Вы тут

10 хітрасцяў для агароднікаў


Нават калі вы не баіцеся запэцкаць рукі, працуючы ў садзе, мець пару «тузоў у рукаве» — гэта заўсёды добра. Прапануем некалькі «трукаў», якія варта ўзяць на заметку кожнаму садоўніку і агародніку. Асобныя парады могуць здацца дзіўнымі, але яны сапраўды працуюць!


1. Новы погляд на паліў

Расліны з доўгімі каранямі, якія сыходзяць глыбока ў глебу, вельмі часта недаатрымліваюць вільгаць нават пры шчодрым паліве. Але гэта лёгка выправіць, калі прыкапаць побач з такімі культурамі пусты пластыкавы кантэйнер з адтулінамі ў дне. Паліваючы расліны праз гэты гаршчок, вы можаце быць упэўнены, што яны атрымаюць неабходную ім вільгаць для добрага і здаровага росту. Асабліва такі паліў спадабаецца кабачкам.

2. Агарод у кантэйнеры

Калі ў вас вельмі маленькі ўчастак, гэта зусім не значыць, што вы не можаце вырасціць на ім усё, што пажадаеце. Знайдзіце ў продажы пластыкавы кантэйнер для захоўвання і высадзіце ў яго агародніну ці кветкі. Каб міні-градка была не вельмі цяжкай, на дно кантэйнера можна насыпаць дрэнаж. Дарэчы, такі праект можна рэалізаваць нават на балконе гарадской кватэры.

3. Падгузкі ў дачнай гаспадарцы

Многія нават не падазраюць, што падгузкі ўжываюць у кветкаводстве. А між тым крэатыўныя дачнікі прыдумалі ўкладваць іх на дне кветкавых гаршкоў і кашпо. Уся справа ў тым, што матэрыял, які выкарыстоўваецца ў падгузках, затрымлівае вільгаць, але карані раслін пры гэтым не загніваюць. Такі спосаб вырошчвання лепш за ўсё падыходзіць для адналеткаў, якія патрабуюць частага паліву. Цяпер, нават калі вы бываеце на дачы рэдка, можаце не турбавацца пра любімыя расліны: яны не загінуць.

4. Паліў «чароўнай» вадой

Не вылівайце ваду, у якой варылася агародніна: такі адвар насычаны пажыўнымі рэчывамі, дзякуючы якім многія расліны ў садзе будуць расці на зайздрасць суседзям. Толькі не палівайце кветкі кіпнем, дачакайцеся, пакуль булён астыне. Ён прыдатны для паліву як садовых і агародных культур, так і гаршковых раслін. Піць «агароднінную» ваду карысна і людзям. У спякоту яна добра праганяе смагу. Але гэта ўжо справа густу.

5. Кававыя фільтры для кветкавых гаршкоў

Кожны раз, паліваючы кветкі, вы можаце заўважыць, што разам з вадой, якая выцякае, з дрэнажнай адтуліны прасыпаецца грунт. Фільтры для кавы, размешчаныя на дне гаршка, дазволяць вадкасці сцячы, але ўтрымаюць субстрат унутры. Такі прыём ідэальны для пакаёвых раслін, а таксама для вулічнага кантэйнернага саду.

6. Пасадка «гаршчок у гаршку»

Не ўсе садоўнікі любяць кардынальна мяняць дызайн участка кожны новы сезон. Вядома, перамен хочацца, але звычайна гэта адбірае шмат сіл і часу. Аднак ёсць адна невялікая хітрасць, якая дазваляе мяняць месцамі пасадкі, калі вам гэтага захочацца. Проста закапайце ў зямлю некалькі пластыкавых гаршкоў і ўстаўце ў іх сезонныя кантэйнерныя расліны. Калі кветкі страцяць дэкаратыўнасць, іх можна лёгка замяніць новымі. Так ваш кветнік заўсёды будзе прыгожы і прыбраны.

7. Калі патрэбна цяплічка для зеляніны і расады...

У гэтым выпадку вас зноў выратуюць пластыкавыя бутэлькі. Ва ўласнай мініяцюрнай аранжарэі кожны сеянец будзе развівацца з дзіўнай хуткасцю. А ўсяго і трэба, што адрэзаць у звычайнай пластыкавай бутэлькі рыльца і накрыць ёю гаршчок з раслінай. Проста і зручна!

8. Высокая градка з шлакаблокаў

Звычайна пабудова высокай градкі патрабуе пэўных навыкаў (асабліва для жанчын). Аднак калі ў вас ёсць блокі з шлакабетону з вялікімі адтулінамі — задача спрашчаецца ў разы. З дапамогай гэтых будаўнічых камянёў можна стварыць градку любога памеру. Што яшчэ немалаважна, расліны можна высаджваць не толькі ў цэнтры, але і ў адтулінах у блоках.

9. Насенне і цытрусы

Выкарыстоўвайце ў якасці ёмістасцяў для расады абалонку лімона або апельсіна. Па-першае, гэта міла. Па-другое, расліна будзе спажываць з лупіны цытрусавых пажыўныя рэчывы. Па-трэцяе, гэты спосаб пасадкі вельмі бюджэтны.

10. Яечная шкарлупіна: не смецце, а ўгнаенне

Шкарлупіна ад яек заўсёды адпраўляецца ў смеццевае вядро, а павінна б — у агарод. Перамолатая яечная шкарлупіна — выдатнае ўгнаенне, здольнае павысіць ураджайнасць большасці агародных культур.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.