Вы тут

Як перажыць святы і захаваць здароўе?


Падчас навагодніх свят, якія так доўга чакаем, мы менш за ўсё думаем пра здароўе. А арганізм у самы нязручны момант можа даць збой. Пра тое, як пасля святочных застолляў, паспяхова пераадолеўшы гастранамічны марафон, застацца ў страі, мы пагутарылі з урачом аддзялення дзённага знаходжання 2-й цэнтральнай паліклінікі г. Мінска Аленай ЛАПСАР.


— Алена Сяргееўна, ці назіраецца пасля навагодніх свят павелічэнне колькасці хворых, найперш тых, хто стаў ахвярай святочных празмернасцяў?

— Сапраўды пацыентаў, якія да нас прыходзяць, у гэтыя дні больш. Звяртаюцца найперш з абвастрэннем хвароб страўнікавай, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм. Найбольш ад навагодняга стала пакутуе, вядома, першая. Абвастраюцца хранічныя гастрыты, дуадэніты, язвенная хвароба і панкрэатыты. Падкрэслю, што пасля свят мы бачым нямала цяжкіх выпадкаў панкрэатыту. Яго ўвогуле называюць хваробай застолля. Разнастайная святочная ежа, якую мы запіваем алкаголем, ці, наадварот, алкаголь, які заядаем вялікай колькасцю тлустай ежы, і выклікаюць панкрэатыт. Мяса па-французску, каўбасы і каўбаскі, смажаныя куры, нашы любімыя салаты «Аліўе» і «Селядзец пад шубай» традыцыйна з вялікай колькасцю маянэзу — усё гэта ў спалучэнні з алкаголем вядзе да таго, што наша падстраўнікавая залоза не спраўляецца са сваімі функцыямі. На наступны дзень, а то і праз некалькі дзён пасля застолля з'яўляецца апярэзваючы боль — і спераду, і з боку спіны, прычым такі моцны, што хворы не знаходзіць сабе месца. На вялікі жаль, хвароба можа скончыцца трагічна. Панкрэатыт часам суправаджаецца такім цяжкім ускладненнем, як некроз падстраўнікавай залозы. Гэта цяжкі стан, які нярэдка патрабуе хірургічнага ўмяшання, і не заўсёды ўдаецца выратаваць такога хворага.

— Аб чым тады трэба памятаць падчас застолля?

— Я заўсёды кажу пацыентам: дазволенай дозы алкаголю пры хваробах страўнікава-кішачнага тракта няма. Гастраэнтэролагі ў гэтым выпадку настроены катэгарычна супраць спіртных напояў і тлустай ежы. Для тых, хто адчувае сябе здаровым, рэкамендацыя толькі адна: есці і выпіваць умерана. І кіравацца парадай, што для мужчыны дапушчальныя два «дрынкі» спіртнога, а гэта дзве чаркі гарэлкі ці каньяку або два бакалы віна. Для жанчыны адпаведна адзін «дрынк».

— Ужыванне алкаголю без меры ўплывае і на людзей з праблемамі сардэчна-сасудзістай сістэмы...

— Так. Найперш адбываецца дэстабілізацыя артэрыяльнай гіпертэнзіі. Правакуе яе не толькі алкаголь, але і ежа з вялікай колькасцю натрыю — гэта ўсё падсоленае, марынаванае, субпрадукты, прадукты, дзе ёсць глютамат натрыю, сода, якая дадаецца ў склад выпечкі. Усё гэта можа выклікаць павышэнне артэрыяльнага ціску на наступны дзень. Дарэчы, такая праблема характэрная не толькі ў святы, але і ў будні. Бо ў нас застаецца традыцыя гатаваць на зіму шмат марынадаў. Такія кансерваваныя прадукты, салёная рыба і іншыя прысмакі, якімі любім сябе парадаваць, выклікаюць павышэнне артэрыяльнага ціску. Акрамя гэтага, пасля свят часта развіваюцца інфаркты, арытміі. Перапоўнены страўнік, дарэчы, таксама можа выклікаць парушэнні рытму сэрца. Часам людзі не рэагуюць на болевы сіндром, спісваюць гэта на страўнік, а заканчваецца ўсё інфарктам. Прычым цяжкіх інфарктаў у святы заўсёды больш.

— Як алкаголь і святочныя далікатэсы ўплываюць на эндакрынную сістэму?

— Найчасцей узнікае дэкампенсацыя цукровага дыябету. Есці ў свята даводзіцца больш, адпаведна, паказчыкі цукру павышаюцца. Добра, калі пацыент гэта кампенсуе. Але ў асноўным мы сутыкаемся з адваротным: не кампенсуюць ні інсулінам, ні таблеткамі, бо там стандартная дазіроўка. Пасля свят мы назіраем высокія паказчыкі ўзроўню цукру ў крыві, з'яўляецца цукар у мачы. На гэтым фоне развіваюцца розныя ўскладненні.

— Калі ўстрымацца ў святы ўсе ж не выйшла і абвастрыліся хранічныя хваробы, што рабіць: імкнуцца паправіць здароўе сваімі звыклымі прэпаратамі ці ўсё ж наведаць урача?

— Безумоўна, лепш прыйсці да ўрача. А перад святам заўсёды памятаць пра тое, што трэба дапамагчы свайму арганізму. Можна ўжываць ферментныя прэпараты: крэон, панкрэатын, панзінорм, фестал, мезім — усё, што палепшыць ператраўліванне цяжкай ежы. Тым, хто мае паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы, трэба пасля застолля больш пільна кантраляваць узровень артэрыяльнага ціску і сачыць за сваім станам. Калі ціск расце, прымаць лекі, якія спрыяюць яго зніжэнню. У кожнага пацыента яны свае, і хворыя, як правіла, інфармаваныя аб прэпаратах неадкладнай дапамогі. Калі бачыце, што не спраўляецеся з сітуацыяй самастойна, трэба або выклікаць хуткую дапамогу, або наведаць урача. Калі з'явілася парушэнне рытму сэрца, ні ў якім разе не бегчы кудысьці, не слухаць парады знаёмых, а выклікаць хуткую дапамогу. І не забываць ужываць прэпараты, прызначаныя для пастаяннага прыёму.

Алена КРАВЕЦ

kravets@zvіazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Ведай меру

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».