Вы тут

Эпідэміі грыпу не чакаецца


У гэтым сезоне цыркулююць вірусы грыпу, блізкароднасныя мінулагоднім. Таму і ў перыяд пад'ёму захваральнасці — а пачынаецца ён у канцы студзеня — пачатку лютага — большай колькасці пацыентаў, чым летась, не чакаецца, паведаміла кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе Наталля Грыбкова.


А ў апошнія тыдні ў Беларусі ўвогуле назіраецца зніжэнне ўзроўню вострых рэспіратарных інфекцый. Спецыялісты звязваюць гэта з навагоднімі святамі і канікуламі, падчас якіх змяншаецца колькасць кантактаванняў.

— На вострыя рэспіратарныя інфекцыі зараз больш хварэюць дзеці, — адзначыла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан. — Але ў найбліжэйшы час чакаем невялікага пад'ёму ВРЗ, бо ў школьнікаў скончыліся канікулы.

Пакуль рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі грыпу. І такую станоўчую тэндэнцыю спецыялісты звязваюць з актыўнай імунізацыяй. Прышчэпкі супраць грыпу ў сезоне 2017/2018 года атрымалі 40,5 % жыхароў Беларусі. Пры гэтым у групах рызыкі прышчэплена больш за 75 %, што адпавядае рэкамендацыям Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Таксама прышчэпкі атрымалі больш за палову дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў і амаль 55 % школьнікаў.

Як паведаміла Іна Карабан, пра эфектыўнасць сёлетняй імунізацыі можна будзе гаварыць пасля сезоннага пад'ёму захваральнасці. А вось вынікі леташняй кампаніі па імунізацыі вельмі красамоўныя. У прыватнасці, удалося папярэдзіць больш за 145 тысяч захворванняў на грып і больш за 200 тысяч выпадкаў ВРІ негрыпознай этыялогіі. Дзякуючы імунізацыі апошнія некалькі гадоў у Беларусі эпідэмій грыпу не фіксавалася.

Як адзначыла спецыяліст, вакцыны ўсіх вытворцаў вырабляюцца згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, таму не маюць адрозненняў. Тыя катэгорыі насельніцтва, якія рабілі прышчэпкі за кошт мясцовых і рэспубліканскага бюджэту, атрымлівалі вакцыну расійскай вытворчасці. Добра сябе зарэкамендавалі таксама французскія, бельгійскія, кітайскія, індыйскія вытворцы, іх вакцыны выкарыстоўвалі прадпрыемствы і арганізацыі, а таксама грамадзяне, якія рабілі прышчэпку за ўласны кошт.

У тэму

Калі няма прышчэпкі

Перыяд імунізацыі завяршыўся ў пачатку снежня. Тым, хто не зрабіў прышчэпку, трэба выконваць некалькі простых рэкамендацый, каб знізіць рызыку інфіцыравання.

Як падкрэсліў галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па інфекцыйных хваробах Ігар Карпаў, наш імунітэт стымулююць умераныя фізічныя нагрузкі і здаровае харчаванне, багатае на вітаміны. Не пашкодзяць у гэты час і вітамінныя комплексы, загартоўванне. Праўда, пачынаць апошняе трэба не зімой, а ў маі, калі становіцца цяплей, і праводзіць яго рэгулярна.

Важна прытрымлівацца рэспіраторнага этыкету: з сімптомамі хваробы лепш заставацца дома і мінімізаваць на гэты час колькасць кантактаў. Перад выхадам з дома можна змазваць насавыя хады аксалінавай ці іншай падобнай маззю, каб папярэдзіць пранікненне віруса. Трэба памятаць, што вірус любіць сухую слізістую, таму пажадана ў такі час увільгатняць нос фізрастворам.

Што датычыцца дзяцей, то тут важна не пераграваць іх, уцяпляючы па максімуме. Спецыялісты не даюць адназначных ацэнак на карысць разнастайных імунамадулятараў. На іх думку, дадатковыя лекавыя нагрузкі ў гэты перыяд шкодзяць здароўю.

Алена КРАВЕЦ

krаvеts@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».