Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


Абалонне

Месца за нашымі агародамі называлася абалоннем, і займала яно даволі вялікую прастору, ажно да самага Сожа. Пасля таго як вясновая паводка сыходзіла і рака вярталася ў свае берагі, на абалонні вольна адчувалі сябе статак калгасных кароў і табун коней, а таксама жыўнасць з людскіх падворкаў: свінні, гусі, качкі, цялушкі, бычкі ды козы.

Пасвіць іх гаспадары сядзіб даручалі сваёй малечы, каб і кармёжкі той скаціне і свойскім птушкам было ў дастатку, і каб нікуды яна не разбрыдалася, не лезла ў чужыя агароды ці на калгасныя землі. Тут, на абалонні, мы бегалі навыперадкі, практыкаваліся з мячом-ашмёткам у футбол, гулялі ў «пухаўкі» (у вайну, значыць), купаліся ў рачулцы Войстрыца, якая выцякала з Сожа і праз нейкі кіламетр зноў упадала ў яго.

А прыгод колькі было — не злічыць! Забаўных, павучальных і такіх, якія прыносілі гора. Не забыцца, напрыклад, як Хведзька па мянушцы Цвыркун злаўчыўся ўчапіцца ў грыву самага хутканогага калгаснага каня Вокуня і гойсаў на ім цэлых паўтары гадзіны. Дык вось, калі злез з яго, то на карачках папоўз дадому, бо з непрывычкі вельмі моцна адбіў сабе адно месца. А колькі было рогату, калі дзядзька Апанас злавіў у сваім агародчыку баламута Піньку, які дадумаўся качацца па яго градах, каб здабыць агуркоў, і ў прысутнасці ўсёй нашай дзіцячай грамады зняў з яго штаны і адсцябаў крапівой.

Вельмі моцна перажывалі мы за васьмігадовую Верачку, якая заснула каля казы, а прачнуўшыся, адчула, што ў яе жывоціку нешта быццам пераварочваецца. Таму — хутчэй да маці, і тая адвяла яе да бабулі Каваліхі, якая лічылася ў нашай вёсцы знахаркай. Старая паклала дзяўчынку на траву і паставіла перад ёй сподак з цёплым малаком, нешта пашаптала, і праз некалькі хвілін з рота Верачкі выпаўз... вужык.

Толькі лёс не ўратаваў дзяўчынку ад няшчасця. У тое ж самае лета бальшун Валодзька па мянушцы Балда ўкінуў ёй за каўнер здаравеннага вужа, і Верачка трапіла ў дом для вар'ятаў. Каваліха тады сказала: не будзе жыцця Валодзьку. Так яно і здарылася. Месяцы праз два, даўшы нырца з крутога абрыву Войстрыцы ў ваду, ён галавой ударыўся аб дно і не здолеў выбрацца...


Жмінда

Такая ўжо завядзёнка была ў нашай мужчынскай кампаніі з чатырох чалавек: пасля лазні расслабіцца за куфлем-другім піва. Нетаропка, без усялякай спешкі. Размовы тады неяк самі па сабе пачыналіся на самы розны лад, і мы ўтраіх кожны раз спадзяваліся, што Мікола Перчык нарэшце пройдзе міма сваёй галоўнай тэмы, якая, прызнацца, даўно ўжо нам абрыдла. Пра жанчын.

Толькі дарэмна. Улучыўшы зручны момант і выпускаючы з носа два струменьчыкі цыгарэтнага дыму, ён гаварыў:

— Яны — самыя шкодныя істоты на ўсім белым свеце, аб чым прылюдна заяўляю. Восем разоў браў іх у палон, жаніўся, значыць, і ведаю іх як аблупленых. Кожная патрабавала: заробленыя мной і ёй грошы — у агульны кацёл. З яго і браць на ўсе расходы. А дулю з макам яны не хацелі, каб я гаспадаром у хаце не быў? Таму сваё патрабаванне цвёрда ставіў: усімі грашыма распараджацца буду я, усім камандаваць буду я — мужчына! Калі не згодны хто — вунь дзверы: на выхад.

Сказаць, што Мікола — нейкі п'янтос ці які шалахвост, які пускае грошы на вецер, будзе няпраўдай. А што жмінда, скнара, дык гэта факт. Амаль усе пакупкі ў крамах Мікола рабіў сам, а калі нешта даручаў набыць той ці іншай жонцы, дык патрабаваў ад яе падрабязнай справаздачы (прад'яві магазінныя чэкі і г. д.). Вядома ж, такой вось знявагі да сябе жанчыны дараваць не хацелі і не маглі і таму ўцякалі ад яго, аб чым мы добра ведалі, хоць Мікола перад намі біў сябе ў грудзі: ён сам выганяў іх.

І вось фінал. На старасці гадоў наш сябар пасля аўтааварыі стаў інвалідам і апынуўся ў доме-інтэрнаце, куды мы зрэдку наведваемся да яго. Знаходзячыся там у гэтай замкнёнай прасторы, ён у поўнай меры зразумеў памылковасць сваіх ранейшых паводзін, аб чым вельмі шкадуе. І спадзяецца, што на адпраўлены ў Ноўгарад ліст адгукнецца адна-адзінюткая дачка. Толькі ці палічыць яна, якая ніколі не бачыла свайго бацьку, яго родным чалавекам, — вось у чым пытанне...


З рознага «цеста»

Першы сакратар аднаго з райкамаў партыі (гэта былі савецкія часы) нярэдка ў канцы рабочага дня заходзіў у мясцовую раёнку, каб паразмаўляць з журналістамі не ў афіцыйнай абстаноўцы, а проста так. Паслухаць разважанні на жыццёвыя тэмы дасведчаных у многіх справах «акул пяра», зверыць іх са сваімі, у нечым параіцца, нешта абмеркаваць, а то і падыскутаваць. І такім чынам зрабіць нейкія высновы. Падобныя кантакты, лічыў першы сакратар, толькі на карысць. Абодвум бакам.

А ў той раз, памятаецца, візіт яго ў рэдакцыю меў зусім іншы характар.

— Хлопцы, — так і сказаў, — выручайце. З рэспубліканскай газеты атрымаў заказ на артыкул. А ў мяне — нявыкрутка з часам, каб напісаць яго. Экзамены ў ВПШ (вышэйшая партыйная школа) на носе. Не адмовіце?

Тон звароту першага сакратара быў не начальніцкі, а, можна сказаць, сяброўскі, што і імпанавала тым «акулам». Па-другое, хто адважыцца праігнараваць просьбу гаспадара раёна? Ніхто. Бо яго паважалі з-за таго, што з людзьмі ён паводзіў сябе на роўных. Свой чалавек на фермах, сярод паляводаў, механізатараў. На злётах перадавікоў спаборніцтва танцаваў з даяркамі. У выхадныя дні на пляжы ганяў мяч з моладдзю. Па пакупкі ў крамы хадзіў то асабіста, то з жонкай. Дык як тут не задаволіць яго просьбу?

Напісаць той артыкул было даручана намесніку галоўнага рэдактара, які аператыўна сустрэўся з партыйным лідарам раёна і ўзяў у яго інтэрв'ю. Праз паўмесяца матэрыял пабачыў свет, пасля чаго першы сакратар завітаў у раёнку і падзякаваў выканаўцу за добрую работу. А яшчэ праз некаторы час, таксама з падзякай, ён уласнаручна аддаў яму чэсна зароблены ганарар.

Гады праз чатыры названую высокую пасаду заняў былы начальнік райсельгасхарча. Чыноўнік гэты быў зусім з іншага «цеста». Аматар учыняць разносы падначаленым, а перад вышэйшым начальствам «прагінацца», ён быў прыхільнікам кабінетнай работы, сярод народа з'яўляўся, як кажуць, у рэдкую сцежку.

Дык вось, калі яму паступіла прапанова з той жа самай газеты выступіць на яе старонках, ён выклікаў да сябе галоўнага рэдактара раёнкі: справа важная, неадкладная, працуйце. А той, зразумела, да свайго намесніка, які, вядома ж, пажадаў сустрэцца з кіраўніком раёна, каб у непасрэднай гутарцы здабыць патрэбную фактуру. Ды дзе там! У тваім распараджэнні — увесь апарат райкома, сказаў той. Тэма — наступная. Напішаш — для вычыткі матэрыялу праз пяць дзён да мяне. Патрабаванне такое: па маштабах артыкул павінен быць большы, чым у майго папярэдніка. Дзейнічайце.

Што і казаць, журналісту давялося папацець над даручэннем, якое хутчэй нагадвала не што іншае, як загад. І калі артыкул быў надрукаваны, першы сакратар пры выпадковай сустрэчы з ім на лесвічнай пляцоўцы райкома пацікавіўся, ці чытаў ён той матэрыял. «Я не толькі чытаў яго, а пісаў», — быў адказ, які яўна не задаволіў «аўтара». Магчыма, таму, а можа, па іншай прычыне, сума атрыманага намеснікам рэдактара ганарару склала... нуль рублёў нуль капеек.

...Адна высокая пасада, і два высокага рангу начальнікі на ёй. Першага людзі і дагэтуль успамінаюць добрым словам. Пра другога ж — лепш памаўчым.


Як гукнецца...

Было гэта ў адным садова-агародніцкім таварыстве, якое было створана каля сарака гадоў таму. Бралі тады людзі зямельныя ўчасткі і будаваліся там куды з большай ахвотай і жаданнем, чым зараз. І памылкі, а можа, нават парушэнні нейкія, пры гэтым дапускалі. Як, напрыклад, наш знаёмы Міхаіл Фёдаравіч, які паставіў сваю цагляную лазню не за тры метры ад мяжы з суседскім участкам, як гэта прадугледжвалі адпаведныя патрабаванні, а на паўметра бліжэй да яе.

Калі гэта выявіў Пятро Піліпавіч, які будавацца побач пачаў крыху пазней, то шуму падымаць не стаў. Мужыкі ў знак згоды ды ладу распілі пляшку каньяку, на чым справа і закончылася. Але вось гады два ці тры таму Пятро Піліпавіч пайшоў на той свет, і яго жонка прадала фазэнду. Новы гаспадар Ігар Канстанцінавіч быў зусім іншага характару, чым яго папярэднік.

— Непарадак, — заявіў ён суседу, — і я цярпець гэтага не буду. Рабі што-небудзь з лазняй, інакш я...

Міхаіл Фёдаравіч спрабаваў угаманіць таго, што яго пабудова не зацяняе ні парэчку, ні агрэст суседа, таму няхай яно будзе так, як ёсць. А прэтэнзію ўладзім адной-дзвюма пляшкамі віскі. Але дзе там, бо Ігар Канстанцінавіч на такую прапанову закапыліў губу, і праз некаторы час па яго заяве да Міхаіла Фёдаравіча з'явілася камісія і ўляпіла яму штраф. Ды толькі той не застаўся ў даўгу, параіўшы ёй пацікавіцца ў суседа, ці законна той нядаўна перанёс агароджу з сеткі-рабіцы ў бок дарогі і пачаў будаваць там гараж. Аказалася — самавольны захоп зямлі. Таму і пеканулі яго штрафам таксама.

Вось так і атрымалася, што, замест таго, каб жыць у згодзе, суседскія сем'і касавурацца адна на адну. І невядома, колькі гэта будзе працягвацца. А іншыя члены таварыства зрабілі для сябе выснову: не капай яму камусьці, бо сам можаш трапіць туды...


Мужычок!

Хлапчук той, напэўна, у сваёй дзетсадаўскай групе вызначаўся большай, чым у іншых, цікаўнасцю да ўсяго. Аб гэтым падумалася таму, што, зайшоўшы са сваёй мамай у тралейбус, ён пачаў дэталёва аглядаць, як гаворыцца, навакольнае асяроддзе. І калі насупраць мяне вызвалілася два месцы, а навічкі занялі іх, я стаў для хлапчука «даследчым» аб'ектам пад нумарам адзін. Бо ўяўляў сабой адыёзную фігуру: на пераноссі — драпіна, якая яшчэ не зажыла, у адной руцэ — мыліца, а другая ледзь не да локця закутаная ў гіпс такім макарам, што з далоні вытаркаецца толькі вялікі палец.

Ехаць было далёка, і, змораны ліпеньскай спякотай, я вырашыў трохі падрамаць. Але гэта не ўдалося. Бо малы, кіўнуўшы галавой у мой бок, прашаптаў маме: «Гэта — бандыт! Былі разборкі. З яго бачыш што зрабілі? А ён траіх прыкончыў. З аўтамата. Давай хутчэй выйдзем».

Маці хлапчука ўсміхнулася: «Не выдумляй абы-што, Ігарок. Гэта добры дзядзька. Можа, салдатам быў, з ворагам змагаўся». «А дзе ж яго медалі, калі ён салдат? — не здаваўся той. — Не, ён — бандыт! Я яго ў кіно па тэлевізары бачыў».

Тут я расплюшчыў вочы і сабраўся расказаць хлапчуку, як з хворай нагой упаў і пашкодзіў руку, ды не паспеў. Бо ў гэты самы момант у тралейбус уваліўся п'яны дзяцюк з такім вялізным чырвона-барвовым фінгалам пад вачыма, што на яго страшна было глядзець. Засведчыўшы трохпавярховым мацюком сваё «гаспадарства» ў салоне і вытурыўшы з сядзення нейкую жанчыну, ён пачаў паліваць брудам яе суседку. Мужыкі-пасажыры нібы вады ў рот набралі, насцярожыліся: што будзе далей?

А далей было вось што. Ігарок сарваўся з месца, ды так хутка, што маці яшчэ не паспела ўцяміць, што да чаго, як ён рашуча накіраваўся да хулігана і, апынуўшыся каля яго, ласкава папрасіў: «Ты не лайся, дзядя Міша, не трэба лаяцца».

І тут здарылася такое, чаго ніхто не чакаў. З дзецюка хмель нібы ўлятучыўся, і ён, утаропіўшы свой погляд у невялічкага росту смелага мужычка, лёгенька прыцянуў яго да сябе, узяў у абдымкі і... заліўся слязьмі. Пасажыры ледзь не аслупянелі ад убачанага: вось дык дзівосы!

Сітуацыю ж растлумачыла адна жанчына. Міхаіл Андрэевіч быў добрым сем'янінам, ды спіўся пасля таго, як у аўтамабільнай аварыі загінулі яго жонка і сынок Алёшка, які хадзіў з Ігарком у адну дзетсадаўскую групу.


...І сябе паказаў

Адзін мой знаёмы (назавём яго Мікалаем Міронавічам) не-не ды і робіць замежныя вандроўкі, пасля якіх ахвотна дзеліцца сваімі ўражаннямі аб жыцці «забугорнага» люду. Дык вось, сёлета ён наведаўся ў Фінляндыю і натхнёна расказаў у гарадской лазні аматарам пары аб убачаным і пачутым там.

Калі шчыра, дык многія са слухачоў дзякуючы яму папоўнілі свае веды аб гэтым краі. Напрыклад, не кожны з іх быў у курсе справы, што нацыянальны герой Суомі Карл Густаў Манэргейм з'яўляўся баявым рускім генералам і быў поўным Георгіеўскім кавалерам, удастоеным асабістай аўдыенцыі з царом Мікалаем другім, калі стваралася славутая лінія Манэргейма. Што двойчы прэзідэнцкую пасаду ў краіне займала жанчына, рэйтынг якой складаў 94 працэнты і якая аформіла афіцыйны шлюб толькі ў 56-гадовым узросце (да таго ён быў грамадзянскі). Што Уладзімір Ленін пасля паражэння першай рускай рэвалюцыі, імкнучыся ў снежні 1907 года выехаць з Фінляндыі (яна тады ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі) за мяжу, ледзь не загінуў пры пераходзе па тонкім лёдзе ў суправаджэнні двух падпітых мясцовых мужыкоў з аднаго вострава на другі, каб сесці там на параход. І гэтак далей і да таго падобнае.

Трэба заўважыць тут, што, каб Міроныч выйшаў з парылкі задаволеным, яго ў адзін і той жа заход павінны былі адхвошчыць венікамі два чалавекі. А такіх заходаў у яго было тры. Таму галоўнае пытанне ў слухачоў было наступнае: ці ўдалося яму там, за «бугром», паспытаць дух фінскай лазні-саўны?

— Без гэтага мая вандроўка не мела б сэнсу, — адказаў ён, адзначыўшы, што ў гэтай краіне саўны з'яўляюцца яе нацыянальным сімвалам, неад'емнай часткай культуры. У Фінляндыі кожная другая кватэра ці дом маюць саўны; усіх іх па краіне каля двух мільёнаў на пяць мільёнаў насельніцтва.

Была яна і ў гасцініцы, дзе спыніліся турысты. Міроныч трапіў у яе ў складзе інтэрнацыянальнай групы, і інструктар аб'явіў конкурс: хто больш за ўсіх з замежнікаў вытрымае нарастаючую ў ёй да 140 градусаў тэмпературу. І сам як бы прыняў удзел у тым конкурсе, паказваючы тым самым майстар-клас.

Праз колькі хвілін з саўны на кукішках павыпаўзалі адзін за адным француз, турак, англічанін, іспанец, карэец, грэк і італьянец... А наш Міроныч і не шманае: сядзіць сабе і сядзіць... Інструктар паказвае — усё, выходзім. А ён ківае галавой: не, яшчэ пасяджу. І выйшаў праз паўхвіліны пасля фіна. Тут да беларуса падляцеў турак і, паціскаючы яму руку, праз перакладчыка сказаў: цяпер я ведаю, чаму вы разбілі Гітлера.

— А грэк падарыў мне дзве бляшанкі піва, — сказаў у заключэнне Міроныч і накіраваўся ў парылку. На чацвёрты заход. Маўляў, ведай нашых!

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Не дорага піва, а дорага дзіва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».