Вы тут

Беларусь рухаецца ў бок інклюзіўнага грамадства


Доўгі час лічылася, што інваліднасць — гэта такая абдзеленасць лёсам. Але жыццё не стаіць на месцы і разам з развіццём грамадства змяняюцца і грамадскія погляды і ўстаноўкі. Цяпер у развітых краінах інваліднасць разглядаюць хутчэй як пэўны лад жыцця пры пэўных абставінах, што склаліся ў чалавека. Вось такое карэктнае і нейтральнае азначэнне — без упору на шкадаванне, без паблажлівага стаўлення і погляду зверху ўніз — хутчэй з пачуццём пэўнага разумення абставін, у якіх апынуўся чалавек і да якіх павінен прыстасавацца.


Больш за тое, у многіх краінах пайшлі яшчэ далей і лічаць, што прыстасоўвацца да рэалій і ўмоў навакольнага свету і грамадства павінен не толькі чалавек з інваліднасцю — грамадства таксама павінна адаптавацца і прыстасоўвацца да яго, а калі браць шырэй — да патрэб і асаблівасцяў кожнага чалавека, з інваліднасцю ці без яе. Усё гэта называецца інклюзіяй — працэсам рэальнага ўключэння ўсіх людзей, у тым ліку і з інваліднасцю, у актыўнае грамадскае жыццё. І гэта ў аднолькавай ступені неабходна ўсім нам — не толькі інвалідам. Як шмат страціла б чалавецтва, калі б не былі ўключанымі ў актыўнае жыццё глухі Людвіг ван Бетховен, сляпая празорлівая Ванга, паралізаваны фізік лаўрэат Нобелеўскай прэміі Стывен Хокінг, эпілептыкі Пётр Першы і Дастаеўскі... Таму так важна імкнуцца рэалізаваць патэнцыял кожнага чалавека.

Наша краіна таксама паступова рухаецца ў бок інклюзіўнага грамадства. Робіць першыя крокі сацыяльнае прадпрымальніцтва, якое садзейнічае інклюзіўнай занятасці не толькі людзей з інваліднасцю, але і іншых уразлівых груп. Мы прайшлі значны шлях па стварэнні нарматыўнай базы, якая забяспечвае безбар'ернае асяроддзе. Але замацаваныя нормы і патрабаванні пакуль яшчэ не заўсёды выконваюцца, таму гэтае пытанне яшчэ далёка не закрытае. Адначасова эксперты папярэджваюць, што ў нас на раённым узроўні ўсё яшчэ няма адзінай стратэгіі па сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю, якая не абмяжоўвалася б працатэрапіяй у цэнтрах дзённага знаходжання, што створаны пры мясцовых ТЦСАН. Хоць пазітыўныя зрухі і прыклады ініцыятыў, якія насамрэч працуюць, у сферы сацыяльнай інтэграцыі, вядома, ёсць. І, дарэчы, яны якраз і паказваюць, што без супрацоўніцтва паміж мясцовымі органамі ўлады і недзяржаўнымі структурамі тут не абысціся.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу


У тэму

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына СТАРАВОЙТАВА:

— У Беларусі створаны прававыя, арганізацыйныя і інстытуцыянальныя ўмовы для рэалізацыі правоў і свабод інвалідаў нароўні з іншымі грамадзянамі. Разам з тым, па выніках праведзенага маніторынгу дзеючага заканадаўства ў гэтай сферы Пастаянная камісія па адукацыі, навуцы, культуры, сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі лічыць патрэбным унесці шэраг змяненняў у закон аб сацыяльнай абароне інвалідаў.

У прыватнасці, мы лічым неабходным замацаваць нормы, якія гарантуюць інвалідам права на ўдзел у жыцці грамадства ў якасці раўнапраўных яго членаў і забяспечваюць такое права, вызначыць патрабаванні да абсталявання спецыяльных рабочых месцаў для працаўладкавання інвалідаў. На наш погляд, мэтазгодна ўдакладніць тэрміналогію, а таксама ўвесці тэрмін «дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці» і яго азначэнне. Таксама неабходна прадугледзець палажэнні адносна інклюзіўнай адукацыі інвалідаў, удакладніць нормы, якія датычацца фарміравання даступнага асяроддзя жыццядзейнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі — бесперашкодны доступ да жылых аб'ектаў, аб'ектаў сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктур, да месцаў адпачынку. Акрамя таго, неабходна прадугледзець нормы аб фарміраванні і вядзенні інфармацыйнага рэсурсу, які змяшчае звесткі аб інвалідах у Беларусі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Інклюзія, а не ілюзія

Выбар рэдакцыі

Культура

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

На гэта свята асаблівым чынам спажываюць розную садавіну, запіваючы келіхамі добра разбаўленага віна.

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».