Вы тут

Чытаючы дзённікі Рыгора Барадуліна


Творчая зорка народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна і надалей працягвае трывожыць, хваляваць, непакоіць. І надалей, нягледзячы на няўмольную хаду гадоў (пайшоў паэт з жыцця ў 2014 годзе), майстар красы, майстар спелага, выпеставанага паэтычнага радка застаецца з намі, чытачамі сапраўднай паэзіі. Мяркую, што многімі сваімі вершамі і надалей Рыгор Іванавіч Барадулін будзе са сваім народам, з яго мовай, з Беларуссю… Мусіць, таму і хвалюе, працягвае прывабліваць кожная кропачка яго, Вялікага Паэта і яркага Жыццялюба, біяграфіі, творчасці. Мусіць, таму кнігі яго запісаў (так і названы чатыры выпускі ў «кнігазбораўскім» выданні — «Дзённікі і запісы») уяўляюць сабой надзвычай цікавае мастацкае чытанне.


Першы выпуск сабраў запісы з 1951 па 1969 гады, другі — з 1970 па 1978, трэці — з 1979 па 1982. І вось толькі што выйшаў чацвёрты выпуск — з занатоўкамі ад 1983 па 1988 гады. Пачатак выданню «дзённікавага» Збору твораў Рыгора Барадуліна пакладзены ў 2015 годзе. Душа і сэрца, матор, рухавік усіх кніг — добры сябар Рыгора Іванавіча, калега па працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» Наталля Давыдзенка (яна вядомая як таленавіты, вельмі цікавы, са сваім уласным творчым характарам паэт і празаік Марына Наталіч). Так і пазначана ў выхадных дадзеных: «Укладанне, прадмова і тэксталагічная падрыхтоўка Наталлі Давыдзенка». Нізкі паклон шаноўнай спадарыні Наталлі за такую руплівасць, за такое беражлівае стаўленне да спадчыны народнага паэта Беларусі, класіка нашай айчыннай паэзіі.

У прадмове да першага тома Наталля Давыдзенка напісала: «Дзённікі, лісты, запісы, зацемкі, накіды, чарнавікі — невычэрпная крыніца для больш глыбокага спазнання і разумення любога чалавека, а тым больш творчай асобы, творцы гэткага маштабу, як народны, сапраўды беларускі народны паэт Рыгор Барадулін.

Падрыхтаваны да друку збор дзённікаў, кароткіх рабочых зацемак, паэтычных накідаў і запісаў аб уражаннях ад шматлікіх паездак 1951 — 1969 гадоў — яркі, змястоўны, шматфарбны калейдаскоп грамадскага, побытавага, працоўнага, творчага і асабістага жыцця Паэта…

Першы, шчасліва адшуканы дзённічак васьмікласніка (1951; пісаны па-руску); дзённік студэнта першага і другога курсаў філфака БДУ і цалінніка (1955 — 1956); першая замежная паездка пяцікурсніка ў Польшчу (1958); працоўныя і творчыя паездкі па гарадах Беларусі: Брэст, Полацк, Магілёў, Наваградак, Салігорск, Гродна, Гомель, Нясвіж; па краях і рэспубліках Савецкага Саюза: Эстонія (1960), Краснаярскі край, Тува, Хакасія (1964), Латвія (1964, 1966, 1967), Далёкі Усход (1965), Крым (1966), Азербайджан (1967), Узбекістан (1968) і родная Ушаччына — няпоўны і беглы пералік таго, дзе пабываў паэт, што пабачыў, чым цікавіўся, пра што рыхтаваўся пісаць». І далей: «Галоўнай мэтай для мяне як укладальніка было як мага больш поўна сабраць, расшыфраваць і спарадкаваць не толькі “цэльныя” дзённікі, але і шматлікія раскіданыя запісы і “пункцірныя” зацемкі на хаду, нават калі яны ўяўляюць сабой абарваныя сказы, не заўсёды зразумелыя дэталі, бо іх натаваў не марнатраўны падарожнік, а вялікая творчая асоба, сур’ёзны назіральнік, якога цікавілі гісторыя і побыт незнаёмых земляў, іншыя мовы і культуры, звычаі і паданні, прамысловасць, будоўлі, сельская гаспадарка, нават статыстычныя лічбы. Усё занатаванае аўтарам само па сабе ўжо з’яўляецца гісторыяй, бо абмалёўвае часы для многіх даўно мінулага, не заўсёды зразумелага, а то і невядомага.

Корпус асноўных тэкстаў дапоўнены вершамі, якія паэт не ўключаў у свае зборнікі, у тым ліку самай першай паэмай “Зацвітаюць купавы” (1958 — 1959), прысвечанай лёсу маці і бацькі, пра якую сам Рыгор Іванавіч ніколі не згадваў, а таксама россыпам сяброўскіх эпіграм — і гарэзлівых, і задзірліва-колкіх (а як жа іначай!) і нават знатаванымі ім дарчымі надпісамі на сваіх кнігах…»

У запісах першых гадоў вучобы (ва ўніверсітэт Рыгор паступіў у 1954 годзе) выклікае сімпатыі асаблівая цяга маладога паэта як мага болей чытаць, часцей хадзіць у тэатр, кіно. Відавочна, што цягнула да насычэння культурай, мастацтвам. Хацелася ўвабраць у сябе ўвесь свет. 21 верасня — запісы пра абмеркаванне вершаў пачынаючых паэтаў на трохдзённай нарадзе маладых пісьменнікаў рэспублікі. Запісы таго, што гаварылі пра маладых калег (а сярод іх — знакавыя, вядомыя ў будучыні імёны беларускіх паэтаў: У. Нядзведскі, В. Тарас, К. Цвірка, М. Арочка, А. Ставер, А. Дзеружынскі, У. Караткевіч, І. Бурсаў) сталыя літаратары. А гэта — і Пятро Глебка, і Максім Лужанін, і Васіль Вітка, і нават Якуб Колас. Вось да чаго скіроўваў увагу моладзі Якуб Колас: «Мова — падмурак, на якім узводзіць свае творы пісьменнік. Бедная мова ў нас, пісьменнікаў. Пушкін вучыўся мове ў нянькі. Крылоў хадзіў на кірмаш. Народ — крыніца нашай мовы…».

Уражвае атмасфера стасункаў паэта з калегамі па цэху. Яму, здаецца, усё цікава, да ўсяго яму ёсць справа. Збіраючы ўражанні па розных краінах, розных куточках, Рыгор Барадулін збіраў свае вершы. У дадатак да сустрэтых, адкрытых у маленстве, дзяцінстве, юнацтве вобразаў і сімвалаў ён вышукваў запамінальныя, вобразныя крупінкі жыцця па ўсім свеце. Усё яго вачам, яго свядомасці здавалася новым, раней нікому невядомым. Такі ўжо ён меў з самага пачатку жыцця характар — наіўна ўзірацца ў Сусвет, імкнуцца зазірнуць за далягляды, пранізліва рассекчы аблокі, у думках і ўяўленнях перайсці самыя недасяжныя граніцы, паяднаць ва ўласнай свядомасці філасофію, вопыт жыцця розных народаў.

Запіс ад 22 чэрвеня 1979 года (зроблены ў Казахстане): «…Паездка ў горы. Паглядзелі (гару) Хантэнгры (Хан-Тэнгры). Нябесны рэвізор недалічыць зор. Да зор падаць рукою. Коўш Мядзведзіцы блізка. Млечны Шлях сцяжынкай утуманелай. Арлы. У гарах птушкі, чабаны і мурашы, толькі не гадзюкі. Можна лётаць, лунаць, хадзіць, адно немагчыма — поўзаць.

Ірыс цвіце, на пялёстках белыя палоскі, як на крылах матылькоў. Здаецца, хоча далучыцца да блакіту, застылыя кроплі блакіту на альпійскіх лугах.

Ільды ў гарах, снежныя полюсы, нібы вясной не ўвесь сышоў снег з часоў зімы ледавіка.

 Ахіяр Хакімаў, сын палка ў Быхаве, упершыню пазнаёміўся з Максімам Багдановічам, папрасіў заспяваць “Зорку Венеру”, каля самай Хантэнгры беларуская мова. Рака — ле, Лебасы — Галава ле. Коксай — Зялёная цясніна (ці схіл). Яліны Цянь-Шаня за горнае крыссе (трымаюцца).

Дырэктар саўгаса “Коксай” Даутаў. Стронгу ловяць таптухай, боўткай б’юць, каменем з берага пад карчы. Кіданне чаравікаў, гэта ўзятая прастора, чым далей. Падае конь — кідай далей камчы. Тры разы раніцай мыйся — (калі) спаў з жанчынай. Новы саўгас (арганізаваны) у красавіку мінулага (года), цалінны “Коксай”.

Цясніна Кокбель — Зялёны хрыбет, спакойныя схілы, як выпаўнелыя статкі кароў. Белая з гор рэчка Каксайка, пасвяцца каровы. У бок юрты без спраў не скачуць, едуць спакойна. Скачуць ці з радаснай весткай, ці з сумнай...»

Такія замалёўкі, несумненна, пасля перачытваліся, выходзілі ў вершы — вобразамі, дэталямі. Дарэчы, у Рыгора Іванавіча была і наступная задумка — пра гэта піша Наталля Давыдзенка ў прадмове да чацвёртага выпуску «Дзённікаў і запісаў»: «А яшчэ — запісаны шчодра насычаны зместам план, задуманы (у кастрычніку 1983 г.) разам з М. Стральцовым, але, на жаль, не спраўджанай “Кнігі дружбы”, які хочацца прывесці цалкам: “...проза, вершы, экспромт, Прыбалтыка, Азія, Усход, партрэт сяброў, характар культуры, застолле, вяселле, дарога, дарога, прывал, самалёт, на валах, начлег, пра пераклады, эпіграмы, партрэты людзей, сяброў, рэчаў (студня, клець, дрэва ля кляштара), нешта з песняў праз рэаліі, Германаў, Куляшоў, Броўка, пра шапку ці пра аборы”. І дадаць: дзённікі і запісы паэта ці не працягваюць ствараць год за годам менавіта падобную кнігу?..»

Рыгор Барадулін, аб’ездзіўшы дзясяткі савецкіх рэспублік і краін з розных старонак свету (Польшча, Эстонія, Латвія, Азербайджан, Узбекістан, Літва, Туркменістан, Арменія, Казахстан, Фінляндыя, Швецыя, Данія, Украіна, ЗША, Францыя, Балгарыя, Індыя і інш.; а колькі гарадоў, старонак Расіі!), адусюль прывозіў сяброўскія, творчыя стасункі. Таму, зразумела, шмат і настойліва перакладаў, таму ўнікліва ўваходзіў у сутнасныя сакрэты чужых і часам вельмі далёкіх для беларускага засваення моў.

«Савецкасць» паэтычных зносін таго, ранейшага, часу насіла ў памкненнях Рыгора Барадуліна настойлівае жаданне прывеціць праз беларускае слова, беларускі мастацкі светапогляд увесь свет. Выключная працаздольнасць, камунікатыўныя здольнасці (ён увесь час працаваў над іх развіццём, імкнуўся выхоўваць сябе ў зносінах з іншымі) давалі падставы для пастаянай самадукацыі, натуральнай чытацкай цікаўнасці да зробленага папярэднікамі, сучаснікамі і сябрамі па цэху.

Чацвёрты том «Дзённікаў і запісаў» завяршаецца 1988 годам. Наперадзе ў Рыгора Іванавіча яшчэ чвэрць стагоддзя. Мо нават самая цікавая частка творчага жыцця. Наперадзе — многія паездкі і сустрэчы, многія перакладчыцкія адкрыцці. Значыць, і нас, чытачоў, чакаюць цікавыя і шматфарбныя запісы. Дарэчы, пра тыраж кніг: першы том — 300 экзэмпляраў; другі — 250; трэці — 200; чацвёрты — ужо 150 экзэмпляраў… Відавочна, праект не такі і лёгкі для выдавецтва, арганізатараў, ініцыятараў выдання. Мо варта было б падтрымаць «Кнігазбор» праз падпіску на наступныя тамы?..

Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: Зацемкі з характарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».