24 Май, чацвер

Вы тут

Былы настаўнік арганізаваў у сябе на кухні ганчарную майстэрню


Яўгену Лявонцьевічу Паліноўскаму 65 гадоў. Але застаць яго дома не так проста. Калі дамаўлялася на сустрэчу, папрасіў заехаць у другой палове дня. Маўляў, да абеду ў яго шмат спраў у горадзе.


Пра сапраўдны боршч, раман з глінай ды абярэг ад старасці

— Якое інтэрв'ю на галодны страўнік?! — сказаў з парога Яўген Паліноўскі, убачыўшы, што я дастала з кішэні дыктафон. — Аня (звяртаецца да сваёй жонкі), налі, калі ласка, журналістцы сапраўднага ўкраінскага баршчу.

Як высветлілася, Яўген Лявонцьевіч родам з Украіны. У Барысаў трапіў па службе больш як 30 гадоў таму. Так тут і пусціў карані. Менавіта ў Беларусі і завязаўся яго раман з глінай.

— У сярэдзіне 90-х уладкаваўся на фірму, якая займалася вырабам і роспісам керамічных вырабаў. Там упершыню ўзяў у рукі гліну. З таго часу з ёй не расстаюся. Ну, як яе можна не любіць?! Яна ж такая прыемная на вобмацак (працягвае мне кавалачак), падатлівая, з яе можна зрабіць усё, што душа пажадае. А давайце я вас навучу свістульку ляпіць?

І ў лічаныя хвіліны бясформенны кавалак гліны ў руках майстра ператварыўся ў галасістую птушачку.

— На кірмашах маладыя бацькі часта набываюць у мяне свістулькі для сваіх дзетак: экалагічна і нядорага. Раблю таксама і іншыя ўтылітарныя рэчы: аромалямпы, цукарніцы, скарбонкі... Але найбольш мне падабаецца ляпіць статуэткі, бо яны дазваляюць задзейнічаць фантазію па поўнай.

У зале на часопісным століку — некалькі дзясяткаў вырабаў Яўгена Лявонцьевіча. Больш за ўсё мне спадабаўся дамавічок з рагаткай, соскай ды мячом.

— Гэта абярэг ад старасці, — смяецца майстар. — Але найбольшай папулярнасцю карыстаецца мая «п'яная» тэматыка. Прычым і сярод вядомых людзей. Сямён Альтаў штораз, калі прыязджаў на «Славянскі базар», набываў маіх гліняных п'яніц у сваю калекцыю. Упершыню, калі ўбачыў іх, сказаў: «У нас у Піцеры такога няма». Прыемна, што гумарыст ацаніў мой гумар. Набывалі ў мяне статуэткі і такія акцёры, як Яўген Сядзіхін, Анатоль Кацянёў... А адзін дзядуля наогул калекцыянаваў мае работы. З кожнай пенсіі прыходзіў і набываў па некалькі штук. Апошнія гады я яго не бачыў, нават хвалявацца пачаў. Пасля выпадкова даведаўся, што ён сышоў у лепшы свет. Наогул дома ў мяне, як бачыце, мала работ. Усё, што ляплю, прадаю на кірмашах, дару знаёмым. (Пасля гэтых слоў Яўген Лявонцьевіч працягнуў мяне гліняную падкову са званочкам. — Аўт.) Гэта вам, на шчасце. Будзе памяць аб гэтай сустрэчы.

Пад­час фес­ты­ва­ляў Яў­ген Ля­вонць­е­віч з за­да­валь­нен­нем пра­во­дзіць май­стар-кла­сы. Фота Алены Янкоўскай

Пра музей ведзьмаў, самы вялікі заробак ды бакенбарды

Фантазіі Яўгена Паліноўскага можна ўбачыць таксама ў мясцовым краязнаўчым музеі. А адна работа знаходзіцца нават у Амерыцы...

— Старшыня Мінскай асацыяцыі свабодных мастакоў наведваў па рабоце музей ведзьмаў пад Бостанам. Дык папрасіў мяне зрабіць які-небудзь сувенір. Я зляпіў беларускую Бабу-Ягу ў хусцінцы за адным сталом з амерыканскай ведзьмай у капелюшы. Амерыканцам так спадабалася работа, што перадалі мне ў знак удзячнасці бестэрміновы квіток у гэты музей і фірмовую футболку.

— Жэня, раскажы, як ты ляпіў статуэткі для бельгійскага рэстарана, — нагадвае Ганна Іванаўна.

— У Бельгіі адкрываўся рэстаран. І мне прапанавалі паўдзельнічаць у яго афармленні. Сто работ трэба было зрабіць за тры тыдні. Але адна ўмова: каб ні адна не паўтаралася. Памятаю, сядзеў тады на кухні крукам. Трэба было рабіць у дзень па 11—12 кампазіцый. Усе казкі, анекдоты ды літаратурныя творы, якія ведаў, прыйшлося ўспомніць. А гліна, вы ж ведаеце, сушыць скуру, у мяне пальцы трэскаліся... Адным словам цяжка было, але замову я выканаў. Праўда, і заплацілі мне тады добра. Менш чым за месяц атрымаў свой гадавы настаўніцкі заробак.

Значную частку свайго жыцця Яўген Паліноўскі прысвяціў школьнікам: вучыў іх маляваць ды ляпіць з гліны. Сёлета яго, як пенсіянера, скарацілі. Прызнаецца, што спачатку засмуціўся, бо ўсю душу ўклаў у школьную студыі керамікі. Але зразумеў, што перажываннямі гору не дапаможаш, і тут жа пачаў шукаць сабе новае месца працы. Цяпер ён вучыць ляпіць з гліны малых у дзіцячым садку, што насупраць яго дома.

— Працаваць трэба. Нават не таму, што грошы патрэбныя (хоць і маленькі кавалачак масла на пенсійнай лусце хлеба лішні не будзе). Пакуль чалавек рухаецца — ён жыве. Я супрацоўнічаю з нашым цэнтрам народнай творчасці. Пастаянна езджу з імі на розныя мерапрыемствы, фестывалі, праводжу майстар-класы. Раней людзі часта прыносілі фотаздымкі сваіх каханых ці калег, прасілі зрабіць шаржы з гліны. Мне гэта таксама падабалася. Праўда, чамусьці жанчыны горш атрымліваліся. З мужчынскімі вобразамі працаваць прасцей. У аднаго — лысіна, у іншага — вусы ці бакенбарды. Мужчынскія твары лягчэй апрацоўваць. У жанчын жа больш тонкая натура. Але ні разу за столькі гадоў ніхто не адмовіўся ад работы.

— Пра што марыце?

— Вучняў хочацца зноў. Быў час, калі да мяне дзеці хадзілі маляваць нават дадому. Памятаеш, Аня?

— Так, ты тады сышоў з 20-й школы, дзе выкладаў выяўленчае мастацтва. Дык яны прыходзілі дадому займацца. Проста так, бясплатна.

— Як кажуць, з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Працуеш з дзецьмі і сам у душы маладзееш. Яны не даюць сумаваць. Я для іх быў як дзядуля. Іду па школьным калідоры, а хлопцы ды дзяўчаты бягуць рукі расставіўшы, абвешаюць мяне з усіх бакоў. У нас вучылася шмат дзяцей з няпоўных сем'яў, дык яны да мяне хіліліся. Мае ж урокі былі не абавязковыя для наведвання, тым не менш многія прыходзілі і ляпілі па 2—3 гадзіны.

До­ма ў май­стра ра­бот ня­шмат. Усё, што ле­піць, пра­дае або да­рыць.

Пра хваробу Альцгеймера, самаробную каўбасу ды тушонку з трусоў

— Пасля таго, як сышлі са школьнай студыі керамікі, дзе вы зараз лепіце з гліны?

— Вось тут, у кватэры. Жонка абед прыгатавала — і да вечара кухня ў маім распараджэнні. Зляпіў і сушу на шафе, што побач з газавай плітой. Потым абпальваю ў самаробнай печцы. Яна ў мяне маленькая, шмат месца не займае.

— А не думалі набраць групу пенсіянераў і вучыць іх лепцы з гліны?

— Так, я ўжо думаў пра гэта. Лепка ж лічыцца цудоўнай гімнастыкай для мозга, папярэджвае хваробу Альцгеймера.

— Што параіце пенсіянерам, якім, як і вам, не пашчасціла, і іх скарацілі на працы?

— Не апускаць рукі. Усё адно трэба нешта рабіць. Часта бачу пенсіянераў, якія збіраюцца кучкамі на лавачках каля пад'ездаў. Ім сумна, на іх тварах рэдка ўбачыш усмешку. А чаму б не заняць сябе нейкай справай? Для гэтага ж не абавязкова мець шмат грошай. Можна пад акном шматкватэрнага дома кветкі разводзіць ці разбіць агарод на падаконніку. Сёлета я ўпершыню на балконе агуркі пасадзіў. Сартоў пяць розных. І што вы думаеце, выраслі. І такія смачныя, не тое што з крамы. Зрываеш, та-а-а-кі водар на ўсю кватэру!

— Жэня — халерык па тэмпераменце, — кажа Ганна Іванаўна. — Пастаянна штосьці новае асвойвае, эксперыментуе. Кім ён толькі не працаваў: і керамістам, і садоўнікам, і пекарам. Быў час, калі маляваў афішы з анонсамі фільмаў для кінатэатра «Кастрычнік». Некалькі гадоў працаваў у жаночым манастыры. Ён асвойвае новую справу да таго часу, пакуль у яго не атрымаецца. Калі атрымалася, пераключаецца на штосьці іншае. У канцы 90-х мы купілі дом у вёсцы. Ён адразу ж градкі ўскапаў, цяпліцы паставіў. Навыпісваў рознага насення. Памятаю, мы з дзецьмі паехалі на мора. Пакуль вярнуліся, ён ужо поўны склеп закрутак нарабіў. Вяскоўцы здзіўляліся, як гарадскі жыхар можа быць такі гаспадарлівы (смяецца). Спрабаваў разводзіць парасят, куранят-бройлераў, трусоў. Ад трох самак 300 трусікаў было. Тушонкі нарабіў так шмат, што тры гады елі і знаёмых частавалі.

— Я гатаваць люблю не менш, чым ляпіць з гліны.

— Ён наогул з кухні не вылазіў бы, калі б не выганяла (смяецца). Цяпер у інтэрнэце шмат рэцэптаў, пастаянна эксперыментуе.

— Можа, ёсць фірменная страва?

— Вядома! Мая «каронка» — гэта самаробная каўбаса. Кураціну рэжу на кавалачкі. Пажадана, каб была і грудзінка, і сцягно — гэта мяса рознае па колеры. Затым дадаю крыху (працэнтаў 15—20 ад агульнага аб'ёму кураціны) свінога сала, лепш, каб яно было з прожылкамі. Звяртаю ўвагу, што яно рэжацца драбней, чым кураціна. Дадаю спецыі, пару лыжак маянэзу, шмат часнаку. Перамешваю і запіхваю ў кішку. Кладу каўбасу на патэльню, абцягваю яе фольгай для выпечкі — і ў духоўку хвілін на 30. Такая смаката атрымліваецца — за вушы не адцягнеш!

— А наша гродзенская нявестка вельмі любіць Жэневы кулічы.

— Пяку іх не толькі на Вялікдзень. А штораз, калі едзем туды ў госці. Іх фішка ў тым, што доўга не чарсцвеюць. З цестам наогул у нашай сям'і працую ў асноўным я. Пяку піражкі, бліны, аладкі... Нядаўна навучыўся рабіць хлеб і нават багеты. Не трэба баяцца спрабаваць нешта новае. У любым узросце.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

г. Барысаў

Загаловак у газеце: Пакуль чалавек рухаецца — ён жыве

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Малады ўрач хуткай дапамогі пра цану жыцця і прафесійную загартоўку

Малады ўрач хуткай дапамогі пра цану жыцця і прафесійную загартоўку

«Брыгада № 901, на выезд!» — чуем, ступаючы на парог падстанцыі № 9 хуткай медыцынскай дапамогі сталіцы.

Культура

Гісторыка-культурныя каштоўнасці стануць арганічнай часткай жыцця?

Гісторыка-культурныя каштоўнасці стануць арганічнай часткай жыцця?

​Усе помнікі рана ці позна разбурацца — гэта непазбежны працэс.

Грамадства

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Як вы думаеце, ці шмат страў можна прыгатаваць з буракоў?