Вы тут

Навука кампазіцыі «Кросны» Канстанціна Яськова


Будучыня беларускай музыкі ствараецца тут і цяпер: калі надакучылі Бах ды Моцарт, ёсць безліч айчынных альтэрнатыў, якія чакаюць у залах філармоній. Адна з асоб, музыка якіх упісвае Беларусь у сусветны кантэкст, — малады кампазітар Канстанцін Яськоў. Яго творчасць можна пачуць у спектаклі «Ціхі шэпт крокаў, што сыходзяць», у эксперыментальных электронных альбомах Zona Opus Posth і Ludus Mobilis, а таксама ў Белдзяржфілармоніі, для якой у межах першага для Беларусі праекта «Composer in residence» ён напісаў містэрыю «Кросны Макошы». Кампазітар распавёў, як можна палюбіць айчынную музыку, у якое мастацтва ён верыць і хто такая Макоша.


— Звычайна музыку ў якасці занятку для сваіх дзяцей выбіраюць бацькі, гэта гісторыя многіх музыкантаў, у тым ліку і ваша…

— Мае бацькі выкладалі музыку, таму іншага лёсу, напэўна, не было — досыць прадказальна. Хоць да апошняга моманту ў мяне былі пытанні, якую прафесію абраць, але я вырашыў, што трэба ісці па шляху музыкі. Вучыўся ў Гродзенскім музычным вучылішчы як піяніст, а паралельна вывучаў кампазіцыю ў Віталя Радзівонава. Мне наогул кампазіцыя падабаецца больш, заўсёды бачыў тут шмат плюсаў: выдатна пасуе інтравертам, якія не любяць працаваць на сцэне, ды ўласнай творчасці тут больш, менш сутыкнення з чужымі творамі.

— У вас ёсць досвед навучання ў Беларусі і Польшчы. Якія перавагі ў гэтых краінах у плане музычнай адукацыі?

— У Беларусі вельмі моцная школа выканаўцаў, асабліва піяністаў, але датычна кампазіцыі, мне падаецца, што падыход у нас крыху кансерватыўны і залішне акадэмічны, хоць і тут ёсць пэўныя плюсы: у нашай сістэме можна атрымаць фундаментальную тэарэтычную базу. У Польшчы ў меншай ступені звяртаюць увагу на тэарэтычную падрыхтоўку, але шмат часу выдаткоўваюць на практычныя заняткі і ўзаемадзеянне студэнта з рэальнымі выканаўцамі, нават навучэнцы маюць магчымасць прапанаваць сваю музыку, у тым ліку і знакамітым артыстам. Таксама немагчыма не дадаць, што там бязмежная колькасць грантаў, стыпендый і замоў ад калектываў, гарадоў, фондаў, і гэта дапамагае музыкантам. Магчыма, гэтая перавага практыкі пасля запаўняе недахопы ў тэарэтычнай падрыхтоўцы — у Польшчы больш спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі кампазітара.

— Вы неаднойчы казалі, што кампазіцыя — гэта для вас хобі, а не прафесія...

— Так, калі казаць пра сур’ёзную музыку, то, зразумела, пражыць за яе немагчыма, але адваротная сітуацыя з эстраднай, песеннай і прыкладной. Я магу сказаць, што не магу выжыць за кошт кампазіцыі, але я не ставіў сабе мэтай займацца толькі прыбытковымі праектамі. Калі былі б замовы ад калектываў, сітуацыя лёгка выправілася б. У асноўным усе кампазітары ў Беларусі займаюцца яшчэ і выкладчыцкай дзейнасцю, журналістыкай. Таму я і кажу, што гэта хобі: даводзіцца працаваць дзесьці яшчэ, каб мець магчымасць ствараць музыку ўжо ў вольны час. Гэта прафесія, але не праца. Беларускіх аўтараў, якім пашчасціла злучыць прафесію і працу, адзінкі. А наогул, кампазітарам нават не трэба асаблівых умоў — было б фінансаванне. На жаль, ніякі энтузіязм не можа захаваць кадры, таму і няма прыкладаў, якія б паказвалі росквіт культуры ў бедных краінах.

— То-бок, можна сказаць, што беларускія музыканты ў нейкім сэнсе ўтапісты?

— Сапраўды, утапічнае мысленне ўласцівае музыкантам наогул. Але наша сістэма культурнага функцыянавання, у прыватнасці музыкі, не ідэальная ў плане прасоўвання чагосьці новага. Тым не менш гэта часовая з’ява: напрыклад, ва Украіне зараз вельмі шмат музыкі, фестываляў, пабольшала шляхоў творчай рэалізацыі і нават кажуць пра перанасычанасць. Мяркую, многае залежыць тут ад таго, ці ёсць адкрытасць і жаданне грамадства рухаць культуру. Калі звязаць утапізм з эканамічным складнікам, то гэта дасць вялікі рост музыцы ў Беларусі, таму што ў нас сапраўды шмат выдатных музыкантаў, якія зараз працуюць на энтузіязме, а калі дадаць да гэтага працоўныя эканамічныя механізмы, то прагрэс будзе заўважны.

— Наша грамадства разумее каштоўнасць беларускай музыкі?

— Сітуацыя з айчыннай музыкай у нас такая, што трэба прывіваць любоў да яе. І, думаю, варта рабіць гэта спачатку мэтанакіравана, дырэктыўна, каб пасля гэта стала натуральным працэсам. Перакананы, што ў кожнай праграме айчыннага калектыву павінен быць хоць невялікі твор беларускай музыкі, і неабавязкова стары, а часам і прэм’ерны. Не сакрэт, что дзяржаўныя калектывы маюць план па канцэртах: можна дадаць туды і беларускую музыку — з такіх крокаў пачынаецца пазнаванне айчыннай творчасці. Любоў у гэтым сэнсе — паняцце адноснае, а калі сапраўды дапамагчы слухачу дайсці да беларускай музыкі спачатку дырэктыўна, ужо праз 5—10 гадоў вынікі будуць заўважныя, а айчынныя творы пачнуць пазнаваць, яны стануць звыклыя. Бо як можна любіць ці не любіць тое, чаго мала, да чаго не дакранаешся? У нас проста не ведаюць, што беларуская музыка — выдатная, цяпер яна вельмі розная, і дакладна не горшая за замежную. І не толькі сучасная: у нас былі цікавыя кампазітары, якіх па розных прычынах складана зараз звязаць з нашай краінай, шмат тых, хто пісаў за мяжой, але гэта таксама была беларуская музыка.

— Вы папулярызуеце айчынную музыку яшчэ і праз Асацыяцыю маладых беларускіх кампазітараў, старшынёй якой з’яўляецеся. Чым займаецца арганізацыя?

— Мы ўваходзім у Беларускі саюз музычных дзеячаў. Цяпер наша асацыяцыя не вельмі актыўная, але ў нас ёсць некаторыя прыватныя ініцыятывы, хоць і не так шмат. Часам дапамагаем вырашаць юрыдычна-арганізацыйныя праблемы музыкантам, і гэта ўсё, што мы можам сёння. Тым не менш у колькасць праектаў, да якіх мы маем дачыненне, уваходзіць некалькі культурна-сацыяльных ініцыятыў кшталту «Музыкі ў метро»: можна было паслухаць Баха і іншых кампазітараў; дапамагалі арганізаваць акцыю да дня нараджэння Шапэна сумесна з Польскім інстытутам у «Сталіцы»; падтрымалі выданне зборніка дзіцячых фартэпіянных п’ес.

— Вы сталі першым кампазітарам, які «дакрануўся» да формы Composer in residence ў Беларусі. Гэтаму эксперыменту патрэбен працяг?

— Такая практыка вельмі цікавая, але яна не дасць плёну, пакуль не будзе паўсюднай: гэтая форма павінна быць у кожным калектыве са штогадовай зменай кампазітара па конкурсе ці валявым рашэнні кіраўніка. Для заходніх тэатраў гэта наогул абавязковы спосаб супрацоўніцтва, бо напісаць оперу ці балет — тытанічная праца. Наогул, сэнс у тым, што кампазітар працуе толькі над гэтым праектам і адкідвае ўсё астатняе, за гэта атрымлівае ў тым ліку і грашовую падтрымку. Нашы кампазітары гатовыя пісаць музыку бясплатна, а калі ім пачнуць хоць колькі за гэта плаціць, вынік будзе неверагодны! Такую форму трэба ўвесці як абавязковую, і гэта вырашыць шэраг праблем: з’явіцца новы рэпертуар, кампазітары будуць мець працу ды кантактаваць з калектывамі.

— Вы працавалі з Камерным аркестрам Беларусі. Лёгка знайшлі паразуменне з музыкантамі?

— Гэта вельмі прафесійны калектыў, які многаму мяне навучыў, у тым ліку і таму, што мне шмат чаму яшчэ трэба вучыцца! Мне пашанцавала з аркестрам: там ёсць касцяк музыкантаў, паміж якімі заўважная моцная сувязь, яны працуюць як адзіны арганізм, разумеюць і адчуваюць адзін аднаго ў прафесійным плане. У гэтага калектыву — асаблівая аўра, і я змог уявіць, якую музыку ім было б цікава іграць, які твор раскрыў бы аркестр у большай ступені. Такое вывучэнне калектыву, паглыбленне ў атмасферу таксама важнае для кампазітара, каб ён разумеў, як дзейнічае гэты арганізм, таму Composer in residence важны яшчэ і з гэтага пункту гледжання, але сапраўды ёсць небяспека, што не ўсталюецца кантакт паміж аўтарам музыкі і выканаўцамі, хоць гэта не мой выпадак: я не праяўляў творчага эгаізму і прыслухоўваўся да парадаў Яўгена Бушкова ды прапаноў музыкантаў.

— У выніку атрымалася містэрыя «Кросны Макошы», натхнёная вашай любоўю да фальклору...

— Так, фальклор заўсёды быў для мяне крыніцай інспірацыі, народная музыка натхняе мяне інтанацыйна. Я дакладна ведаў, што гэта будзе твор для народнага голасу і аркестра, Бушкова таксама захапіла ідэя ўвесці народны тэмбр, знак нацыянальнай культуры. Хацелася напісаць жаночы твор, таму што беларуская традыцыя дзесьці на 80% жаночая, як і тэматыка песень. Таму было цікава стварыць абагульнены вобраз беларускай жанчыны ў народнай культуры: ідэя кола і колазвароту зразумелая кожнаму і актуальная, а кола каляндарнае тоеснае колу чалавечага жыцця, і прырода таксама развіваецца па гэтай схеме. Цыклічнасць прыроды і жыцця жанчыны вельмі падобныя і ў беларускім фальклоры, а жаночы пачатак заўсёды быў тоесны зямлі: яны абедзве даюць жыццё. Разам з салісткай Эвялінай Шчадрыной мы вельмі доўга выбіралі песні. Важным быў і паэтычны тэкст: каб абазначыць маркеры. У асноўным песні былі каляндарныя, прыродныя, з бытавой афарбоўкай, мы не хацелі паглыбляцца ў трансцэндэнтныя сферы. Самой Макошы на сцэне няма, гэта не салістка, як лічаць некаторыя, а багіня, якая выткала гэты «песенны» лёс. Дарэчы, мы доўга думалі над назвай, якая б настройвала на не бытавы лад, а сыходзіла ў духоўныя сферы, і слова «кросны» падалося трапным: ткацтва заўжды было сакральным працэсам з сімвалічным значэннем.

— А якія яшчэ тэмы вас інспіруюць?

— Дакладна — рэальнасць, але гэта шырокае паняцце. Я б сказаў, што творчы працэс для мяне — лесвіца, а першая яе прыступка — імпульс з боку, напрыклад, заказ ад кагосьці. І я прыблізна ведаю, якім павінен быць склад кампазіцыі, і ўжо гэта пачынае мяне інспіраваць: якім можа быць гучанне інструмента ці голасу? А далей я пачынаю шукаць тэму, якая была б дарэчнай кантэксту. Апошні час мяне натхняе штосьці звязанае з простымі рэчамі і прастатой наогул, важна, каб у творы была выразная ідэя і мінімальныя сродкі, такі аскетызм. Мне падабаецца эстэтыка «новай прастаты», і я знаходжу ў ёй шмат ідэй. І тое, што музыка павінна быць простай — не значыць, што беднай ці саладжавай, але думкі тут перадаюцца максімальна лаканічна і дакладна. Я б сказаў, слухач павінен ледзьве не дакрануцца да маёй музыкі, каб зразумець, пра што я размаўляю з ім на музычнай мове.

— Вы, як чалавек творчы, верыце ў мастацтва?

— Гэта асаблівая сфера, я вылучаю яе з усіх, але не думаю, што тут ёсць нешта таямнічае. Магчыма, калі толькі вынік творчасці. Я ўсё ж прытрымліваюся навукі, а калі казаць пра паняцці натхнення, азарэння, то яны ўжо даследаваныя. Іншае пытанне, як яны прыходзяць, праяўляюцца і як гэта ўвасабляецца ў музыцы? То-бок, я б аддзяліў творчы працэс ад мастацкага прадукту. Думаю, не трэба адчуваць містычнае трапятанне перад мастацтвам, хоць культура, безумоўна, — найглыбейшая ідэя: яна можа разумецца, усведамляцца, а можа толькі адчувацца ці ўспрымацца інтуітыўна. Мы не здолеем зразумець гэтую ідэю, калі не дакранаемся да прадукту мастацтва. Здаецца, Кант адзначаў, што мастацтва не мае практычнай значнасці, але мае каштоўнасць для грамадства. Гэта збор каштоўнасцей, у якія можна верыць, а гэта набліжае мастацтва да рэлігіі.

— Разам з класічнай музыкай вы цікавіцеся і электроннай — напісалі 2 альбомы...

— Я ўспрымаю электроніку ў якасці сродку: чаму б не выкарыстаць усе магчымасці? Прычым з дапамогай камп’ютарных праграм можна дасягаць самых неверагодных мастацкіх эфектаў і паказваць новую эстэтыку, якая не ўласцівая акадэмічнай музыцы. Гэта цікава і прагрэсіўна, а такога гучання ніколі не дасягнеш праз акустычныя інструменты. Таму электроніка — цэлы сусвет, і калі займацца ёй сур’ёзна, то можна пісаць музыку наогул без акустычных інструментаў, і яна будзе не горшая, са сваёй эстэтыкай і падыходамі. Альбомы, якія я выпусціў, не зусім самастойныя: я ствараў іх з беларускім электронным музыкантам Аляксандрам Цурко, менавіта ён «уцягнуў» мяне ў электроніку, мы стварылі разам 2 эксперыментальныя праекты. Я выкарыстоўваю электроніку і сам, напрыклад, калі агучваю фільмы падчас фестывалю «Кінемо».

 — У літаратуры існуе абмежаваная колькасць сюжэтаў — кажуць, 36, 20 ці наогул 7. А што з музыкай? Яна таксама не бясконцая?

— Борхес казаў, што наогул 4 сюжэты існуюць! Што да музыкі, то прынцыпы пабудовы гэтай формы, якія драматургічна набліжаюць музыку да літаратуры, таксама прапаноўваюць мала рэцэптаў. Музыка можа быць гучнай і ціхай, тут ёсць кульмінацыі і спады, вось і ўсе формулы. Але і кампазітар, і дасведчаны слухач цікавяцца, як гэтая формула іграе ў дадзенай сітуацыі і ў канкрэтнага чалавека: мастацтва кампазіцыі менавіта ў вывучэнні такіх схем і заключанае. У мастакоў таксама ёсць некалькі колераў, але важна тое, як розныя мастакі малююць адзін і той жа прадмет. Музыка невычарпальная, як і іншыя віды мастацтва.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».