Вы тут

Поўнае факсіміле Скарынавых выданняў стварыць было няпроста


Калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сёлета прысуджана ганаровая ўзнагарода — прэмія Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» за работу па факсімільным узнаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Магчыма, у хуткім часе і мы з вамі зможам пагартаць асобнік копіі самай старажытнай беларускай кнігі, а пакуль што намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Міжнароднай арганізацыі беларусістаў свету Алесь СУША распавядае, з чаго ўсё пачалося.


— У 2012 годзе мы ўсвядомілі, што ў Беларусі захоўваецца ўсяго дзесяць няпоўных выданняў Скарыны. Набліжаўся юбілей беларускага кнігадрукавання, і такім чынам з'явілася ідэя стварыць факсіміле выданняў першадрукара.

Нягледзячы на тое, што Францыск Скарына ва ўсіх на слыху, Алесь Суша ўпэўнены, што беларусы да гэтага часу цьмяна ўяўляюць, якую спадчыну і ў якім аб'ёме пакінуў ім асветнік з Полацка. Супрацоўнікі бібліятэкі шукалі інфармацыю, дзе цяпер знаходзяцца скарынаўскія кнігі і ў якім яны стане. Для гэтага ладзілі экспедыцыі ў Маскву, Вільню, Лондан... Раней таксама былі спробы факсімільных выданняў, аднак зборы твораў выходзілі няпоўныя. Цяпер жа быў замах стварыць поўнае выданне ўсіх кніг Скарыны, якія толькі вядомыя ў наш час.

Згодна з канцэпцыяй, сістэмная работа праходзіла па некалькіх кірунках. Найперш навукоўцы займаліся бібліятэчна-інфармацыйнымі росшукамі. Сярод усіх выданняў у розных краінах выбіралі найбольш захаваныя, поўныя экзэмпляры. Старадрукі даходзяць да нас у розным стане, і бывалі выпадкі, калі іх літаральна даводзілася складаць па частках, як, напрыклад, скарынаўскі «Псалтыр». У свеце захавалася ўсяго два экзэмпляры гэтай кнігі, прычым абодва няпоўныя. Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі рабілі лічбавыя копіі кожнага асобніка, а потым «аб'ядноўвалі» іх у адзін том.

Другую частку работы можна ўмоўна назваць тэхнічна-лічбавай. Гэта быў этап перамоў, дамоваў, перапіскі. Некаторыя з уладальнікаў старажытных кніг згаджаліся дапамагчы на добраахвотным пачатку, другія прадастаўлялі копіі за плату, з іншымі працавалі па прынцыпе абмену. У выніку ўдалося сабраць каля 300 алічбаваных выданняў Скарыны. Дарэчы, паглядзець поўны збор копій можна цяпер у Нацыянальнай бібліятэцы, а частка архіва існуе ў свабодным доступе ў інтэрнэце. Друк захаваў усе асаблівасці паперы, пазначэнні алоўкам і пяром на палях кнігі, плямы ці надарванасці. Іх не рэтушавалі, каб захаваць дакладнасць.

Трэцяя частка работы над выданнем была навуковая. Кнігі Скарыны ўпершыню даследаваны комплексна з пункту гледжання рэлігійнай практыкі, кнігазнаўства, мастацтвазнаўства, літаратуразнаўства і мовазнаўства. Што асабліва важна — вынікі пададзеныя чытачам на беларускай, рускай і англійскай мовах, яснымі і зразумелымі словамі. Таксама ўпершыню загучаць на сучаснай мове прадмовы і пасляслоўі першадрукара.

Сёння факсіміле складае 20 тамоў тыражом у 1000 экзэмпляраў. Паліграфічнае выданне было толькі першай часткай працы. Другая палова работы са спадчынай Скарыны заключалася ў акцыях, мерапрыемствах, прэзентацыях, якія прайшлі бадай у кожным раёне Беларусі і ці не ў кожнай еўрапейскай краіне.

— Факсімільнае выданне адкрые магчымасць даследаваць мінуўшчыну самаму шырокаму колу чытачоў. Раней доступ да 500-гадовых асобнікаў мелі толькі навукоўцы, цяпер жа запланавана перадаць выданне ва ўсе ВНУ, буйныя і раённыя бібліятэкі краіны, музеі, установы, якія носяць у сваёй назве імя першадрукара.

Алесь Суша спадзяецца, што факсіміле стане матэрыяльным увасабленнем велічы кніжнай спадчыны беларусаў, бо цяпер справа першадрукара — гэта не проста некалькі старонак у падручніку гісторыі, а цэлая паліца з сапраўднымі кнігамі ў бібліятэцы.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Выток беларускай кнігі — у тваіх руках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».