Вы тут

Дзе шукаць кадры, на якіх убачым сябе?


Падводзіць вынікі кінематаграфічнага года — справа трапяткая і адказная. Трапяткая таму, што вельмі многа добрых, шчырых стужак паспелі зняць айчынныя рэжысёры за год, некалькі новых імёнаў з’явілася на мапе кінематаграфічнай індустрыі, дзясяткі выдатных фестываляў прайшлі ў Беларусі. А адказна выбіраць лепшае таму, што з гэтага вынікае, быццам ёсць штосьці горшае (а яно сапраўды ёсць): на жаль, кінематографа не бывае без памылак, памылак і яшчэ раз памылак. Але ў пераднавагоднія дні будзем згадваць тое, што атрымалася ў 2017 годзе.


1.Спадзяванне на «заўтра»

Кадр з фільма «Заўтра».

Калі б «ЛіМ» выдаваў прэмію «Імя года», то гэта, безумоўна, была б Юлія Шатун. Дзяўчына, стужка якой стала сапраўды гучнай нотай у партытуры сёлетняга беларускага кінематографа, вырасла ў Мазыры, да якога і адсылае яе візуальная гісторыя. Чаму яе фільм «Заўтра» заслугоўвае глядацкай увагі? Па-першае, гэта абсалютна рэальная, больш за тое, паўсюдная сітуацыя, якую складана назваць сюжэтам. Хутчэй можна сказаць, што гэта беларуская паўсядзённасць, з якой кожны другі сутыкаецца штодня. Па-другое, Юлія не спужалася зрабіць кіно пра сваю сям’ю: ролі выканалі яе бацькі і брат, асноўнай лакацыяй стаў родны Мазыр, тэмай — складанае, але звыклае становішча, у якім аказалася яе сям’я. Па-трэцяе, «Заўтра» стаў адзіным за некалькі гадоў айчынным фільмам, які трапіў у конкурсную праграму «Маладосць на маршы» сёлетняга «Лістапада», што ўжо само па сабе не толькі крута, але і ганарова: гэта значыць, што стужка ўпісвае Беларусь у сусветны кантэкст. Пасля фестывалю пра гэтае кіно вельмі многа пісалі беларускія і замежныя журналісты, у журы адзначалі, што фільм немагчыма глядзець без клубка ў горле, напэўна, ні адна айчынная ігравая карціна апошніх гадоў яшчэ не дасягала падобнага поспеху. А сама Юлія Шатун ні аднаго дня не вучылася на кінарэжысёра, таму і імя яе — у прамым сэнсе адкрыццё не толькі для гледачоў, але і для крытыкаў і кіназнаўцаў, якія таксама былі ўзрушаныя выдатным фільмам, бюджэт якога склаўся з цаны на квіткі з Мазыра ў Мінск ды латарэйнага білета (гісторыя з якім, дарэчы, — адзіны выдуманы эпізод фільма), нават аператар Мікіта Аляксандраў здымаў кіно з-за любові да мастацтва ды сяброўскай павагі да рэжысёра.

«Заўтра» — гэта must see кожнага беларуса, таму што распавядае ў тым ліку і вашу гісторыю: бацька, настаўнік англійскай мовы, вымушаны расклейваць аб’явы па пад’ездах, каб было чым аддаваць растэрміноўку за куртку для сына, а маці марыць набыць шпалеры, каб скончыць зацягнуты рамонт. Стужка, якая зафіксавала наша сёння, кажа і пра тое, што абавязкова трэба спадзявацца на заўтра: галоўны герой знаходзіць грошы, каб купіць латарэйны білет: магчыма, калісьці ён атрымае за гэта ўзнагароду. Дарэчы, Юлія Шатун ужо напісала сцэнарый наступнай стужкі, але дэталяў пакуль не раскрывае, тлумачыць, што цяпер яна «пад прыцэлам», таму далей будзе працаваць яшчэ больш адказна.

2.Чалавек ці робат?

Кадр з фільма «Работнік года».

Датычна ігравога кіно, выбітнага тут сапраўды няшмат. Ёсць некалькі добрых прыкладаў якаснага кароткага метра (кшталту «Сяброў па перапісцы» Нэлы Васілеўскай, «Сумленнага погляду» Дзмітрыя Дзядка ды «Paranoid Android» Улады Сяньковай). Але трэба абавязкова адзначыць фільм, які перамог сёлета на фестывалі мабільнага кіно velcom Smartfi lm — «Работнік года» Кірыла Нонга (дарэчы, да 31 снежня прымаюцца заяўкі на ўдзел у наступным фестывалі). Чаму важна адзначыць мабільнае кіно? Таму што кінематограф ідзе ў нагу з часам, і сёння, каб быць рэжысёрам, не патрэбная адукацыя і дарагая тэхніка, нават грошы. Мабільнае кіно дазваляе спраўджваць мары: калі ў аўтара ёсць ідэя, задума, сцэнарый, сябры ды мабільны тэлефон, ён можа адчуць сябе рэжысёрам. Тым больш што зараз такое кіно на аднолькавых правах змагаецца за галоўныя ўзнагароды ў свеце. Напрыклад, на Берлінале адзначылі фільм «Мандарын» амерыканскага незалежнага аўтара Шона Бэйкера, які цалкам зняты на камеру смартфона і апрацаваны таксама ў мабільнай праграме. Словам, калі раней людзей трэба было заахвочваць карыстацца смартфонамі, сёння яны могуць ствараць на іх мастацкія шэдэўры ўласнаручна, і беларус Кірыл Нонг — гэтаму доказ. У Нонга ёсць рэжысёрская адукацыя, якую ён атрымаў у Нью-Ёркскай кінаакадэміі, за плячыма — досвед у выглядзе некалькіх фільмаў, знятых у Амерыцы, а цяпер і перамога ў міжнародным фестывалі мабільнага кіно. Яго стужку «Работнік года» назвалі новым узроўнем беларускага кіно і кінематаграфічным мабільным сусветам, таму што фільм сапраўды зроблены выдатна (асабліва калі ўлічыць, што ён зняты на тэлефон!) і яго тэма — будучыня, якая, па даследаваннях, можа хутка нас напаткаць.

Рэжысёр стварыў фантастычную гісторыю пра свет, дзе людзі больш непатрэбныя, таму што ўсю працу за іх робяць робаты. Зараз на тэлеэкранах можна ўбачыць шэраг амерыканскіх серыялаў на гэту тэму, але Кірыл Нонг быў першы, хто распавёў пра гэта ў Беларусі. Дарэчы, распавёў якасна: ролі ў фільме выканалі малады расійскі акцёр Канстанцін Фісенка і заслужаны артыст Беларусі Анатоль Кашпераў, у якасці лакацыі выкарысталі «прытулак машын» — офіс адной з кампаній Парка высокіх тэхналогій, да выбару саўндтрэка таксама падышлі адказна: яго стварылі ўдзельнікі беларускага музычнага праекта Mustelide. Расказваць, пра што ж гэтае кіно, не варта, бо яго можна лёгка знайсці ў інтэрнэце і паглядзець, не шкадуючы часу (выдаткаваць давядзецца ўсяго 7 хвілін), але нават за гэтыя хвіліны Кірыл Нонг паспеў паставіць на вушы кінааматараў, экспертаў і звычайных гледачоў, якія спужаліся пакуль фантастычнага прыходу робатаў.

3.Шмат гадоў таму

Кадр з фільма «Першадрук».

Дакументальнае кіно Беларусі — наш асаблівы гонар. Легендарныя рэжысёры, традыцыі, якія можна назваць школай, і маладыя кінематаграфісты, якія шукаюць уласныя шляхі выказвання: сёння айчынная дакументалістыка дзёрзка ўздымае важныя тэмы, аб’ектыўна ацэньвае рэальнасць і знаходзіць новых герояў для сваёй краіны. Беларускія дакументалісты здолелі прывезці сёлета безліч прызоў з замежных конкурсаў (напрыклад, Галіна Адамовіч, Воля Дземка, Нэла Васілеўская), прадставіць рэтраспектыву сваіх фільмаў у іншых краінах ды абараніць гонар беларускай дакументалістыкі на «Лістападзе». Добрага кіно многа не бывае, таму сёлета з’явіліся фільмы пра фатографа Сяргея Плыткевіча, дырыжора Аляксандра Анісімава, акцёра Расціслава Янкоўскага, пра дзяцей, якія змагаюцца за сваё здароўе разам з бацькамі, пра выжыванне нашай вёскі. Немагчыма не згадаць і важныя фільмы пра заўзятара футбола Васю-пешахода з фільма «Фанат» Андрэя Кудзіненкі, і пра блогера, які гадуе статак авечак са стужкі «Цар гары» Андрэя Куцілы, і пра падарожнікаў па памежных рэгіёнах Беларусі з карціны «Вакол Беларусі на роварах з маторамі...», пра якія мы ўжо пісалі, а гэты спіс можна працягваць бясконца!

У 2017 годзе адзначылася 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, таму асобе Францыска Скарыны надалі асаблівую ўвагу і кінематаграфісты: на «Беларусьфільме» была знятая стужка «Першадрук». Рэжысёр Ігар Чышчэня разам з рэдактарам Уладзімірам Марозам паспрабавалі пападарожнічаць па «месцах сілы» нашага продка і распавесці яго гісторыю праз пейзажы, кнігі і вуснамі даследчыкаў скарынаўскай спадчыны. Дарэчы, стравальнікі адышлі і ад нашага ўяўлення пра Скарыну: з падручнікаў памятаем яго партрэт у берэце, над кнігай, але ці ведаем штосьці яшчэ? Напрыклад, што перакладзеная ім Біблія не мела дабраславенняў ні адной з цэркваў, бо першадрукар хацеў з’яднаць усіх вернікаў; што гэта асоба з ліку геніяў хоць бы па светаадчуванні; што ён патрыёт, які меў асаблівую сувязь з беларускай зямлёй. На экране мы ўбачым менавіта такога Скарыну: глыбокага, удумлівага, павольнага, але які заўсёды паспяваў апераджаць свой час, магчыма, таму многія яго і не разумелі.

Яшчэ адна асаблівая стужка — «Янка Купала» Віктара Аслюка. Здаецца, Аслюк зрабіў фільм, не падобны да сваіх іншых стужак. Космас Янкі Купалы ён адлюстраваў не ў выглядзе біяграфіі, храналогіі і іншых дакладных звестак, а праз стаўленне да яго нашых сучаснікаў. Можна нават казаць пра ўласны мікрасусвет, які стварыў унутры беларусаў Купала: нябачны, часам незразумелы і эфемерны. Галоўнае пытанне, на якое хоча адказаць Аслюк і просіць пра гэта ж гледачоў: «А ці ведаем мы Янку Купалу?». І адказ, хутчэй за ўсё, будзе шакаваць… Калі дыпламаты чытаюць вершы песняра на розных мовах, — ці адчуваюць яны Купалаву душу? Калі школьнікі вучаць на ўроках яго вершы на памяць, ці спрабуюць яны раскусіць іх сэнс? Але Віктар Аслюк знайшоў разуменне Купалы і любоў да яго: у народзе, дзе спяваюць «Явар з калінай», дзе ў жыцці «працоўнаму чалавеку без вершаў нельга».

Кадр з фільма «Орша... Мінск... Орша».

Жанчыны ўсё часцей ідуць у дакументальнае кіно, у Беларусі такіх прыкладаў некалькі, і адзін з іх — Юлія Ралко. За некалькі месяцаў яе дакументальная стужка «Орша... Мінск... Орша» знайшла некалькі пляцовак для кінапаказаў, сотні ўдзячных гледачоў і некалькі запрашэнняў на фестывалі (дзе адборшчыкі не верылі, што такое сур’ёзнае, жорсткае кіно зняла маладая дзяўчына). Таму што яе дакументалістыка — пра іншую Беларусь, пра тое, што пакінулі за кадрам многія рэжысёры, пра суровыя рэаліі правінцыяльнага жыцця. Юлія зняла кіно пра жыццё моладзі ў Оршы, а яно такое: жорсткія маладыя людзі не бачаць нічога яркага ў сваім маленькім горадзе, але не збіраюцца нічога змяняць. Рэжысёр выношвала ідэю фільма 5 гадоў, а рэалізавала ўсяго за некалькі месяцаў і адзначае, што пасля безлічы паездак у Оршу для яе гэтая назва стала намінальнай: там дагэтуль адчуваецца прысутнасць «ліхіх 90-х». Можна сказаць, што гэты дакументальны эксперымент стаў свайго роду правадніком у правінцыяльнае асяроддзе, дзе ёсць свае праблемы і свае героі, адкуль хтосьці здольны вырвацца, але ўсё роўна захоўвае «ўнутраную Оршу». Калі хочацца зразумець, чаму чалавек так залежыць ад горада, як людзі забываюцца на глабальнае за бытавымі праблемамі і чаму з гэтага кола так складана выйсці, фільм Юліі Ралко дапаможа: гэта навука жыцця.

А Год навукі, які падыходзіць да свайго лагічнага заканчэння, навучыў многаму і кінематаграфістаў. Таму што сёлета ў кіно адбылося няшмат, але гэта вельмі гучныя, патрэбныя і ўнікальныя адкрыцці. І, як у навуцы, у беларускім кінематографе яшчэ будзе шмат сюрпрызаў і новых імён, якія ўпішуць нашу краіну ў сусветны кантэкст.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.