Вы тут

Актуальнае і сентыментальнае ў новым галівудскім мюзікле


На рэальных падзеях, рэальным кантэксце часу і рэальнай асобе, якая ў XІX стагоддзі ў Нью-Ёрку стварыла «Найвялікшае шоу на Зямлі», Галівуд заснаваў чарговую шыкоўную казку. Аўтары, у прыватнасці рэжысёр Майкл Грэйсі, выкарысталі патэнцыял персанажа, што дарыў нью-ёркскай публіцы неверагодныя відовішчы, адаптавалі яго біяграфію для масавай аўдыторыі, запрасілі на галоўную ролю Х'ю Джэкмана, якому так пасуюць канцэртныя ўборы, — і атрымалі матывавальны, эмацыянальны, феерычны мюзікл «Найвялікшы шоумен». Падчас прагляду — з гэтымі танцамі, узрушальнымі песнямі і сентыментальнымі прамовамі — усмешка наўрад ці знікне з вашага твару.


Фільм распавядае пра Фінеаса Тэйлара Барнума, які ў XІX стагоддзі заснаваў тэатр, куды запрасіў незвычайных выступоўцаў — ліліпута, барадатую жанчыну, велікана, індыянку (ад «індзеец»), хлопца з сабачым тварам, чарнаскурага акрабата ды іншых незвычайных людзей. Ён уключыў іх у сваё шоу, і яно займела каласальны поспех, Фінеаса Тэйлара Барнума назвалі таленавітым прадпрымальнікам, публіка была ў захапленні.

Стваральнікі карціны «Найвялікшы шоумен» не вельмі імкнуліся да адпавядання рэальнасці, таму ў фільме поспеху Барнума папярэднічаюць гады нястачы і нягод. Тут ён з самага дзяцінства быў летуценнікам з няпоўнай беднай сям'і, хадзіў у дзіравым абутку, валацужнічаў пасля смерці бацькі. Увесь гэты час галоўны герой быў не без адказу закаханы ў багатую дзяўчыну. Ён расказваў ёй пра свае мары і паабяцаў прыгожае жыццё, а ўжо дарослым прапанаваў руку і сэрца, і тая пайшла за ім.

Апроч уласна гісторыі поспеху «Найвялікшы шоумен» закранае тэму сацыяльнай няроўнасці і велікасвецкага снабізму. Прорва паміж Барнумам і багатай публікай, да прызнання якой ён так імкнуўся, не паменшылася праз багацце і шыкоўны дом: яго называлі жулікам, тэатр лічылі нізкім мастацтвам альбо ўвогуле не мастацтвам, а шоу нягледзячы на папулярнасць лічылася падробкай. У пэўны момант галоўны герой пайшоў за фальшывым ідэалам і ў пагоні за прызнаннем высокіх слаёў грамадства страціў усё (але, канешне, не ў якасці фіналу фільма).

Шлях да высокай мары, сацыяльнае становішча як падробленая мэта — нават гэта яшчэ не мяжа. У фільм пра падзеі XІX стагоддзя ўмясцілі такую актуальную сёння тэму талерантнасці, паліткарэктнасці і раўнапраўя. «У найвялікшым шоумене» на акцёраў тэатра, альбо ўжо цырка, Барнума глядзяць як на дзівосы — са здзіўленнем, пагардай і часам нават з нянавісцю. Але яны імкнуцца да свабоды, пазбаўлення ад страхаў і адзіноты, да ўсведамлення сваёй сілы — і гэтага заслугоўваюць.

Усё гэта вельмі важна і кранальна — гарантаваная і неабвержная сацыяльная роўнасць усіх членаў грамадства; каханне, што праходзіць праз гады і выпрабаванні; нарэшце, вялікія мары і іх рэалізацыя. Абгорнуты гэтыя паняцці ў яркую і сентыментальную карціну з пераплеценых паміж сабой галівудскіх шаблонаў. Шыкоўныя харэаграфія і песні на кожным кроку, любімая гледачамі вера ў дабро і хэпі-энд, жыццесцвярджальнасць: фільм не раскажа пра нешта новае (а пра Барнума ўвогуле падмане), але нагадае пра ўсмешкі, высокія памкненні і мір ва ўсім свеце.

Гэтым можна натхніцца, можна ўспомніць пра ўласныя мары, можна рашыцца рызыкнуць. Так, Галівуд зноў здолеў стварыць фільм неверагодна відовішчны, бязмежна сентыментальны і які нядрэнна матывуе. Толькі рэальны Барнум быў жанаты два разы і нарадзіўся ён ў забяспечанай сям'і. «Найвялікшы шоумен», які расказвае пра шоу-фальшыўку і па ўсякаму выкарыстоўвае гэта ў тэме ўспрымання мастацтва і сацыяльнай няроўнасці, на жаль, сам аказваецца сапраўднай фальшыўкай.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».