22 Верасень, субота

Вы тут

У Лідзе з'явіўся мурал з Гедзімінам


Выява з заснавальнікам горада знаходзіцца ў дворыку непадалёк ад Лідскага замка. Праўда, хоць і глядзіць сучасны Гедзімін у бок свайго дзецішча (менавіта па даручэнні вялікага князя ў пачатку ХІV стагоддзя быў створаны помнік Сярэднявечча, якім мы можам ганарыцца дагэтуль), выпадковаму мінаку ўсё ж прыйдзецца яго пашукаць.


Магчыма, не кожны і зразумее, што на трохпавярховым будынку, які стаіць у дворыку мастацкай галерэі (між іншым, на бульвары Гедзіміна), намаляваны менавіта роданачальнік княжацкай дынастыі. Хтосьці ўбачыць у выяве ўсёвідушчае вока, іншы — зрэз дрэва, адбітак пальца або кругі на вадзе. І толькі дасведчаны або падрыхтаваны чалавек распазнае ў малюнку, зробленым у трафарэтнай тэхніцы, вялікага князя літоўскага.

Увогуле, аздобіць звычайны гарадскі дворык як мага больш крэатыўна прыйшло ў галаву ўладальніку той самай галерэі. Паўлу Мацылевічу ўвесь час тут нечага не хапала. Таму і прапанаваў свайму сябру, мясцоваму мастаку Сяргею Русаку стварыць яшчэ і галерэю пад адкрытым небам.

Толькі перш трэба было вызначыцца з выявай. Маладыя людзі аб'явілі ў інтэрнэце конкурс, прапанаваўшы лідчанам прагаласаваць за абстрактны або канкрэтны гістарычны вобраз. Большасцю галасоў стаўка была зроблена на авангард. Але мастак не зусім пагадзіўся з народам і прапанаваў свой выхад з сітуацыі, спалучыўшы гісторыю з сучаснасцю.

Дарэчы, маладыя людзі быццам адчулі, што гэта важна сёння і цяпер. Акурат на афіцыйным узроўні ідзе абмеркаванне помніка Гедзіміну, які неўзабаве павінен з'явіцца ў Лідзе. Лідскім райвыканкамам аб'яўлены конкурс на стварэнне манумента, аўтарамі якога ўжо пажадалі стаць больш як 40 чалавек.

Калі вярнуцца да мурала, то гэта не першая падобная работа мастака. Хоць муралам Сяргей Русак называе выключна выяву з Гедзімінам: трафарэтны малюнак займае плошчу ўсёй сцяны трохпавярховага будынка. Ранейшыя яго работы па сваім маштабе некалькі саступаюць князю, але, на думку мастака, гэта зусім не прыніжае фігуру Чэхава (пісьменніка ён адлюстраваў пры ўваходзе ў аднайменнае лідскае кафэ) ці графа Чапскага, выяву якога можна ўбачыць на Кастрычніцкай вуліцы ў Мінску.

— Канешне, прасцей маляваць на меншых прасторах, што я актыўна і раблю ў сваёй майстэрні, — кажа мастак-самавучка. — Але мне, як аматару-бегуну, цікава спаборнічаць, павялічваць дыстанцыю. Малюнак на сцяне — гэта свайго роду эксперымент з падрыхтоўкай і рэалізацыяй творчай задумы.

Сярод гісторыкаў ёсць меркаванне, што дагэтуль ніхто не ведае, як насамрэч выглядаў Гедзімін. Маўляў, гравюра 1578 года, на якой быццам бы ўпершыню быў адлюстраваны князь, выкарыстоўвалася і ў якасці партрэта Казіміра Вялікага. Ці з'яўляецца сапраўднай гэта выява? Сяргей не высвятляў, а звярнуўся да адной з сувенірных манет літоўскага двара.

І здаецца, нядрэнна атрымалася. Як падзяліўся Павел Мацылевіч, Гедзімін — толькі першы малюнак у агульнай канцэпцыі. «Ёсць у такіх дворыках пэўная камернасць і прывабнасць, якая прыцягвае, — лічыць уладальнік мастацкай галерэі. — Плануем аздобіць усе сцены дворыка. У выніку з'явіцца галерэя пад адкрытым небам, дзе можна будзе адпачыць і атрымаць асалоду ад выступлення музычных калектываў».

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

г. Ліда

Работы Сяргея РУСАКА ўпрыгожваюць не толькі лідскія, а і мінскія вуліцы.

Загаловак у газеце: Князь глядзіць на замак

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.