Вы тут

Беларусь перамагла Швейцарыю ў матчы Каляднага турніру


У трэці гульнявы дзень XIV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея адбыліся чатыры паядынкі. У групе А лёс першага месца вызначаўся ў гульні каманды Прэзідэнта Беларусі і хакеістаў саШвейцарыі: дарэчы, гаспадарам турніру дастаткова было згуляць унічыю, каб выйсці ў фінал, а швейцарцаў задавальняла толькі перамога. У групе В за выхад у фінал змагаліся лідары квартэта – зборныя Расіі і Чэхіі, якія да гэтага перамаглі па два разы.


У рамках гэтага розыгрышу каманда Прэзідэнта Беларусі ўпершыню сустрэлася са швейцарскай дружынай, а ўсяго Швейцарыя прымала ўдзел у Калядным турніры 11 разоў. Лепшага выніку каманда дасягнула ў 2008 годзе: тады яе хакеісты ўвайшлі ў чацвёрку наймацнейшых, калі перамаглі двойчы і занялі чацвёртае месца.

Нягледзячы на турнірныя перспектывы, зборная Швейцарыі не здолела нічога супрацьпаставіць беларускай камандзе. Першы перыяд прайшоў пры поўным дамінаванні беларускіх хакеістаў – 4:1, у другім разрыў у тры шайбы захаваўся – 5:2. У апошнім перыядзе, нягледзячы на значна больш моцную гульню швейцарцаў, беларусы даціснулі суперніка, у выніку лік стаў 10:6, Беларусь стала першым фіналістам турніру. Дарэчы, адну з шайбаў Павел Белы закінуў у вароты сапернікаў з перадачы Аляксандра Лукашэнкі. Лепшымі гульцамі паядынку прызнаныя нападаючы беларусаў Яраслаў Чупрыс і галкіпер швейцарцаў Марцін Крыстэн.

Гулец хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі Канстанцін Кальцоў пасля першага перыяду распавёў, што ўстаноўка трэнерскага штаба на пачатак паядынку – гэта актыўны старт. "Трэба было пастарацца забіць адразу, што і атрымалася. Вядома, калі поўныя трыбуны, гуляць прыемна", – сказаў хакеіст.

Ён таксама адзначыў, што па ходзе турніру склад каманды актыўна мяняўся, аднак да матчу са швейцарцамі беларуская зборная падышла ў аптымальным складзе. "Мы спадзяемся, што і далей нас прыйдуць падтрымаць поўныя трыбуны. Паспрабуем паказаць прыгожы добры хакей", – дадаў Кальцоў.

Гулец зборнай Швейцарыі Штэфан Кубацкі ў перапынку паміж перыядамі выглядаў даволі засмучаным. "Вельмі хуткі тэмп гульні, сапернікі вельмі хуткасныя, гэта не тое, чаго мы чакалі, – падзяліўся ўражаннямі хакеіст. – Для нашай каманды вельмі выдатна, што мы можам гуляць на такой арэне з такой колькасцю заўзятараў, што не зусім звыкла – мы ж узроставыя гульцы, такая цікавасць прыемна ўдвая".

У матчы паміж камандамі Чэхіі і Расіі перамаглі перамаглі апошнія, лік – 3:9, зборная Расіі стала другім фіналістам. У іншым матчы ў групе А хакеісты Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў абыгралі сапернікаў з Кітая з разгромным лікам 10:2. У групе В зборная Балкан упершыню перамагла за час удзелу ў турніры – была абыграна Швецыя з лікам 10:7.

Такім чынам, фінальны паядынак паміж камандамі Беларусі і Расіяй адбудзецца сёмага студзеня ў 18.00, а ў 13.00 бронзу разыграюць зборныя Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Чэхіі. Абедзве сустрэчы адбудуцца на вялікай пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны".

Дарэчы, паралельна вызначыліся і юныя фіналісты рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба". Фінал гэтага турніру паміж камандамі "Грыфоны" і "Мядзведзь" адбудзецца сёмага студзеня на лёдзе малой пляцоўкі "Чыжоўка-Арэны" ў 14.30.


У тэму

У гэты ж дзень напярэдадні заключных матчаў турніру хакеісты ўручылі падарункі падчас дабрачыннага праекта "Калядная традыцыя", які прайшоў ужо ў шосты раз, паведаміла БЕЛТА.

Гульцы прыехалі ў дзіцячы дом №5 горада Мінска і прынялі ўдзел у розных майстар-класах. Так, дзеці сумесна з гульцамі зборнай Швейцарыі рабілі калядную паштоўку, саламяныя вырабы рыхтавалі расійскія хакеісты, а зборная Балкан разам з беларусамі зрабілі калядную аплікацыю з нітак. Фігуркі з салёнага цеста стваралі хакеісты з Швецыі і Чэхіі, а кітайцы паспрабавалі свае сілы ў гатаванні дранікаў.

Што тычыцца падарункаў, то Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Федэрацыя хакея Беларусі пералічылі дзіцячаму дому матэрыяльную дапамогу ў памеры 25 тысяч рублёў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».