Вы тут

12 студзеня стартуе 13-ы чэмпіянат Еўропы па гандболе


Зборная Беларусі пяты раз возьме ўдзел у кантынентальным турніры. Чэмпіянат прымае Харватыя, 16 камандаў падзелены на 4 групы, адпаведна матчы папярэдняга этапу пройдуць у чатырох гарадах прымаючай краіны.


Наша зборная згуляе ў Порэчы, на самай маленькай па ўмяшчальнасці арэне турніру, спартыўны цэнтр «Жаціка» мае месцы ўсяго для 3500 гледачоў. Група «D» асталюецца ў горадзе Вараждзін, а гульні пройдуць на аднайменнай арэне, якую могуць наведаць 5200 балельшчыкаў. Матчы групы «А» пройдуць у Спліце на «Спаладыум Арэне» ўмяшчальнасцю 11 000 чалавек. Самая буйная арэна турніру размясцілася ў сталіцы Харватыі, дзе будзе выступаць група «С», а таксама пройдуць паўфінальныя матчы, гульня за 3-е месца і фінал. «Заграб Арэну» могуць наведаць больш за 15 000 гледачоў.

Цэны на білеты Еўра-2018 вар'іруюцца ад 14 еўра на групавы этап (для дзяцей — ад 7 еўра) і 60 еўра на паўфінальныя матчы. А вось каб наведаць фінал, прыйдзецца выкласці мінімум 105 еўра. Сувенірная прадукцыя ўжо паступіла ў афіцыйныя крамы, цэны тут не адрозніваюцца ад леташніх турніраў, напрыклад, майкі з лагатыпам чэмпіянату або сімволікай камандаў, якія выступаюць на Еўра, можна набыць за 15 еўра, у асартыменце таксама мячы, бірулькі і іншыя традыцыйныя сувеніры.

Афіцыйным талісманам чэмпіянату Еўропы ў Харватыі з'яўляецца сабака Тор, менавіта ён будзе забаўляць гандбольных прыхільнікаў на ўсіх чатырох арэнах турніру. Афіцыйны гімн чэмпіянату называецца «Оn thе wіngs оf vісtоrу», што ў перакладзе азначае «На крылах перамогі», яго выканала харвацкая спявачка Індзіра Левак. Энергічная мелодыя будзе суправаджаць увесь турнір.

Цікавыя факты — арганізатары Еўра-2018 выдадуць камандам 400 мячоў для трэніровак. Акрамя таго, наша «дрым-цім», як і ўсе астатнія, атрымае 30 бутэлек з пітной вадой, арганізатары высветлілі, што за трэніроўку гульцы выпіваюць каля 40 літраў вады, а за матч — да 50 літраў.

Зборная Беларусі ў рамках падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы згуляла на двух турнірах. Спачатку ў Польшчы на «Кубку чатырох нацый», дзе перамагла ў паўфінале турніру японцаў (31:27) і саступіла ў фінале гаспадарам (22:26). А потым на 43-м традыцыйным міжнародным турніры «Мемарыял Дамінга Барсенаса» ў Іспаніі. Дзе саступіла пяць мячоў іспанцам і зноў прайграла Польшчы, але ўжо ўсяго адзін мяч. У заключным матчы са зборнай Аргенціны падапечныя Юрыя Шаўцова атрымалі перамогу і тым самым пакінулі за сабой другое месца на гэтым турніры.

Што датычыцца кадравага складу, то галоўнымі стратамі нашай каманды сталі Іван Броўка і Іван Мароз, якія прапусцяць чэмпіянат з-за траўмаў, астатнія ўжо сёння адправяцца ў Харватыю.

Першую гульню зборная Беларусі правядзе з аўстрыйцамі, магчыма, што менавіта гэты паядынак і стане вырашальным за выхад з групы. Бо далей беларусам будуць супрацьстаяць сапернікі значна мацнейшыя — зборныя Францыі і Нарвегіі, якія адмысловага прадстаўлення не патрабуюць. Нарвежцы — сярэбраныя прызёры леташняга чэмпіянату свету ў Францыі, а французы — алімпійскія чэмпіёны, чэмпіёны свету і Еўропы.

Будуць у Харватыі свае прадстаўнікі нашай краіны і ў судзейскім корпусе, шэраг матчаў рассудзіць пара беларускіх арбітраў — Андрэй Гуско і Сяргей Рэпкін.

Склад груп

Група А Група В Група С Група D
Харватыя Францыя Германія Іспанія
Швецыя Беларусь Македонія Данія
Сербія Нарвегія Чарнагорыя Чэхія
Ісландыя Аўстрыя Славенія Венгрыя

Расклад гульняў у групе В*

12 студзеня 14 студзеня 16 студзеня
18:15 Беларусь — Аўстрыя 18:15 Аўстрыя — Францыя 18:15 Францыя — Беларусь
20:30 Францыя — Нарвегія 20:30 Нарвегія — Беларусь 20:30 Нарвегія — Аўстрыя

* - час мясцовы

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: На крылах перамогі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...