Вы тут

Да чаго можа прывесці спрэчка ЗША з Пакістанам?


Знешняя палітыка ЗША ў 2018 годзе ў асобе прэзідэнта Дональда Трампа, які адказвае за яе рэалізацыю, пачалася з яго рэзкага выказвання ў «Твітары» ў адрас Пакістана: «Злучаныя Штаты па дурасці далі Пакістану больш за 33 мільярды долараў дапамогі за апошнія 15 гадоў, а яны нам нічога не далі, акрамя хлусні і падману, мяркуючы, што нашы лідары — дурні. Яны даюць сховішча тэрарыстам, якіх мы шукаем у Афганістане. Дапамогі ніякай. Хопіць!» З чым звязана гэтая заява і наколькі яна праўдзівая, што можа адбыцца, калі наступіць глыбокі крызіс у амерыкана-пакістанскіх адносінах?


Заява Трампа звязана, безумоўна, з яго сумнеўнай кампетэнтнасцю ў сферы знешняй палітыкі. Мала ў чым разбіраючыся, ён у той жа час спрабуе простымі метадамі вырашаць складаныя пытанні. Між тым у такой далікатнай сферы, як знешняя палітыка і дыпламатыя, гэта звычайна дае адваротны вынік. Дастаткова паглядзець, як прайшло галасаванне ў Генеральнай асамблеі ААН па пытанні прызнання Іерусаліма сталіцай Ізраіля, што раней зрабілі ЗША і да чаго заклікалі ўсіх сваіх саюзнікаў. Напярэдадні галасавання Дональд Трамп не прыдумаў нічога лепшага, як паабяцаць пазбавіць фінансавай дапамогі тых амерыканскіх саюзнікаў, якія прагаласуюць супраць ЗША па гэтым пытанні. Між тым гэта толькі пагоршыла вынікі галасавання. Па выніках галасавання ў Генеральнай асамблеі ААН 128 краін заклікалі ЗША адмяніць рашэнне аб прызнанні Іерусаліма сталіцай яўрэйскай дзяржавы, 35 краін устрымаліся і толькі дзевяць падтрымалі амерыканцаў. Нашмат лепшы вынік магла б даць тайная праца сам-насам з кожнай краінай-саюзніцай. А так выйшла вельмі проста — прагаласаваў супраць рэзалюцыі — значыць, амерыканцы цябе купілі. Вельмі сумнеўны імідж для многіх рэгіёнаў свету і вялізныя праблемы для многіх лідараў краін, якія нават з'яўляюцца амерыканскімі васаламі, але імітуюць для грамадскасці поўны суверэнітэт і незалежнасць сваёй краіны.

Калі разгледзець сітуацыю з амерыканскай дапамогай дэталёва, то галоўнае пытанне заключаецца ў тым, чаму папярэднікі Трампа на пасадзе прэзідэнта ЗША выплацілі такую вялікую суму Пакістану, калі, на думку Трампа, Ісламабад не аказваў і не аказвае ніякай дапамогі ЗША? Трамп цалкам памыляецца: амерыканцы ніколі не плацяць грошы проста так, і яго папярэднікі цудоўна разумелі, што яны аплачваюць.

Па-першае, Пакістан — адзіная ў свеце ісламская дзяржава з ядзернай зброяй, і Вашынгтон з гатоўнасцю плаціў мільярды долараў, каб не рэалізаваўся адзін з самых страшных кашмараў для Захаду. Уявім сабе, што дзясяткі мільярдаў долараў не былі б выплачаны Ісламабаду ў папярэднія гады, што зрабіла яго прыхільным да супрацоўніцтва з ЗША, і гэтая краіна стала б варожай да Захаду? Цалкам магчымай была б сітуацыя, пры якой ісламскія тэрарысты па ўсім свеце атрымалі б доступ да дастаткова сучасных тэхналогій па вытворчасці ядзернай зброі. І лёгка здагадацца супраць каго ў першую чаргу гэта зброя можа быць выкарыстана. Адмова Трампа аказваць фінансавае садзейнічанне можа зрабіць такі сцэнарый магчымым у будучыні.

Па-другое, усе гэтыя гады ЗША праводзяць маштабную аперацыю ў Афганістане. Папярэднюю аперацыю па прымірэнні Афганістана праводзіў савецкі ўрад, і адным з галоўных фактараў, чаму аперацыя не ўвянчалася поўным поспехам, было відавочнае процідзеянне Маскве з боку Ісламабада. З тэрыторыі суседняга Пакістана ў Афганістан ішоў бясконцы паток баевікоў і сучаснай зброі, падсілкоўваючы вайну супраць савецкіх салдат і ўрада сацыялістычнага Афганістана. Амерыканскае ўварванне ў Афганістан таксама было дрэнна ўспрынята насельніцтвам Пакістана, як і савецкая аперацыя, але дзясяткі мільярдаў долараў, выплачаных Вашынгтонам, дазволілі элітам Ісламабада закрыць на гэта вочы. У амерыканцаў і так не вельмі атрымліваецца барацьба з талібамі ў Афганістане, і адмова Трампа плаціць Пакістану звыклы хабар калі не за супрацоўніцтва, дык за несупрацьдзеянне амерыканцам, можа сітуацыю толькі ўскладніць.

Па-трэцяе, Пакістан не тая краіна, якая нікому не патрэбна. Наадварот, у яе пятае ў свеце па памеры насельніцтва і ўнікальнае стратэгічнае становішча ў сваім рэгіёне. У сувязі з гэтым Кітай ужо некалькі дзесяцігоддзяў таксама ўсяляк супрацоўнічае з Ісламабадам і грошай для свайго саюзніка не шкадуе. Адмова ЗША быць такім жа шчодрым саюзнікам можа даць Кітаю больш трывалы саюз з Пакістанам, і ў гэтым для ЗША не будзе нічога добрага. Улічваючы і той факт, што вельмі важная для планаў ЗША Індыя мае дастаткова напружаныя адносіны і з Кітаем, і з Пакістанам.

Па-чацвёртае, планы Трампа па пераглядзе ядзернай здзелкі з Іранам таксама шмат у чым залежаць ад суседа Ірана — Пакістана. На Іран будзе значна цяжэй ціснуць, калі Пакістан не будзе больш аказваць садзейнічанне ЗША ў рэгіёне.

Пятая прычына, па якой з Пакістанам многія хочуць супрацоўнічаць, заключаецца ў яго ролі ў транзіце нафты з Персідскага заліва, дзе сканцэнтравана трэць усіх нафтавых запасаў планеты. Мір і спакой на пакістанскім беразе — адна з галоўных умоў для атрымання неабходных аб'ёмаў нафты многімі з важных саюзнікаў ЗША, у тым ліку Еўрасаюзам.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».