Вы тут

«Суддзі ведаюць не ўсе правілы, але правяраюць пазногці перад матчам»


Беларус расказвае пра турэцкі гандбол.

Аляксандр Пацыкайлік пачаў сваю кар'еру ў мінскім «Аркатроне», пазней у яго паслужным спісе з'явіцца СКА, «Вікторыя-Рэгія», «Кронан» і «Гомель». У 2015-м гандбаліст вярнуўся ў стан армейцаў, дзе правёў два сезоны, а ў 2016-м разам з нацыянальнай зборнай паспяхова выступіў на чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы. У канцы мінулага сезона гулец вырашыў адправіцца па першы легіянерскі вопыт, так на яго кар'ернай геаграфічнай карце з'явілася Турцыя.


Аляксандр і бразільскі гулец Дэвід Клерыстан.

— Пасля заканчэння сезона 2016/2017 разглядаў варыянты ў Швейцарыі і Румыніі, але канкрэтных прапаноў не было, а з Турцыі на мяне выйшлі хутка, агаварылі ўмовы кантракта і літаральна за пару дзён пытанне было вырашана. Аб турэцкім чэмпіянаце ўжо трохі чуў, да мяне там ужо выступалі Дзмітрый Чыстабаеў, Аляксандр Маркелаў і Яўген Сямёнаў. Ведаў, што гандбол там няпросты, у першую чаргу не з боку гульні, а з пункту гледжання чалавечых адносін. Калі трапіў у гэтую «кашу», адчуў усё на сабе.

«Лідар чэмпіянату — «Бешыкташ», але наогул турнір вельмі непрадказальны»

Аляксандр выступае за клуб, аднайменны пасёлку, у якім знаходзіцца, — Азізэ, ён размешчаны прыкладна за 15 км ад Эрзурума.

— Да ад'езду ў Турцыю палохалі, што ў гэтым мястэчку вельмі суровыя зімы: -25, а можа быць і яшчэ больш холадна. Ён знаходзіцца ў гарах. Днём сонца свеціць пастаянна, але снег не растае, зямля за ноч становіцца літаральна ледзяной. А летам у Азізэ горача, там знаходзіцца курорт з лячэбнымі водамі, прыязджае шмат пажылых людзей. Я таксама пабываў у гэтых басейнах, але яны не асабліва ўразілі. Наогул, глядзець там няма чаго, праводзіць вольны час няма дзе, у выхадны мог з'ездзіць у Эрзурум, гэта досыць буйны горад з вялікімі крамамі і кафэ. У 2011 годзе там праводзілася зімовая Універсіяда, цяпер турысты часта прыязджаюць у Эрзурум, каб пакатацца на лыжах, для гэтага ёсць усе ўмовы.

Каманда ў «Азізэ» атрымалася даволі інтэрнацыянальная, акрамя беларуса ў ёй два ўкраінцы, два тунісцы, бразілец і прадстаўнікі Балкан.

— Больш за ўсё, вядома, наладзіліся адносіны з украінцамі, але і з бразільцам пасябравалі. З мясцовымі хлопцамі таксама, многія з іх гатовыя прыйсці на дапамогу ў любых сітуацыях.

У мінулым сезоне клуб Аляксандра заняў 5-е месца ў мясцовым чэмпіянаце, сёлета асноўнай задачай «Азізэ» з'яўляецца захаванне месца ў вышэйшым дывізіёне.

— У мінулым сезоне ў іх быў нядрэнны склад — у асноўным расіяне і ўкраінцы, гульцы добра знаходзілі агульную мову на пляцоўцы, таму і вынік быў. Мы зараз выступаем не так паспяхова і, на жаль, знаходзімся ў канцы турнірнай табліцы. Зразумела, што лідар турэцкага чэмпіянату — «Бешыкташ», але наогул турнір у іх вельмі непрадказальны, складана прадбачыць зыход паядынку, таму што слабы можа лёгка перайграць моцнага. Часта, дарэчы, гэтаму спрыяе непрафесійнае судзейства. Калі ў матчы сустракаецца каманда, складзеная з туркаў, супраць каманды, дзе большасць легіянераў, рэферы не будуць хаваць сваёй прадузятасці. Наогул, часам такая сітуацыя моцна раздражняе, турэцкія суддзі не ведаюць многіх нюансаў правілаў, тым больш новых, сутыкаліся з гэтым не раз. Але затое даходзіла да такога, што рэферы правяралі ў нас даўжыню пазногцяў. Перад матчам з «Гёстэпа» паставілі каманду ў лінейку, як школьнікаў, і сталі вывучаць нашы рукі. Вось цікава, калі б пазногці былі даўжэйшыя, чым трэба, што прыйшлося б рабіць? Сядзець на лаўцы і кусаць іх?.. Не ўпэўнены, што ў гандболе наогул ёсць такое правіла.

«Яны хварэюць вельмі шумна, я такога яшчэ не бачыў»

Многія туркі гульню ў гандбол сумяшчаюць з працай або вучобай, таму на трэніроўкі ў іх застаецца не так шмат часу.

— У суботу звычайна мы гуляем матч, пасля чаго мясцовыя раз'язджаюцца па дамах, ім даюць 3—4 выхадныя дні, якія тыя трацяць на працу ці вучобу. У нас у камандзе, напрыклад, ёсць два гульцы, якія працуюць настаўнікамі. У цэлым гэта, вядома, непрафесійна, і зразумела, што з такім падыходам наўрад ці будзе дасягнуты высокі вынік. Часам у мяне складаецца такое адчуванне, што яны не разумеюць: калі ты хочаш кагосьці перамагчы, то трэба рыхтавацца да гульні не 1—2 дні.       

Нягледзячы на тое, што найбольш папулярным для балельшчыкаў у Турцыі з'яўляецца футбол, гандбольныя матчы таксама рэдка застаюцца па-за ўвагай фанатаў.

— Яны там дзікія. Туркі і самі па сабе людзі вельмі эмацыянальныя. Мне расказвалі, што прыхільнікі «Гёстэпа» могуць закідаць каманду сапернікаў, была сітуацыя, калі гульцоў «Бешыкташа» штурхалямі выганялі з пляцоўкі. Я гэтага не бачыў, наша гульня з гэтым клубам праходзіла ў будны дзень, таму, магчыма, пашанцавала. Хоць у аэрапорце нас усё роўна сустракалі паліцэйскія з аўтаматамі.

І за астатнія клубы туркі хварэюць вельмі шумна, я такога яшчэ нідзе не бачыў. На пляцоўцы абсалютна не чуваць, што кажуць табе партнёры па камандзе.

На адной з гульняў знікла святло на хвілін 25, і ўвесь гэты час фанаты крычалі, у мяне ўжо пачалі балець вушы. Вельмі часта з-за паводзін балельшчыкаў гульні нават спыняюць.

З моўнымі праблемамі беларус не сутыкнуўся, хоць на турэцкай за паўгода ён так і не загаварыў.

— Калі б я жыў у нумары з туркам, а не з украінцам, то, магчыма, і вывучыў бы турэцкую, а так ведаю толькі асобныя словы, прыкладна ўяўляю, пра што ідзе гаворка на трэніроўках. Першы час трэнер размаўляў і на англійскай, і на турэцкай, цяпер толькі на роднай для іх мове. На пляцоўцы ў асноўным размаўляем на англійскай, таму асаблівых праблем не ўзнікае.

«Расіяне і ўкраінцы прыносілі сала на вячэру»

Аляксандр адзначае, што ў штодзённым жыцці туркі сур'ёзна адрозніваюцца ад беларусаў.

— У нас людзі звычайна кажуць як ёсць, а туркі вельмі хітрыя, будуць хадзіць кругом і навокал, у выніку могуць падмануць і думаюць, нібыта гэта не прыкметна. За паўгода так склалася, што я не схільны давяраць іх словам. Хоць у гэтай нацыі, вядома, ёсць і свае плюсы, напрыклад, калі зайсці ў кафэ, цябе заўсёды прымуць вельмі прыязна, ветліва, бачаць, што іншаземец, падыдуць, спытаюць, як справы, у крамах могуць зрабіць падарунак.

У цэлым у гэтай камандзе я сутыкнуўся з людзьмі розных нацый і вельмі цікава было назіраць, наколькі яны розныя. Тунісцы, напрыклад, не асабліва дысцыплінаваныя, могуць спазніцца на вячэру на хвілін 20, у нас такое недапушчальна. Бразілец наогул жыве ў нейкім хаосе, спіць у вопратцы, гатуе ежу ў пакоі на плітцы, тут жа па нумары раскіданы брудны посуд. У балканцаў свае дзівацтвы.

Па назіраннях гульца, вялікія гарады ў Турцыі больш арыентаваны на Еўропу, а вось
у маленькіх яшчэ засталіся нацыянальныя традыцыі.

— У нашым пасёлку жанчыны і дзяўчаты ходзяць цалкам захутаныя ў вопратку, а вось у сучасных гарадах апранаюцца гэтаксама, як і ў нас. Ёсць дастаткова сімпатычныя дзяўчаты, яны, як правіла, на дарагіх машынах, з забяспечанымі мужчынамі. Заўважыў, што калі турэцкая дзяўчына прыгожая, дык будзе вельмі патрабавальнай у плане заляцанняў і адносін.

Дарэчы, у Турцыі не так проста трапіць у начны клуб, заходзіць туды можна толькі з дзяўчынай, а замежнікам трэба мець хоць бы некалькі прадстаўніц прыгожага полу на кампанію. Кажуць, такія меры прыняты, каб пазбегнуць канфліктаў паміж мужчынамі.

Прывыкаць гандбалісту прыйшлося не толькі да іншага ўкладу жыцця, але і да мясцовай кухні.

— Напачатку набраў у вазе, а потым пайшоў вялікі спад. У гасцініцы, дзе жывуць легіянеры, кормяць абы-як і мала. Мяса часам можна атрымаць толькі на вячэру, і то пару невялікіх кавалачкаў. Гарнір — гэта звычайна бульба, макароны або каша, падобная на тую, чым кормяць у нас жывёл. Практычна ўся ежа вельмі вострая. Выключэннем былі вячэры з кіраўніцтвам клуба, дзе можна было пакаштаваць мясцовы кебаб і нядрэнна прыгатаваную ялавічыну. Кажуць, туркі не ядуць свініну? Мне казалі, што яны і алкаголь не ўжываюць, але калі мы былі на выездзе ў Анталіі, нам зрабілі выхадны, аказалася, што п'юць, і нямала. Таму не выключаю, што і свініну яны ядуць.

Летась, калі было дрэннае харчаванне, расіяне і ўкраінцы прыносілі сала на вячэру і спакойна яго елі. Мы сябе так не паводзім, калі не наядаемся вячэрай, прыходзім і ямо каўбасу і сала, прывезеныя з дома, у сябе ў нумарах.

Калі ў цэлым ацэньваць паўгода ў Турцыі, то для беларуса гэты час склаўся неадназначна.

— Спачатку мала выпускалі на пляцоўку, нешта не атрымлівалася, было складана. Нейкі час не выплачвалі заробак, гэта таксама не дадавала пазітыву. Хоць псіхалагічна і было цяжка, але я ніколі не гуляў абы-як, ставіўся да гульняў сур'ёзна, таму што хацелася перамагаць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».