18 Жнівень, субота

Вы тут

Вольга Федаровіч: Шашысты — звычайныя людзі


Чаму ў гэты від спорту ідуць дзеці і чым ён адрозніваецца ад звычайнай аматарскай гульні.

У абноўленым 1 студзеня сусветным жаночым рэйтынгу шашыстаў на першым радку аказалася 25-гадовая беларуска. Такі поспех першы не толькі для самой Вольгі, але і для нашай краіны: дагэтуль ніхто з суайчыннікаў не ўзначальваў гэты спіс. Вольга Федаровіч абышла знакамітых саперніц з Латвіі і Украіны. Гэта стала добрай нагодай прыгледзецца да шашак бліжэй і даведацца, наколькі гэты від спорту развіты ў Беларусі. У сваім інтэрв'ю Вольга расказала, што самае галоўнае ў шашках, ці дапамагаюць навыкі, набытыя за сталом, у штодзённым жыцці і ці можна зарабіць з дапамогай гэтай гульні.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

— Вольга, раскажыце, чаму ваш выбар прыпаў менавіта на шашкі?

— У сям'і ў мяне ніхто ў іх не гуляў, мама больш звязана з творчай дзейнасцю — музыкай, арганізацыяй свят, хіба толькі дзядуля, але і той гуляў у шахматы. А нас з сястрой (дзяўчаты двайняты) паклікала ў гурток шашак сяброўка, тады мы вучыліся ў школе. Крыху пазней перайшлі ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках, з гэтага моманту пачалі займацца ўжо прафесійна.

Усё развівалася неяк само сабой, спачатку ўдзельнічалі ў гарадскіх спаборніцтвах, ужо там на нас з сястрой звярнулі ўвагу трэнеры. На спаборніцтвы за мяжу выехалі, калі было 12—13 гадоў, гулялі маладзёжныя турніры. Бацькі адпускалі спакойна, мама ездзіла з намі толькі адзін раз.

— Як аднагодкі рэагавалі на такое ваша захапленне?

— Здзіўляліся, калі даведваліся, што шашкі могуць быць сур'ёзным захапленнем, але ж людзі аддаюць гэтаму віду спорту ўсё жыццё. А вось выкладчыкі нас не разумелі і не любілі, таму што мы прапускалі шмат заняткаў, але заўсёды ўсё роўна ўсё паспявалі.

— Крыўдзіць меркаванне, што шашкі — гэта не спорт?

— Не, я да гэтага ўжо прывыкла і абсалютна спакойна рэагую на такія выказванні. Кожны сам выбірае, чым яму займацца.

— У першы дзень 2018 года вы ўзначалілі сусветны рэйтынг сярод жанчын. Як да гэтага паставіліся?

— Для мяне гэта было вельмі нечакана, таму што я не падлічвала свае ачкі, ад гэтага і эмоцый было шмат. У цэлым для мяне 2017 год быў добрым у плане спартыўных вынікаў. Я стала другой на чэмпіянаце свету, нядрэнна правяла нядаўнія турніры і таму паднялася на першы радок рэйтынга. Раней самае высокае месца ў ім у мяне было 4-е ці 6-е. Шчыра кажучы, гэты рэйтынг фармальны, мы не атрымліваем ад яго ні фінансавага прыбытку, ні чагосьці іншага. Да таго ж першая дзясятка — гэта гульцы прыкладна аднаго ўзроўню.

— Якія краіны можна назваць самымі паспяховымі ў шашках?

— Вядома, Беларусь, Расія на высокім узроўні, у мужчынскім рэйтынгу першую пяцёрку займаюць менавіта спартсмены з гэтай краіны. Латвія, Украіна маюць добрую рэпутацыю, калі браць больш далёкую Еўропу, то Галандыя — адзін з лідараў. Там шашкі развіты вельмі добра, у іх гуляюць многія, нават проста на аматарскім узроўні, праводзіцца шмат турніраў.

Гадоў 10 таму ў гэтым кірунку пачаў развівацца і Кітай, у іх ужо з'явіліся добрыя моцныя гульцы. Такі хуткі рост адбываецца за кошт таго, што яны актыўна запрашаюць да сябе ў якасці трэнераў гросмайстраў.

Некалькі гадоў таму пачалі развіваць шашкі ў Турцыі, але пакуль у іх недастаткова настаўнікаў.

— Чым адрозніваецца аматарская гульня ад прафесійнай?

— Для аматараў шашкі гэта проста правядзенне вольнага часу, многія нават правілы да канца не ведаюць. А прафесійна людзі з маленства вучацца будаваць камбінацыі, пралічваць хады на некалькі крокаў наперад, рабіць так, каб аддаць адну шашку, а забраць 2—3.

— Поспех у большай ступені залежыць ад напружаных трэніровак або таленту?

— Ва ўсіх па-рознаму. Ёсць людзі, якія рэальна маюць талент і ім не трэба шмат працаваць, такі шашыст ёсць у нас у Ваўкавыску, ён гуляе на маленькай дошцы і сёння адзін з найлепшых у свеце.

У каго здольнасцяў менш, таму даводзіцца больш працаваць, каб за кошт трэніровак дамагчыся выніку. Такое таксама магчыма. Я — гэта 50% таленту і 50% працы, у дзяцінстве шмат трэніравалася, цяпер гуляю больш на вопыце.

— За сталом мужчыны сустракаюцца з жанчынамі...

— Так, такое бывае. У гэтым відзе спорту мужчыны значна мацнейшыя, у іх іншы склад розуму, іншае мысленне. Стыль гульні зусім розны, яны могуць пралічваць сітуацыі нашмат лепш і да канца. Мне здаецца, мужчыны больш прафесійна ставяцца да гульні. Жанчыне-шашыстцы высокага ўзроўню практычна немагчыма абыграць мужчыну-шашыста таксама высокага ўзроўню. Але калі такія гульні здараюцца, то гэта вельмі добрая практыка для слабага полу.

— Якімі якасцямі неабходна валодаць, каб дасягнуць поспеху ў шашках?

— Партыя ў класічных шашках доўжыцца каля пяці гадзін, гэта велізарная псіхалагічная нагрузка, таму добраму спартсмену трэба быць вельмі ўстойлівым у гэтым плане. Часта сустракаюцца неўраўнаважаныя спартсмены, гэта праяўляецца ў велізарным хваляванні, з-за чаго ўзнікаюць простыя памылкі. У іх могуць трэсціся рукі і гэтак далей.

Акрамя таго, на працягу гульні неабходна захоўваць канцэнтрацыю і ўмець абстрагавацца ад навакольнага асяроддзя. Многае тут залежыць ад тэмпераменту чалавека, мне справіцца з хваляваннем і захоўваць спакой нескладана.

— Ці дапамагаюць гэтыя якасці вам у жыцці?

— Вядома. Умею пралічваць сітуацыю, пераношу гэты навык і на жыццё, недзе думаю не на адзін крок наперад, а больш. Плюс шашкі навучылі мяне ўседлівасці і дысцыпліне.

— Ёсць сакрэты, як на працягу пяці гадзін захоўваць канцэнтрацыю?

— Не, ды гэта і не заўсёды атрымліваецца. Пакуль сапернік думае, можна трохі расслабіцца, падумаць пра штосьці іншае. Бывае ў галаве круціцца якая-небудзь песня і тады так складана пазбавіцца ад яе (смяецца). Падчас партыі ты можаш устаць, прайсціся, папіць кавы ці чаю, штосьці з'есці.

— Падчас экзаменаў вучням раяць есці шакалад, каб павысіць разумовыя здольнасці, у вас ёсць нейкія парады па харчаванні падчас гульні?

— Не, асаблівых няма, але салодкае, думаю, любяць усе шашысты.

— Ці можна з дапамогай вывучэння саперніка нейкім чынам падрыхтавацца да гульні?

— Так, гэта часам дапамагае, бо ў кожнага свой стыль. Напрыклад, можна зразумець як сапернік пачне сваю партыю, але праз 2—3 хады ўсё можа пайсці па-іншаму, таму арыентавацца прыходзіцца па сітуацыі.

— Які турнір лічыцца самым прэстыжным у вашым відзе спорту?

— Чэмпіянаты свету і Еўропы, якія чаргуюцца кожны год. Ёсць і камерцыйныя турніры, трапіць на якія вельмі прэстыжна. Напрыклад, нядрэнныя спаборніцтвы ў Кітаі называюцца «Інтэлектуальныя гульні», яны ўключаюць у сябе пяць відаў — шашкі, шахматы, кітайскія шахматы, го і брыдж. Каб трапіць туды, неабходна прайсці адбор, у турніры па шашках прымаюць удзел усяго восем жанчын. Ён цікавы і ў фінансавым плане, грошы атрымлівае не толькі пераможца, але і ўсе ўдзельнікі.

— Наогул зарабіць на жыццё шашкамі можна?

— Напэўна, бо гэты від спорту складана сумяшчаць з працай. Наўрад ці якому-небудзь работадаўцу спадабаецца, што ты пастаянна адпрошваешся на турніры. Паездкі на камерцыйныя спаборніцтвы часта даводзіцца аплачваць самім, але бываюць і выключэнні. Прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы таксама атрымліваюць прызавыя ў некалькі тысяч еўра, плюс калі ты трапляеш у тройку наймацнейшых, то ў канцы года можаш разлічваць на прэмію ад Міністэрства спорту.

— Якія вашы мэты сёння?

— Рэйтынг — рэч зменлівая, праз тры месяцы ачкі пералічаць, таму на яго не арыентуюся. Сёлета хачу больш часу ўдзяліць трэніроўкам, калі ты дзіця, то прымушаюць трэніравацца бацькі або настаўнік, а цяпер трэба матываваць сябе самой. Буду працаваць, каб быць больш стабільнай і павышаць узровень сваёй гульні.

— Ваша сястра Дар'я таксама гуляе ў шашкі, ці існуе паміж вамі канкурэнцыя?

— Была толькі ў дзяцінстве, нам не хацелася адставаць адна ад адной. Адна згуляе добра, і гэта выдатная матывацыя для другой, адразу хочацца дагнаць. А зараз мы падтрымліваем адна адну, радуемся поспехам. У нас нават ёсць плюс, таму што можам трэніравацца разам у любы час, хоць гуляем на розных дошках (Дар'я на маленькай дошцы 8х8), таму не заўсёды гэта мае сэнс.

— Кажуць, у двайнят і блізнят існуе асаблівая сувязь.

— Можа, нешта такое і ёсць. Калі ездзім на турніры асобна, сяджу дома і стараюся пасылаць сястры станоўчую энергетыку падчас гульні. Неяк яна была на спаборніцтвах у Піцеры, пару гульняў згуляла няўдала, я вырашыла падтрымаць Дашу і спантанна адправілася ў Санкт-Пецярбург. Пасля гэтага ўсё наладзілася, яна стала перамагаць. Магчыма, гэта толькі супадзенне, але ўдзвюх мы адчуваем сябе больш упэўнена.

— Чым займаецеся акрамя шашак?

— Я атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці псіхолаг, цяпер вучуся ў БДУФК на трэнера. Магчыма, у будучыні гэта спатрэбіцца, думаю, рана ці позна я пачну трэніраваць дзяцей. Гэта заканамерна: ты праходзіш этап атрымання ведаў, а потым табе трэба іх каму-небудзь перадаць. У шашках няма ўзроставых абмежаванняў, можна добра гуляць і ў 70 гадоў, але не думаю, што гэта мой шлях.

А што датычыцца вольнага часу, то займаюся і іншымі відамі спорту, з дзяцінства мама прывучыла раніцай рабіць зарадку, з сястрой ходзім катацца на каньках, гуляць у настольны тэніс, бадмінтон, бо гэта вельмі карысна — змяняць від дзейнасці.

Калі я на турніры ў іншым горадзе, то люблю проста прагуляцца па незнаёмых вуліцах, паглядзець штосьці новенькае.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Правила рекламной игры «o.b. действуй»*

Правила рекламной игры «o.b. действуй»*

Организатором Рекламной игры является Общество с ограниченной ответственностью «Агентство Маркетинговых Коммуникаций «РЭПКА».

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.

Грамадства

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

У балота альбо адразу ўлюбляешся, альбо не прымаеш яго.