Вы тут

Ісціна Гасподняя вечная


Ражджэственскае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы

Хваліце Госпада, усе народы,

услаўляйце Яго, усе плямёны:

Бо вялікая міласць Яго да нас,

і ісціна Гасподняя вечная.

(Пс. 116, 1—2)

Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэснае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, богалюбівы манаскі чын, дарагія браты і сёстры!

Сардэчна, са светлай радасцю вітаю вас і віншую з найвялікшай спасіцельнай падзеяй: прышэсцем у свет Сонца Праўды — Хрыста, Бога нашага: «Слова стала плоццю, і жыло сярод нас, і мы бачылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благадаці і ісціны» (Ін. 1:14). Любячы Сваё стварэнне, Стваральнік і Спасіцель наш Хрыстос-Бог стаў чалавекам, ва ўсім падобным да нас, акрамя граху (1 Цім. 3:16; Яўр. 4:15). Гасподзь прынёс заблуднаму чалавецтву найвялікшы з усіх дароў — Сваю Бажэственную любоў. Прыйшоў на зямлю Сын Божы, каб выратаваць свет, вызваліць чалавека ад страху смяротнага і ад самой смерці, дараваць паўнату быцця ў Богу і жыццё вечнае кожнаму, хто пачуе заклік Яго і рушыць услед за Ім.

У сваім пасланні апостал Павел звяртаецца да карынфскіх хрысціян, а праз іх і да кожнага з нас, з адным з такіх заклікаў: «Праслаўляйце Бога і ў целах вашых, і ў душах вашых, якія належаць Богу» (1 Кар. 6:20). Галоўны сэнс гэтага закліку заключаецца ў тым, каб мы не толькі дзякавалі Богу і ўзносілі Яму хвалу ў малітвах і песнапеннях, але і прыносілі добры плён — справы любові і міласэрнасці на славу Божую, на славу Царквы, на карысць Айчыны і на карысць бліжняга, несучы «цяжары адзін аднаго» (Гал. 6:2) — і ў радасці, і ў бядзе.

Гасподзь запаведаў нам любіць адзін аднаго, захоўваць царкоўнае адзінства, несці людзям мір Хрыстоў і дабро, быць незласлівымі і цярплівымі, быць руплівымі ў малітве і ў служэнні слабым і абяздоленым. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою» (Ін. 13:35), — кажа нам Спасіцель і Гасподзь — Іісус Хрыстос. Прылучаючыся да гэтай найдасканалейшай Божай любові, мы атрымліваем непераможную зброю «супраць злых духаў паднябесных» (Эф. 6:12), атрымліваем здольнасць паспяхова супрацьстаяць усім выклікам часу. Якія б спакусы і выпрабаванні ні спасцігалі нас у зямным жыцці, словы Госпада: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мф. 28:20) усяляюць у нас надзею, што Ён не пакідае нас сёння і не пакіне ў будучы час.

Закон любові, завешчаны нам Спасіцелем, ляжыць у аснове сапраўднага «адзінства духу» (Эф. 4:3). Гэты закон — аснова грамадскага жыцця і салідарнасці, сумеснай стваральнай працы і супрацоўніцтва на славу Божую і на радасць тым, хто перажывае розныя нягоды і няшчасці, хто церпіць нястачу і мае патрэбу ў нашай дапамозе і падтрымцы. Але сапраўднае яднанне народа не можа абмяжоўвацца толькі часам выпрабаванняў, яно павінна стаць неад'емнай часткай нашай хрысціянскай самасвядомасці і сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Зноў наступіла прамяністае свята Ражджаства Хрыстовага, свята гарачай веры і непасаромленай надзеі на Промысл Божы, які вядзе да дабра кожнага чалавека. Зноў раскрываецца неба над зямлёю, зноў раздаецца ангельскае славаслоўе, якое абвясціла свету «радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу: нарадзіўся ... сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель» (Лк. 2:10-11). Разам з ангеламі мы зноў заклікаем заспяваць славаслоўе народжанаму Немаўляці Хрысту і, пакланіўшыся Яму, як гэта зрабілі ўсходнія мудрацы, прынесці ў дар «фіміям» сардэчнай малітвы, «золата» добрых спраў на славу Царквы і на карысць бліжняга, «міра» ахвярнага служэння бліжнім, і, прытуліўшыся да ясляў Хрыстовых, як віфлеемскія пастухі, славіць і хваліць «Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі».

Праасвяшчэнныя архіпастыры, дарагія айцы, браты і сёстры, мінулы год для многіх з нас быў няпросты, але, міласцю Божай, ён прынёс і нямала духоўнай радасці. Гэты год быў адзначаны многімі важнымі падзеямі ў жыцці нашай Царквы. Ва ўсіх епархіях архірэі, клірыкі, набожныя веруючыя людзі займаліся вырашэннем надзённых пытанняў царкоўнага жыцця: упарадкаваннем епархіяльнай і прыходскай дзейнасці, стварэннем якасна новых прыходаў, якія закліканы стаць сапраўднымі праваслаўнымі абшчынамі, здольнымі да актыўнага ўдзелу ў царкоўнай місіі, з уключэннем у іх самай актыўнай сілы грамадства — моладзі; шмат увагі ўдзялялася развіццю сацыяльных і асветніцкіх праектаў Праваслаўнай Царквы.

Найважнейшымі тэмамі многіх нашых мерапрыемстваў і разважанняў у бягучым годзе з'яўляліся: 100-я гадавіна аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве і абрання на Патрыяршы прастол свяціцеля Ціхана; успамін аб трагічных падзеях нашай гісторыі ў ХХ стагоддзі і аб пачатку страшных ганенняў на Царкву Хрыстову. У тыя цяжкія гады бязбожнага ліхалецця была праліта кроў многіх навамучанікаў і вызнаўцаў, якія ў далейшым былі праслаўлены ў ліку святых. Царкоўнае праслаўленне навамучанікаў і малітоўны зварот да іх маюць асаблівае значэнне не толькі для захавання памяці пра трагічныя падзеі тых дзён, але яны яскрава сведчаць аб тым, што ў Бога ўсе жывыя, смерць пераможана смерцю і ўваскрасеннем Хрыстовым.

Малітва навамучанікам і вызнаўцам сагравае нашы сэрцы, умацоўвае веру ў Бога і, нагадваючы пра мінулае, заклікае нас захоўваць веру праваслаўную, каб нічога падобнага на нашай зямлі ў будучым не адбывалася.

У мінулым годзе па шматлікіх просьбах і хадайніцтве набожных вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы і асабліва Мінскай мітраполіі пачата падрыхтоўчая праца па аднойдзенню святых мошчаў блажэннай Валянціны Мінскай. Заклікаю ўсіх вас, дарагія архіпастыры, пастыры, пачэсныя інакі і інакіні, набожныя браты і сёстры, узмацніць свае малітвы да Госпада і да Прасвятой Багародзіцы, каб Яны благаславілі Айчыне, Царкве і ўсяму нашаму набожнаму народу адкрыць духоўны скарб — святыя мошчы блажэннай Валянціны Мінскай.

Мы верым, што аднойдзенне мошчаў святых угоднікаў Божых з'яўляецца найвялікшым Божым Дарам і праявай асаблівай Божай ласкі да верных людзей Сваіх. Як толькі мы станем вартымі міласці Божай і гэтага благадатнага Дару, Гасподзь пачуе нашы малітвы і выканае наша прашэнне. Аднойдзенне святых мошчаў блажэннай Валянціны і прынясенне гэтай вялікай святыні ў кафедральны сабор сталіцы Белай Русі горада Мінска стане наймацнейшым жыццесцвярджальным імпульсам, які засведчыць перад кожным з нас, жыхароў беларускай зямлі, пра вечнае значэнне жыцця чалавека ў веры і вернасці Богу, у імкненні да выканання асноўных прынцыпаў Богам запаведанага Евангельскага закону. Перакананы, што такое сведчанне паслужыць усенароднаму ўмацаванню ў свядомасці і жыцці людзей духоўна-маральных каштоўнасцяў і паспрыяе росквіту нашай Айчыны.

Святая Праваслаўная Царква заклікае кожнага з нас без ляноты працягваць працаваць над ачышчэннем і праабражэннем сваёй душы, паколькі духоўнае змяненне самога сябе — залог і аснова для праабражэння ўсяго народа нашай Айчыны.

Дарагія і ўзлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры і пастыры, інакі і інакіні, браты і сёстры! Ад усяго сэрца з любоўю ў Хрысце зноў і зноў віншую ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага і з Новым годам дабрыні Гасподняй. Малітоўна жадаю вам добрага здароўя, міру, дабрабыту і невычарпальнай благадатнай дапамогі Божай у вашым жыцці, подзвігах і працы на славу Святой Царквы Хрыстовай, на карысць Айчыны і на дабро ўсім нашым бліжнім і дальнім. Амінь.

† Павел, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Ражджаство Хрыстова 2017—2018 гг., горад Мінск

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.