Вы тут

У Беларусі актывізаваліся махляры


У разгар крызісу 2011 года да нас з Расіі прыйшлі нячыстыя на руку дзялкі. Яны прапаноўвалі зрабіць уклад у адну структуру пад касмічную стаўку, якая вымяралася сотнямі працэнтаў за год. Тыя, хто забыў пра сумны досвед фінансавых пірамід 1990 гадоў, пажадалі абагаціцца, як кажуць, на халяву. І, натуральна, прагарэлі. Але кропка ў гэтай справе пакуль яшчэ не пастаўлена.


Жыхар Магілёва шэсць гадоў таму таксама спакусіўся на абяцанне лёгкіх грошай. Перавёў суму і стаў чакаць, пакуль нарастуць працэнты. Але ў выніку застаўся ні з чым. І вось нядаўна яму патэлефанавалі з невядомага расійскага нумара. Суразмоўнік расказаў, што ён знаёмы з сітуацыяй, у якую трапіў магілёвец. А яшчэ паведаміў, што з улікам працэнтаў, якія нараслі за гэты час, сума «ўкладу» вырасла вельмі істотна. І паколькі ён нібыта мае дачыненне да гэтай структуры, то можа вярнуць грошы. З адным «але» — трэба пералічыць некаторую суму грошай у адмысловы страхавы фонд. Аднак апетыт, як вядома, прыходзіць падчас яды.

— Калі гэты, так бы мовіць, «пасярэднік» атрымлівае банкаўскі перавод, то пацвярджае, што грошы прыйшлі, — кажа намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Малахаў. — І робіць спакуслівую прапанову: для таго каб павялічыць суму, якая будзе вернута, трэба перавесці на рахунак яшчэ адзін транш. У рэшце рэшт укладчык задае пытанне: а дзе, уласна кажучы, грошы? І патрабуе вярнуць назад пералічаныя сродкі. На што атрымлівае адмову, якая матывуецца тым, што ўнесеныя грошы зараз знаходзяцца ў абарачэнні фінансавай структуры.

Жыхара Магілёва «апрацоўвалі» па тэлефоне два дні. За гэты час ён пералічыў на банкаўскі рахунак 600 долараў ЗША. Зрэшты, у гэтай справе фігуруюць сумы і з куды большымі лічбамі. Напрыклад, жыхарка Віцебскай вобласці пазбавілася ўжо трох тысяч долараў у эквіваленце. Адметна, што людзі развітваюцца з грашыма, не звяртаючы пры гэтым увагі на некалькі аспектаў, якія павінны насцярожыць дасведчанага ў фінансавай грамаце чалавека.

— Справа ў тым, што абсалютна ўсе кантакты злачынцы і будучай ахвяры адбываюцца толькі з дапамогай мабільнай тэлефоннай сувязі, — расказалі ў ГУКВ МУС. — Ніякіх дакументаў, якія маглі б пацвердзіць законнасць здзелкі, не высылаецца. Да таго ж зламыснікі прапануюць пералічыць грошы на рахунак, які належыць не юрыдычнай асобе, а фізічнай.

Таму варта вельмі добра падумаць: а ці варта ўвязвацца ў такія схемы, пагнаўшыся за халяўнымі грашыма? Добрымі намерамі выслана дарога вядома куды.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Афера на аферы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».