імклівага натоўпу Джонатан сустрэў Сару. Двое незнаёмых людзей у ахопленым пераднавагодняй мітуснёй горадзе адчуваюць, што іх неадольна цягне адно да аднаго. І яны вырашаюць праверыць лёс: ён запісвае тэлефон на банкноце, яна — у кнізе. Купюру разменьваюць, а кнігу здаюць букіністу. Джонатан і Сара ўпэўнены, што хутка яны пабачацца зноў. Але каварны лёс распарадзіўся па-свойму...

Цікава, што падчас здымак некаторых сцэн перад пляцоўкай вісела запіска: «Так, мы здымаем фільм. Ён называецца «Інтуіцыя». Галоўныя ролі выконваюць Джон К'юсак і нейкая дзяўчынка з Англіі, якую вы не ўспомніце, нават калі мы скажам яе імя. Здымкі працягнуцца ўсю ноч. Калі ласка, не адцягвайце ўвагу каманды. Нават калі здаецца, што яны нічога не робяць, — яны думаюць». Джонатан К'юсак і Кейт Бэкінсейл здымаліся разам усяго некалькі дзён. Як і іх героі, яны практычна адно аднаго не бачылі. Зрэшты, «нейкая дзяўчынка з Англіі» Кейт Бэкінсейл пасля знялася больш чым у чатырох дзясятках фільмаў, прызнавалася часопісамі самай прыгожай жанчынай Англіі і самай сексуальнай жанчынай сярод сучасніц.

Падрыхтавала Алена КРАВЕЦ

kravets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Светам кіруе каханне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».