23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Ці лёгка вяскоўцу нарыхтаваць дровы?


З Лельчыцкага раёна да нас звярнуўся даўні чытач са скаргай, што цяжка здабыць на зіму дровы. У сілу паважанага ўзросту заяўніка было складана зразумець, што менавіта мае на ўвазе мужчына. Бо, падавалася б, жывём у лясной краіне, і арганізацыі, якія дапамагаюць насельніцтву нарыхтаваць паліва, ёсць паўсюдна. Што тады не так? Тым не менш, каб не крыўдзіць нашага прыхільніка, паспрабуем «станцаваць», як той казаў, ад той самай печы...

Як вядома, ёсць некалькі спосабаў нарыхтоўкі дроў (а мы будзем мець на ўвазе толькі іх, а не пілеты ці абрэзкі піламатэрыялаў). Кожны спосаб мае свае плюсы і свае мінусы.


Набыць гатовыя

Самы просты — звярнуцца ў паліўную арганізацыю свайго раёна. Што мы напачатку і зрабілі, патэлефанаваўшы ў Лельчыцкі філіял па забеспячэнні палівам КУП «Гомельаблпаліва».

Як запэўніла нас выканаўца абавязкаў дырэктара прадпрыемства Галіна Паграноўская, ніякіх праблем з забеспячэннем насельніцтва гатовымі — парэзанымі і паколатымі — дровамі няма. Праўда, калі гаварыць пра тэрміны дастаўкі, дык у паліўны сезон іх прывязуць на працягу месяца пасля заказу. Па-за сезонам — з красавіка па жнівень — могуць нават у той самы дзень даставіць. Уласна дровы каштуюць 7,7 рубля за адзін кубаметр. Аплата распілоўкі, колкі, пагрузкі, разгрузкі аплачваецца дадаткова. У год на адно прыватнае домаўладанне можна ўзяць па паліўнай кніжцы 4,9 кубаметра дроў. Крыху па іншых цэнах можна купіць потым і дадаткова, але, як нам паведамілі на прадпрыемстве, такіх выпадкаў за апошні час не было. Атрымаў вясковец свае належныя 4,9 кубаметра паліва ў год і больш не звяртаецца. (Таму мы нават не сталі прасіць пралічыць цэны на дадатковыя дровы.)

Калі гаварыць пра льготы, яны даюцца інвалідам першай і другой груп па агульным захворванні, інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Але прэферэнцыя датычыцца толькі ўласна саміх дроў: такія льготнікі будуць плаціць за кубаметр 3,85 рубля. А вось паслугі па распілоўцы, колцы, пагрузцы-разгрузцы трэба будзе аплачваць цалкам, усе сто працэнтаў. Дарэчы, цэны на паліва змяняліся ў самым пачатку 2016 года. Непасрэдна на дровы іх устанаўлівае Гомельскі аблвыканкам. На расцэнкі прадпрыемства па распілоўцы, колцы, пагрузцы-разгрузцы мяжы рэнтабельнасці няма.

З уласнага досведу

Спосаб нарыхтоўкі дроў добры тым, што не трэба больш ні пра што клапаціцца: зрабіў заказ і чакай, калі прывязуць. Праўда, калі чалавек састарэлы, узнікае іншая праблема: як іх потым самастойна перанесці і скласці ў дрывотню? Калі здароўе не тое, без памочнікаў абысціся цяжка.

Я ж сутыкаўся з іншай праблемай у сваім раёне. Табе могуць прывезці палены ці цуркі (гледзячы што заказваеш) рознай даўжыні. Адны будуць па 30 сантыметраў, другія па 60. Гэтак жа можа адрознівацца і дыяметр дроў. Ды і самі яны бываюць «не першай свежасці». Калі такое здарылася, трэба пераразаць, пераколваць. Тут зноў жа фізічныя сілы патрэбныя. Добра, калі ў сям'і ёсць працаздольныя мужчыны і патрэбны інструмент...

Купіць на пні

Яшчэ адзін спосаб — звярнуцца ў мясцовы лясгас ці ў найбліжэйшае лясніцтва. Тут нават два спосабы нарыхтаваць дровы. Вось першы з іх. Як расказаў нам дырэктар Лельчыцкага лясгаса Аляксандр Рыдзецкі, у іх можна набыць дровы ў круглым выглядзе — сасны і вольхі і іншых парод на прамежкавым складзе (той, што бліжэй да дарогі) — па 11,28 рубля за кубаметр. І на верхнім складзе (той, што побач з лесасекай) — па 8,71 рубля за кубаметр. Розніца ў цэнах зразумелая — за выгоды трэба плаціць. Між іншым, гэта цэны без уліку транспарту. Пакупнік можа самастойна забраць набытыя дровы, калі ж не мае такой магчымасці, — дапаможа лясгас. Дастаўка транспартам арганізацыі — 21,53 рубля за гадзіну без ПДВ. Канчатковы кошт падлічыце самі?

З плюсаў тут — цуркі вы потым адразу нарэжаце патрэбнай даўжыні. Ды і цэлае бервяно-другое ў гаспадарцы спатрэбіцца могуць. Праўда, і колку дроў ніхто не адмяняў. А гэта зноў жа састарэламу чалавеку — не пад сілу.

Яшчэ адзін спосаб нарыхтоўкі дроў праз лясгас — аформіць лесасечны білет на фізічную асобу і самому заняцца гэтай справай. Лясгас вылучае дзялянку лесу на пні — калі ласка, сам зразай, распілоўвай, грузі, вывозь. Праблема ў тым, што той, на каго аформлены білет, і павінен займацца нарыхтоўкай, перадача дакумента іншаму забаронена. Пра фізічную працу зноў жа прамаўчу, як і пра наяўнасць уласнага грузавога транспарту... Затое расцэнкі лесу на пні вельмі прымальныя — 1,1 рубля за дзесяць кубаметраў.

З уласнага досведу

Неяк вельмі даўно вырашылі скарыстацца апошнім спосабам нарыхтоўкі дроў. Падавалася, што танна... Але давялося наймаць трактар, легкавую машыну, каб адвесці памочнікаў у лес (туды — назад), пакінуць яшчэ аднаго чалавека дома для разгрузкі... А пацягаўшы сырыя бярозавыя ствалы па некалькі метраў і дыяметрам недзе да паўметра з лесу да прычэпа, ужо не хацелася нічога... І гэта зноў жа не адмяняла далейшага пераўтварэння «лесу» ў гатовыя дровы.

Праца або грошы?

Як відаць, любы спосаб нарыхтоўкі звязаны як з фінансавымі выдаткамі, так і з фізічнымі. Ні без аднаго, ні без другога немагчыма. Адносна сэканоміць грошы можа толькі той, хто мае ўласны транспарт, патрэбны інструмент і як мінімум памочніка. Але ўсё гэта — за кошт вялікіх фізічных высілкаў найперш. Вядома, не іх жа меў на ўвазе наш пажылы чытач, калі звяртаўся ў газету. Значыць, грашовы бок? Бо, як мы расказалі, праблем з самімі дровамі няма, нарыхтаваць іх можна. Пытанне — якім спосабам?.. Як сказала нам Галіна Паграноўская, не ў сезон дровы летась заказалі ўсяго пяць чалавек. Затое заяўкі пачынаюць сыпацца, як толькі сезон надыходзіць, людзі яшчэ і прыспешваюць. Калі надыходзяць халады, натуральна, выдаткі павялічваюцца, а тут яшчэ і за дровы дастань і пакладзі. Вядома, пенсіянеру пры такім раскладзе можа падацца, што гэта дорага. Але, як адзначалася, ільготы для пэўных катэгорый насельніцтва ёсць.

З уласнага досведу

Мы з братам апошнім часам выкарыстоўваем яшчэ адзін спосаб набыць дровы — праз рэкламныя аб'явы. Механізм тут наступны — індывідуальныя прадпрымальнікі набываюць у лясгасах лес на пні, а потым рэалізуюць (дарэчы, у Лельчыцкім лясгасе зараз такога няма, хоць летась, падчас санітарных высечак, з'ява мела месца). Прывязуць вам яго нават з суседняй вобласці, пароды — пад заказ. Выходзіць нятанна, прызнаюся. Гэта мінус. Яшчэ не вельмі проста зрабіць заказ: то індывідуальныя прадпрымальнікі яшчэ не гатовыя вазіць дровы, бо тэхніка не можа заехаць у лес з-за ўмоў надвор'я, то ўжо паспелі ўсё распрадаць. Затое выдатных дроў — дубу, вольхі, бярозы — потым хапае не на адну зіму. Ну, а сякерай памахаць для мяне — толькі ў задавальненне.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Фо­та Над­зеі НІ­КА­ЛА­Е­ВАЙ


«Наламалі» дрэў

Адзін з нелегалаў ссякаў іх па начах з ліхтарыкам.

Двух лесарубаў-нелегалаў затрымалі работнікі Маладзечанскай міжрайінспекцыі разам з супрацоўнікамі мясцовага лясгаса. На пачатку ацяпляльнага сезона мужчыны вырашылі «падзарабіць» на нарыхтоўцы дроў.

Адзін з іх займаўся гэтым на пастаяннай аснове як індывідуальны прадпрымальнік. Толькі дакументы на высечку ІП афармляў, мякка кажучы, не заўсёды. Калі недалёка ад вёскі Белева, дзе пражывае прадпрымальнік, выявілі ссечаныя дрэвы (42 штукі), да мужчыны наведаліся з праверкай. Тым больш што ад месца высечкі да яго дома, размешчанага на ўскраіне вёскі, па прымятай траве вёў выразны след аўтамабіля.

Факт незаконнай нарыхтоўкі дроў падазраваны прызнаў і паказаў яшчэ адно месца, дзе ён таксама ссек восем дрэў. Нелегальнай высечкай мужчына займаўся па начах, падсвечваючы сабе налобным ліхтарыкам. Усяго без дазволу прадпрымальнік нарыхтаваў каля 27 кубаметраў драўніны, учыненая шкода — 1073 рублі. Акрамя таго, яму прызначана 805 рублёў штрафу, паведаміла прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч.

Другі нелегал быў затрыманы пад Радашковічамі. Мужчына нідзе не працуе, але мае ва ўласнасці два трактары. На адным з іх у момант затрымання перавозіў 10 кубаметраў алешыны, асіны і бярозы. На дровы, якія ён збіраўся рэалізаваць мясцовым жыхарам, пайшлі 27 дрэў. За незаконна ссечаную драўніну парушальніку прыйдзецца выплаціць 934 рублі і 460 рублёў штрафу. А калі б усё было зроблена па законе, дровы абышліся б нарыхтоўшчыку як мінімум у дзесяць разоў танней.

Загаловак у газеце: Хто ў лес і хто — па дровы?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.