Вы тут

Тры маленькія хлопчыкі ўцяклі з дзіцячага садка ў Светлагорску


Тры маленькія хлопчыкі ўцяклі з дзіцячага садка № 21 у Светлагорску. Аднаму чатыры гады і двум — па тры. Навіна захапіла інфармацыйную прастору краіны ўжо пасля таго, як юныя шукальнікі прыгод былі дома і персанальна высвятлялі ўсе абставіны ўцёкаў з бацькамі.


Дарэчы, як расказаў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, дзетак знайшлі вельмі хутка пасля таго, як адзін з бацькоў 3 студзеня ў 17.30 прыйшоў у садок і высветліў, што сына там няма. Між тым ужо ў 18.11 было паведамленне пра тое, што дзеці знойдзены: у дызель-цягніку Светлагорск — Жлобін, які адправіўся ў 17.19.

Заўважыў іх у апошні момант аглядчык вагонаў, які адразу ж паведаміў пра гэта памочніку машыніста. Машыніст Яўгеній Новік тут жа даў загад паглядзець і высветліць, што за «малалеткі» селі ў вагон.

Памочнік машыніста суправаджаў дзяцей, якія прыдумвалі версіі сваіх уцёкаў, да моманту, пакуль не здаў іх у Жлобіне на рукі папярэджаным па тэлефоне супрацоўнікам транспартнай міліцыі Ігару Акамееву і Руслану Дашкоўскаму. Па дарозе праз мабільныя праграмы праваахоўнікі ўдакладнілі, ці з'яўляюцца знойдзеныя хлопчыкі тымі самымі вышукванымі ў Светлагорску ўцекачамі. У Жлобіне іх пасадзілі ў міліцэйскую машыну і даставілі ў родны Светлагорск, да якога 55 кіламетраў.

Можна меркаваць, што дзеці збеглі з садка прыкладна а 16-й гадзіне, бо ім спатрэбіўся нейкі час, каб самастойна дабрацца да вакзала, які знаходзіцца на адлегласці менш за кіламетр ад выхаваўчай установы. І асноўнае пытанне ва ўсіх, зразумела ж, — адно: чаму паўтары гадзіны выхавальнікі не ведалі пра адсутнасць траіх дзетак.

Між тым псіхолагі лічаць, што такія паводзіны малых не з'яўляюцца нечым дзівосным і паталагічным. Больш за тое, многія сюжэты сусветнай дзіцячай літаратуры пабудаваны на гэтай мадэлі паводзін, нагадвае старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Сцяпан Станібула:

— Для дзяцей характэрныя такія паводзіны. Другое пытанне: як педагагічныя супрацоўнікі дзіцячага садка дазволілі гэта зрабіць? Увогуле ж многія дзеці робяць спробы збегчы з садка ці думаюць пра гэта. Каб падобнае папярэдзіць, для дзяцей павінна быць арганізавана якаснае суправаджэнне ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Не выключана, што ў малых быў дэфіцыт гульні і яны не ведалі, як рэалізаваць сваю энергію. Калі дзіцяці не даваць магчымасці фантазіраваць, гуляць, маляваць, увогуле не падтрымліваць дынамічныя працэсы, то гэта можа прывесці да такой сітуацыі. Тым больш ёсць гіперактыўныя дзеці, з ярка выражанымі тэмпераментнымі характарыстыкамі, якім складана сядзець на месцы. Малыя часта капіруюць паводзіны медыйных персанажаў, якія ім падабаюцца. Нейкія «пасланні» дзеці заўсёды агучваюць, але ж бацькі не заўсёды гатовыя іх пачуць. Таму вельмі важна ведаць патрэбы свайго дзіцяці, давяраць яму, слухаць уважліва, што малы гаворыць.

Між тым, як стала вядома, выхавальнік светлагорскага дзіцячага садка № 21 ужо звольнена па Дэкрэце № 5 «Пра ўзмацненне патрабаванняў да кіруючых кадраў і супрацоўнікаў арганізацый». Абвешчана вымова начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама.

У прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі паведамілі, што створана камісія для расследавання інцыдэнту па факце ўцёкаў малалетніх дзяцей. Пытанне пра адпаведнасць пасадзе загадчыка дашкольнай установы будзе разгледжана пасля яго заканчэння.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка назваў абуральным выпадак, які адбыўся з выхаванцамі светлагорскага дзіцячага садка. Міністэрства адукацыі накіравала ў аблвыканкамы, Мінгарвыканкам і рай(гар)выканкамы ліст «Пра ўзмацненне адказнасці за стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі».

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг