Вы тут

Якія вітамінныя напоі могуць з'явіцца ў Беларусі?


Сёння ў Еўропе больш запатрабаванымі за сокі сталі вітамінныя напоі. Яны такія ж карысныя, пры гэтым на іх вытворчасць патрабуецца менш сыравіны і, адпаведна, кошт гатовай прадукцыі ніжэйшы, што вельмі «падкупае» сучаснага спажыўца. Магчыма, і нам варта перагледзець свае звычкі? Тым больш што натуральныя, стапрацэнтныя сокі не ўсім падыдуць, яны могуць раздражняць слізістую страўніка.


І беларускія вучоныя працуюць над рэцэптурамі вітамінных напояў, імкнуцца зрабіць асартымент больш разнастайным за кошт выкарыстання новых інгрэдыентаў. Чаму б не дадаць у рацыён прадукты, створаныя на аснове мала папулярных пладовых і ягадных культур — абляпіхі, чырвонай і чарнаплоднай рабіны, каліны і іншых?

Адзін з кірункаў, які развіваюць вучоныя Інстытута пладаводства, — стварэнне напояў з мёдам. Так, сярод прапаноў для вытворцаў — рабіць падобны напой з бузіны чорнай. Між іншым, гэтая ягада — выдатны фарбавальнік, яна ідэальная для купажу, будзе добрай асновай, каб раскрыўся смак іншых пладоў і ягад.

Сярод навінак, якія б з цягам часу маглі з'явіцца на прылаўках, — распрацаваны супрацоўнікамі Інстытута пладаводства прадукт — ягады ў фруктовым соку.

— Мы павінны прывучаць насельніцтва, што тая ж рабіна садовая — не дэкаратыўная культура, нельга прымяншаць якасці яе біяхімічнага саставу і карыснасць, яна мае цікавы смак. Тое ж самае датычыцца і рабіны чарнаплоднай. У купажы з яблычным сокам для мяне гэта адно з самых лепшых спалучэнняў. Калі ў нас праводзіліся дэгустацыі гэтых прадуктаў, людзі былі прыемна ўражаныя, — заўважае навуковы супрацоўнік аддзела захоўвання і перапрацоўкі Інстытута пладаводства Галіна Новік.

Сярод кірункаў работы вучоных — ацэнка і адбор сартоў пладовых і ягадных культур на прыдатнасць да хуткага замарожвання і рэкамендацыі па іх далейшым выкарыстанні. Менавіта такі спосаб дазваляе практычна захаваць усе біяхімічныя паказчыкі. Адна з самых перспектыўных ягад для замарозкі на дадзены момант — маліна рэмантантная.

Замарожаныя прадукты падыходзяць для далейшай перапрацоўкі, з такіх ягад можна вырабляць варэнні, джэмы, кампоты. Добра іх дадаваць у малочныя кактэйлі. Як свежыя, так і замарожаныя ягады падыдуць для смузі. Сорбе — ёсць у вучоных і такая распрацоўка (гэта працёртыя плады, узбітыя з дабаўленнем цукровага сіропу і замарожаныя) — добрая альтэрнатыва марозіву, асабліва для людзей, якія не могуць ужываць малако. У замарозцы можна рабіць мікс з пладоў і ягад. А каб яблык не пацямнеў, перад тым, як памясціць у маразільную камеру, яго абварваюць у цукровым сіропе ці дадаюць аскарбінавую кіслату.

У Еўропе зараз актыўна развіваецца і такі кірунак перапрацоўкі як субліміраваныя плады і ягады. На іх базе ствараюцца новыя прадукты: дэсерты, ягады ў шакаладзе — чым не альтэрнатыва звычайным цукеркам? Субліміраваныя парашкі дадаюцца ў сокі. На жаль, у Беларусі пакуль абсталявання для такой вытворчасці няма, але варта было б гэтую справу распачаць. Так, працэс субліміраванай сушкі доўгі (тут тэмпература да 39 градусаў), але ягады пасля не страчваюць першапачатковы выгляд і, што самае важнае, гэта адзіны від перапрацоўкі, які дазваляе захаваць ферменты. Акрамя таго, для падобных прадуктаў не патрэбны ніякія маразільныя камеры, яны могуць захоўвацца ў звычайных умовах пры тэмпературы 25 градусаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіadzіula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прадукты будучыні?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.