Вы тут

Асаблівасці здабычы пушніны


Адзін паляўнічы сезон заканчваецца, другі неўзабаве пачынаецца... Так што ў аматараў паблукаць ва ўгоддзях са зброяй (і не толькі) у руках амаль заўсёды ёсць нагода туды наведацца. Нязменным, незалежна ад пары года і паляўнічага сезона, застаецца толькі адно — неабходнасць выканання правілаў. Пра іх сёння чарговы раз нагадваюць спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


Хто на зайца і лісу?

У кастрычніку ў Беларусі стартавала паляванне на зайца-русака і зайца-беляка з дыпламаванымі ганчакамі. З лістапада пашырыўся пералік дазволеных спосабаў і прылад палявання на зайцоў, а пералік дазволеных да здабычы пушных паляўнічых жывёл дапоўніўся вавёркай, лясной каменнай куніцай, амерыканскай норкай, андатрай і лясным тхаром.

Паляванне на зайца-русака, зайца-беляка, вавёрку, лясную і каменную куніцу і ляснога тхара, а таксама зброевае паляванне на амерыканскую норку і андатру прадоўжыцца па 28 студзеня (апошнюю нядзелю студзеня) 2018 года. Бяззброевае паляванне на амерыканскую норку і андатру прадоўжыцца па 31 сакавіка 2018 года.

Найбольш папулярнымі аб'ектамі зброевага палявання ў асенне-зімовым сезоне традыцыйна з'яўляюцца заяц-русак і ліса, бяззброевага — лясная куніца.

Здабыча паляўнічых жывёл ненармаваных відаў дазваляецца ў суботу, нядзелю, у дзяржаўныя святы, святочныя дні, аб'яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі, і ў асобныя працоўныя дні ў выпадку іх пераносу Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь на выхадныя дні. Карыстальнікі паляўнічых угоддзяў маюць права ўстанавіць на сезон палявання дадатковыя да названых вышэй дзён два дні на тыдзень, дазволеныя для правядзення зброевага палявання на паляўнічых жывёл ненармаваных відаў. Бяззброевае паляванне можа праводзіцца ва ўсе дні тыдня.

Рашэннямі карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў могуць скарачацца ўстаноўленыя ў Правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання тэрміны палявання, а таксама можа абмяжоўвацца або забараняцца прымяненне прылад і (або) спосабаў палявання.

Забараняецца нашэнне і (або) выкарыстанне паляўнічымі ў паляўнічых угоддзях пры вядзенні палявання на паляўнічых жывёл ненармаваных відаў паляўнічай зброі з наразным ствалом (стваламі), паляўнічых лукаў і арбалетаў, а таксама патронаў з кулямі або карцеччу.

Забараняецца паляванне:

  • пры адсутнасці або выкарыстанні несапраўдных дакументаў, пералічаных у пункце 110 Правілаў палявання;
  • у забароненых для палявання зонах і іншых забароненых месцах альбо ў забаронены час;
  • на дзікіх жывёл, не пазначаных у паляўнічай пуцёўцы, паляўнічых жывёл, якія знаходзяцца ў бядотным становішчы (пры пераправах праз ваду і па лёдзе, знясіленых ад недахопу кармоў і іншых), у зоне надзвычайнай сітуацыі (у тым ліку пажару і паводкі);
  • з ужываннем забароненых прылад і спосабаў палявання;
  • з выкарыстаннем незарэгістраваных паляўнічых сабак і лоўчых птушак, а таксама сабак іншых парод і беспародных;
  • з парушэннем правілаў бяспекі палявання;
  • з парушэннем умоў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, устаноўленых для дадзенай паляўнічагаспадарчай зоны або іншай адзінкі ўнутрыгаспадарчага дзялення тэрыторыі.

У працэсе палявання дапускаецца здабыча толькі паляўнічых жывёл, пазначаных у паляўнічай пуцёўцы, а таксама ваўка, лісіцы, янотападобнага сабакі, вароны шэрай, сарокі, адстрэл бадзяжных катоў і беспародных сабак пры любым законным знаходжанні ў паляўнічых угоддзях у мэтах палявання. Пры здабычы пералічаных жывёл забараняецца выкарыстоўваць прылады і спосабы палявання, якія не прадугледжаныя ў дадзеныя тэрміны для палявання на паляўнічых жывёл, здабычу якіх можа ажыццяўляць паляўнічы ў адпаведнасці з паляўнічай пуцёўкай. Бадзяжнымі лічацца каты і беспародныя сабакі, якія знаходзяцца без уладальнікаў у паляўнічых угоддзях далей чым за 300 метраў ад населеных пунктаў.

Незаконнае паляванне цягне адміністрацыйную (штраф ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй або без канфіскацыі прылад палявання і з пазбаўленнем спецыяльнага права), крымінальную (штраф, пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю) і грамадзянска-прававую (пакрыццё шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю) адказнасць.

За парушэнне правілаў бяспекі палявання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (штраф да 40 базавых велічынь або пазбаўленне спецыяльнага права).

Незаконныя перамяшчэнне (транспарціроўка) або разбор дзікіх жывёл, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі да аб'ектаў палявання, у тым ліку загінулых, або іх частак цягне адміністрацыйную (штраф ад 20 да 50 базавых велічынь) або крымінальную (штраф, пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю) адказнасць.

Калі замест бабра — выдра

У адпаведнасці з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, у Беларусі да 31 сакавіка будзе доўжыцца паляванне на бабра і выдру.

Здабываць гэтых жывёл дазваляецца ў светлы час сутак як зброевым (з засады, з падыходу), так і бяззброевым спосабамі. Пры зброевым паляванні дапускаецца выкарыстанне наразной (з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоуляў), гладкаствольнай (з выкарыстаннем патронаў з куляй або карцеччу) і кідальнай (паляўнічыя лукі і арбалеты) паляўнічай зброі. Пры бяззброевым паляванні дазваляецца выкарыстоўваць капканы № 3—7, пасткі (акрамя петляў), а таксама паляўнічых сабак (акрамя ганчакоў і хартоў) пры адабранні пасткамі.

Спецыялісты звяртаюць увагу паляўнічых, што, у адпаведнасці з часткамі 3 і 4 пункта 116 Правілаў палявання, здабыча бабра і выдры дазваляецца ва ўсе дні тыдня. Разам з тым, згодна з часткай 4 пункта 117 Правілаў, рашэннямі карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў могуць скарачацца ўстаноўленыя тэрміны палявання (у тым ліку дазволеныя для правядзення палявання дні тыдня), а таксама можа абмяжоўвацца або забараняцца прымяненне прылад і (або) спосабаў палявання. Аб устанаўленні такіх абмежаванняў або забарон карыстальнік паляўнічых угоддзяў абавязаны праінфармаваць паляўнічага пры рэалізацыі (выдачы) яму дазволаў на здабычу паляўнічай жывёлы і паляўнічай пуцёўкі да іх.

Пры правядзенні бяззброевага палявання на пушных паляўнічых жывёл з выкарыстаннем самаловаў паляўнічым дазваляецца ажыццяўляць устаноўку, зняцце і праверку названых прылад палявання, у тым ліку выманне з іх здабытых паляўнічых жывёл, толькі ў светлы час сутак. Пры гэтым усталяваныя паляўнічымі самаловы могуць знаходзіцца ў паляўнічых угоддзях у насцярожаным (узведзеным) стане на працягу ўсяго тэрміну дзеяння дазволу на здабычу паляўнічай жывёлы і паляўнічай пуцёўкі да яго (пры паляванні на бабра, выдру) або паляўнічай пуцёўкі (пры паляванні на ненармаваныя віды пушных паляўнічых жывёл).

Бяззброевае паляванне на бабра і (або) выдру з выкарыстаннем дазволеных пастак (акрамя петляў), прынцып дзеяння якіх прадугледжвае непасрэдны ўдзел паляўнічага, у тым ліку з выкарыстаннем дазволеных парод паляўнічых сабак або без іх выкарыстання, дазваляецца толькі ў светлы час сутак.

Пры вядзенні палявання на бабра дапускаецца здабыча амерыканскай норкі і андатры з выкарыстаннем дазволеных для палявання на бабра і выдру прылад і сродкаў палявання.

Згодна з патрабаваннямі пункта 127 Правілаў палявання, пры выяўленні паляўнічым ва ўстаноўленым ім капкане ці іншай пастцы паляўнічай жывёлы нармаваных відаў (акрамя выдры), на здабычу якога няма адпаведнага дазволу, або дзікай жывёлы, якая адносіцца да віду, што ўваходзіць у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, паляўнічы, не вымаючы жывёлу з капкана або іншай пасткі, павінен праінфармаваць аб гэтым службовую асобу карыстальніка паляўнічых угоддзяў. У выпадку пападання ў капкан або іншую пастку выдры ў працэсе здабычы паляўнічым бабра (ці наадварот) дазвол закрываецца па фактычна здабытай жывёле.

Незаконная здабыча ў працэсе палявання бабра альбо выдры цягне адміністрацыйную (частка 1 артыкула 15.37 КоАП Рэспублікі Беларусь) або крымінальную (артыкул 282 КК Рэспублікі Беларусь) адказнасць, а таксама абавязак пакрыцця парушальнікам прыродаахоўнага заканадаўства шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю ў выніку незаконнага адабрання жывёлы, і кошту незаконна здабытай прадукцыі карыстання аб'ектамі жывёльнага свету. У адпаведнасці з заканадаўствам, памер шкоды ў выпадку незаконнай здабычы бабра складае 70 базавых велічынь, або 1610 рублёў. Паколькі рачная выдра з'яўляецца ўзорам СІТЕС (Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, падпісанай у Вашынгтоне 3 сакавіка 1973 года), памер шкоды ў выпадку яе незаконнай здабычы складае 200 базавых велічынь, або 4600 рублёў. Пры незаконнай здабычы дзікай жывёліны, якая жыве ва ўгоддзях, дзе забаронена яе адабранне (паляўнічагаспадарчыя зоны спакою, тэрыторыі запаведнікаў, забароненыя для палявання зоны і г. д.), памер шкоды вылічаецца ў трайным памеры.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».