Вы тут

Не жыццё, а пернікі!


Яркі, насычаны пах духмянага імбірнага печыва пануе ў майстэрні. У імгненне вока водар, знаёмы з дзяцінства, пераносіць нас у навагоднюю казку. Туды, дзе хаваюцца пад махнатымі лапамі ёлкі падарункі, дзе рассыпаюцца цёплымі іскрамі бенгальскія агні і гучна выстрэльвае шампанскае... Так, імбірныя пернікі – безумоўны атрыбут зімовых свят. "Алеся" сустрэлася з жанчынай, якая сваё кулінарнае захапленне ператварыла ў справу жыцця. Знаёмцеся: Кацярына ВАРГАНАВА, кіраўнік майстэрні Pernik.by.

– Вучоныя кажуць, што жанчыны праводзяць на кухні, сярод рондаляў і патэльняў, 8 паўнацэнных гадзін на тыдзень! Але для многіх кулінарыя – свядомы выбар. Напрыклад, як вы рашыліся адкрыць пернікавую майстэрню?

– Праца ў буйной карпаратыўнай кампаніі не прыносіла мне задавальнення, хоць я і зарабляла нядрэнныя грошы. Вечарамі адчувала сябе нібы выжаты лімон. Была на грані эмацыянальнага выгарання. І ў адзін момант усвядоміла – усё, хопіць! Хачу займацца любімай справай. Атрымліваць станоўчыя эмоцыі, задавальненне і, вядома ж, грошы.

Але за што ўзяцца? Паразважала – і падумалася: а чаму б не ператвараць сваё хобі ў бізнес? Роспіс пернікаў – маё захапленне. Пачала размалёўваць ласункі для сваіх дзетак, калі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. За гэтым заняткам магла правесці цэлы дзень, ад світання да змяркання, і гэта мне не надакучвала.

– З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца напачатку?

– Прыйшлося паглыбіцца ў незнаёмы мне раней свет бізнесу. Адна справа рабіць кандытарскія вырабы для сябе, зусім іншая – наладзіць вытворчасць. Сертыфікаты, рэгламенты, папяровая цяганіна – сёння я ўспамінаю той час з усмешкай, а тады плакаць хацелася. Дзякуй маім родным і сябрам. Заўжды былі побач, падбадзёрвалі, запэўнівалі, што ўсё атрымаецца.

За кадрам сёння засталіся бяссонныя ночы, ваганні, сумневы, незлічоныя спробы. Адзінай формулы, як зрабіць бізнес паспяховым і прыбытковым, каб ён нават у шторм трымаўся на плыву, няма. Аднак у кіраўніка павінна быць рашучасць і моцная воля. Вельмі шмат залежыць ад каманды, якую ты сабраў. Таленавітыя, надзейныя людзі дапамогуць прыйсці да поспеху. Сваіх калег я называю “пернікавыя феі”. У пякарні пануе добразычлівая, лёгкая атмасфера, прасякнутая творчасцю і душэўнасцю. Напэўна, менавіта таму нашыя пернікі такія смачныя (усміхаецца).

Што думаю наконт шанцавання, падарункаў лёсу? Ну, будзем рэалістамі. Шанцаванне – спрыяльны збег абставін. І яны не зваляцца на вас з неба, калі вы будзеце адпачываць на канапе. У 99 выпадках са 100 за поспехам стаіць доўгая, крапатлівая праца. У першую чаргу – над сабой. Калі чалавек развіваецца інтэлектуальна, узбагачаецца эмацыянальна і духоўна, у яго жыццё абавязкова прыйдуць і поспех, і грошы, і папулярнасць – тое, што ён хацеў атрымаць.

– Сёння ў кожным супермаркеце можна купіць самае рознае печыва. Як вы лічыце, чаму вашыя пернікі карыстаюцца попытам?

– Наша галоўная перавага – натуральныя кампаненты слодыча: мука, алей, мёд. Ніякай шкоднай хіміі, “ешак”, араматызатараў – тых рэчываў, якімі часта грашаць вытворцы печыва. Калі я стала мамай, больш пільна пачала вывучаць састаў прадуктаў, бо, як любая жанчына, клапачуся пра здароўе сваіх дзетак. У нашай пякарні асаблівая ўвага надаецца менавіта якасці.

Вы заўважалі, што пернік ручной працы – не проста кандытарскі выраб. Гэта асаблівы прадукт – “пяшчотны”, душэўны. Бо ў кожны слодыч мы ўкладаем часцінку сваёй душы. Нашы пернікі могуць здзівіць, выклікаць усмешку, расчуліць, прычым як дзяцей, так і дарослых.

– У майстэрні можна набыць салодкія падарункі на ўсе выпадкі жыцця: вяселле, дзень нараджэння, 8 сакавіка. Якія заказы самыя папулярныя?

– Самая гарачая пара ў нас пачынаецца перад зімовымі святамі. На піку папулярнасці – імбірныя пернікі, бо гэта неад’емны атрыбут Калядаў і Новага года. Рукавічкі і ялінкі, снегавікі і снягурачкі, зорачкі і зайчыкі – тэматычныя вырабы ідуць на “ура”. У дабавак, мы заўжды знаходзімся ў пошуку новых творчых ідэй і рашэнняў. Наша навінка – наборы пернікаў, якія можна размаляваць самастойна. Уявіце, наколькі гэта аб’ядноўвае! Бацькі і дзеці адкладаюць смартфоны, адыходзяць ад тэлевізара, збіраюцца за адным сталом і бавяць час разам.

Для дзетак такі занятак не толькі цікавы, але і карысны. Роспіс развівае дробную маторыку, дапамагае раскрыцца творчым здольнасцям. Паверце, дзеці і дарослыя атрымаюць масу пазітыўных эмоцый! У нашых наборах вы знойдзеце пернікі і ўсё неабходнае для іх упрыгожвання: харчовую глазуру, дэкаратыўныя пасыпкі, кандытарскі пакет і інструкцыі па прыгатаванні розных кампанентаў. Не хочаце стандартных рашэнняў – праяўляйце фантазію!

– Ці ўлічваеце вы старадаўнія беларускія традыцыі?

– Пернікі – адны з самых старажытных кандытарскіх вырабаў. Гісторыя іх паходжання сыходзіць углыб тысячагоддзяў. У старажытныя часы прысмакі гатавалі з сумесі мёду, жытняй мукі, ягаднага соку. Непаўторны густ і водар печыву надавалі вострыя прыправы. Нашыя продкі выпякалі пернікі ў самыя важныя моманты жыцця: дзень нараджэння, вяселле, сяўба, жніво. Рэцэпты перадавалі з пакалення ў пакаленне, і кожная сям’я старалася захаваць таямніцы свайго кулінарнага вырабу.

Мы шануем старадаўнія традыцыі кулінарнага рамяства, у аснове якіх – выкарыстанне толькі натуральных прадуктаў. І дабаўляем свае варыянты ўпрыгожвання пернікаў, новыя тэхнікі роспісу. Ствараем не проста слодыч, а сапраўдны твор мастацтва. Ёсць нават пернікі-карціны. Такую рэч есці шкада, ды і не трэба. Станоўчыя эмоцыі яна вам падорыць, нават калі проста ёй любавацца.

– Бізнес звычайна патрабуе поўнай аддачы. Родныя не крыўдуюць?

– Працоўны дзень арганізую так, каб паспяваць усё. Вядома, як кожнай жанчыне, мне хочацца больш часу праводзіць з мужам і дзецьмі. Але бізнес дыктуе свае правілы гульні – ты кіраўнік і нясеш адказнасць за людзей, прадукцыю, планы, кантракты. Аднак імкнуся, каб вольны час на асабістае жыццё быў і ў мяне, і ў маіх супрацоўнікаў. Субота і нядзеля – выхадныя дні, прысвячаю іх родным. У нашай сям'і ёсць свае правілы: субота – дзень мамы і таты. Мы з мужам бавім час удваіх, ходзім у кіно, тэатр, кавярні, сустракаемся з сябрамі. А вось чым заняцца ў нядзелю, “камандуюць” дзеці!

– Што для вас значыць “добры адпачынак”?

– Наведванне аквапарка, новае кіно, вячэрнія спевы пад гітару, ды і проста размовы з сяброўкамі па душах – гэтыя няхітрыя рэчы прыносяць мне задавальненне і сапраўдны адпачынак. Падабаецца шпацыр па мінскіх вулачках і парках: узбадзёрваешся, усміхаешся, і настрой узнімаецца. Прыгажосць вакол нас! Не забывайцеся падымаць вочы ўгору і глядзець на аблокі.

Ведаеце, ёсць такое выказванне: “Выберы сабе працу па душы – і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці”.  Калі любіш сваю справу – гэта таксама адпачынак. Таму скажу: не бойцеся перавярнуць сваё жыццё на 180 градусаў, каб знайсці сябе і свой шлях. Так, цяжкасці будуць, але ўпэўненая: знойдуцца і сілы для іх пераадолення. Толькі займаючыся любімай справай, жанчына будзе з кожным днём усё больш прыгажэць, раскрывацца, як вясновая кветка.

Хрысціна ХІЛЬКО

Ад майстэрні Pernik.by.

Рэцэпт смачнага і простага ў прыгатаванні імбірнага печыва.

Вам спатрэбіцца:

 – 1 кубак мяккага сметанковага масла;

–  ½ кубка карычневага цукру;

– ⅓ кубка мёду;

– ⅛ чайнай лыжкі харчовай соды;

– ½ чайнай лыжкі карыцы;

– ½ чайнай лыжкі молатага імбіру;

– ½  чайнай лыжкі молатай гваздзікі;

 – 2 ⅔ шклянкі мукі.

Разагрэйце духоўку да 175 ° C. Узбіце сметанкавае масла з цукрам. Дабаўце туды мёд і змяшайце да аднароднасці. Дарэчы, калі хочаце, каб у пернікаў быў насычаны смак і цёмны колер, выкарыстоўвайце грэцкі мёд.

Змяшайце вострыя прыправы (дабаўце іх на свой густ) з содай і высыпце ўсё ў цеста. Невялікімі порцыямі ўмешваеце прасеяную муку. Калі цеста стане аднародным, падзяліце яго на некалькі частак. Кожны кавалачак раскатайце ў ліст таўшчынёй прыкладна 2 см. Абгарніце іх харчовай плёнкай і адпраўце ў лядоўню на 1-2 гадзіны. Астуджаныя кавалкі цеста раскатайце яшчэ танчэй. Выражце печыва формачкамі, выкладзіце на бляху і выпякайце 12-15 хвілін.

Пакуль печыва румяніцца ў духоўцы, не марнуйце часу, а зрабіце глазуру. Масла растапіце ў сатэйніку, выліце ў яго малако, дабаўце цукар. Кіпяціце адну хвіліну. Цукрова-масляную сумесь зніміце з агню і астудзіце, усыпце дробку ванілі. Глазура гатовая. Калі ў вас няма кандытарскага мяшочка  або кандытарскага шпрыца з адмысловай насадкай – не бяда. Можаце проста нанесці глазуру на ўсю паверхню печыва або скруціць мяшочак (русск. “кулёк”) з паперы для выпечкі і з дапамогай яго акуратна нанесці ўзоры.

Дайце вашаму шэдэўру некалькі хвілін падсохнуць.

Смачна есці!

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.