Вы тут

Пра што распавядаюць маладыя празаікі?


Гуманітарнаму праекту «Мінская ініцыятыва» ўжо чатыры гады. Калісьці, разумеючы небяспеку разрыву культурных сувязяў паміж трыма сяброўскімі краінамі, прадстаўнікі Беларусі, Украіны і Расіі сабраліся ў беларускай сталіцы, каб паспрабаваць папярэдзіць страту такіх каштоўных стасункаў. Было зразумела, што нягледзячы на розныя абставіны і складанасці ў палітычным жыцці, культурныя сувязі неабходна захоўваць! Іх добры намер сапраўды аказаўся плённы і ўжо прынёс першыя плады. Напрыканцы 2016 года свет пабачыў паэтычны альманах «Tеrrа роеtіса». Яго прэзентацыі адбыліся спачатку ў Мінску, затым у Кіеве і ўрэшце на Міжнароднай кніжнай выставе ў Маскве. Канец 2017-га быў адзначаны яшчэ адной яскравай падзеяй — выхадам альманаха маладой прозы.


Прэзентацыя празаічнай «Tеrrа роеtіса» па традыцыі адбылася найперш у беларускай сталіцы. Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл ШВЫДКОЙ, які выступаў адным з вядучых прэзентацыі, растлумачыў:

— Мы прадстаўляем ужо другі альманах «Tеrrа роеtіса», у ім сабраны кароткія празаічныя творы. Разам надрукаваныя тэксты на трох мовах — рускай, беларускай і ўкраінскай. Але не менш важна і тое, што аўтары, чые творы надрукаваныя пад адной вокладкай, неўзабаве пачнуць перакладаць адно аднаго — акурат так адбылося з удзельнікамі паэтычнага альманаха. Таму рускамоўны чытач, напрыклад, ужо пазнаёміўся і з новай рускай, і з новай беларускай паэзіяй. Можна спадзявацца, што і сустрэча празаікаў, якая адбылася ў Мінску, дасць штуршок да ўзаемных перакладаў, і што проза краін-суседак стане даступнай адна адной. На маю думку, гэта важна, бо сапраўды зразумець, што адбываецца ў суседняй краіне, нават у блізкай, можна найперш праз літаратуру. І нават больш, чым праз медыя, якія толькі фіксуюць пэўныя падзеі, што адбываюцца на паверхні. А глыбінныя працэсы адбываюцца на зусім іншым узроўні — акурат пра гэта і пішуць літаратары.

Прэзентацыя альманаха «Tеrrа роеtіса» праходзіла на розных узроўнях. Адбываліся сустрэчы ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, Беларускім дзяржаўным універсітэце. Быў час для свабоднага кантактавання маладых творцаў, куратараў і іншых удзельнікаў праекта. Абмяркоўвалі і далейшыя планы. Бо акрамя прэзентацыі паэтычнага альманаха летась быў праведзены мастацкі пленэр, вынікам якога стала выстава «Тры Сафіі». Таксама рэалізуецца ідэя тэатра для дзяцей з асаблівасцямі. У сакавіку пастаноўку плануюць прадставіць гледачам.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман МАТУЛЬСКІ падзяліўся сваімі ўражаннямі ад работы «Мінскай ініцыятывы»:

— Для мяне асабіста надзвычай прыемна, што «Мінская ініцыятыва» чарговы раз збіраецца менавіта ў Нацыянальнай бібліятэцы... Важна, што ў праекце прымае ўдзел моладзь з трох краін. Яны з'ездзілі адзін да аднаго і дакладна памянялі свае погляды — я ўпэўнены, сталі сябрамі! Таму выніковая каштоўнасць такіх сустрэч надзвычай высокая.

Варта адзначыць, што наступны альманах, па папярэдняй задуме, будзе прысвечаны дзіцячай літаратурнай творчасці. Ёсць верагоднасць і таго, што ён можа быць прысвечаны літаратурнай крытыцы.

Цікавай часткай міжнародных сустрэч у беларускай сталіцы стаў перакладчыцкі семінар, арганізаваны рэдактарам аддзела паэзіі літаратурнага часопіса «Дружба народов» Галінай КЛІМАВАЙ. Маладыя паэты, знаходзячыся дома, зрабілі пераклады двух вершаў украінскага паэта Васіля Стуса на свае мовы, карыстаючыся спецыяльна падрыхтаванымі для іх падрадкоўнікамі. А на семінары ў Мінску ў іх была магчымасць супольна абмеркаваць вынікі сваёй працы, паспрабаваць заўважыць моцныя і слабыя бакі перакладаў, зробленых іншымі аўтарамі, тым самым істотна ўзбагаціць свой паэтычны і перакладчыцкі досвед.

І як перакладчыца, і як празаік з Украіны завітала Марыяна КІЯНОЎСКАЯ. Яна заўважыла:

— Мне здаецца, што «Tеrrа роеtіса» — праект, які засяроджаны на будучыні. Было надзвычай цікава чытаць творы, якія ўвайшлі ў празаічны альманах. Яны ўразілі сваёй пранізлівасцю. Цікавым было і тое, што наратывы аўтараў з розных краін перагукаюцца паміж сабой. Яны гавораць пра адны і тыя ж рэчы: пра работу памяці, пра барацьбу за сваю ідэнтычнасць. Нават калі гэта ідэнтычнасць вымяраецца пакуль што пэўнай нявызначанасцю, нават катарсісам. У тэкстах розных аўтараў вельмі шмат перагукванняў. І вельмі хочацца, каб гэтая лучнасць захоўвалася і надалей.

Марыяна Кіяноўская (Украіна), Міхась Башура (Беларусь) і Андрэй Каровін (Расія).

Альманах быў надрукаваны ва ўкраінскім выдавецтве «Саміт-кніга» накладам 1500 асобнікаў. Яго рэдактарамі-складальнікамі выступілі ўкраінская літаратарка Леся Мудрак, а таксама расійскі паэт, пісьменнік, арганізатар паэтычных фестываляў Андрэй КАРОВІН, які расказаў:

— Разам з Лесяй Мудрак мы даволі доўга прадумвалі гэты нумар. І пэўны час разважалі над тым, хто такія маладыя празаікі з пункту гледжання ўзросту. Я прытрымліваўся меркавання, што празаікі фарміруюцца пазней. Таму, калі, напрыклад, маладыя паэты — гэта людзі да 35 гадоў — але і з гэтай лічбай я не да канца згодны, хоць яна і стала агульнапрынятай. Для празаікаў узроставае абмежаванне трэба падняць. У нашым альманаху мы давялі яго да 40 гадоў — аднак і гэта, на маю думку, празаікі-немаўляты. Маладымі празаікамі можна лічыць людзей 45—50 гадоў. А тым, хто ўжо адбыўся як літаратар, можа быць і 90.

Цікавымі разважаннямі ва ўступным слове да альманаха падзяліўся дырэктар украінскага Нацыянальнага музея Тараса Шаўчэнкі Дзмітрый СТУС:

У нашым жыцці стала цесна ад палітыкі. Ці ад ілюзіі палітыкі? Хіба ў палітыцы сканцэнтраваны ўсе праблемы людскога быцця? Так бывала ўжо не раз: замест радасці, любові, сяброўства — асуджэнне, супярэчнасці, недавер і разлад, што ўсё мацней раздзяляюць і адчужаюць людзей і народы. Падчас разладаў цяжка не замкнуцца, прымусіць сябе прыслухоўвацца да свету і пастарацца пачуць у гомане напаленай варожасці жывыя галасы... Мы жывём у перыяд сацыякультурных трансфармацый, калі пошук шляху суправаджаецца высокай верагоднасцю памылкі. І таму патрэбна і важна чуць шматгалоссе творчых людзей, закліканых перадаць думку і праўду іншага — іншага чалавека, іншага народа, суседа па доме ці па краіне. Не для таго, каб прыняць яе, але хоць бы зразумець...

Думаецца, гэта надзвычай важныя словы, дзе не проста расстаўлены важныя акцэнты, у іх быццам бы падабраны ключы да сапраўднага сяброўства, у якім могуць удзельнічаць раўназначныя асобы, што не заўсёды падзяляюць погляды адно аднаго. Затое імкнуцца пачуць. І проста прыняць іншага такім, які ён ёсць.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Шматгалоссе творчых людзей»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.