Вы тут

Да чаго газавікі заклікаюць спажыўцоў?


Пасля выпадку ў Барысаве вытворцы вынайшлі апавяшчальнік чаднага газу. Як толькі чад паступае ў памяшканне, прыбор рэагуе гукавым і светлавым сігналамі. Таму спецыялісты рэкамендуюць набываць гэты «разумны» апарат спажыўцам, асабліва там, дзе ўстаноўлены калонкі і катлы. «Гэты надзейны памочнік папярэдзіць аб небяспецы, — кажа начальнік тэхнічнай інспекцыі ўнітарнага прадпрыемства «Мінгаз» Людміла Матукевіч. — Каштуе ён 28—30 рублёў, ёсць і таннейшыя».


— Наша прадпрыемства абслугоўвае больш як 530 тысяч кватэр з прыродным газам у Мінску і Мінскім раёне. Толькі ў сталіцы летась спецыялісты падчас планавага тэхнічнага абслугоўвання праверылі 123 626 адзінак абсталявання. Але здараецца, што зрабіць гэта своечасова немагчыма з розных прычын, — працягвае Людміла Уладзіміраўна. — Нехта з уладальнікаў здае кватэру, у іншай ніхто не пражывае. Ёсць частка спажыўцоў, якія наогул ігнаруюць правілы. А без дазволу гаспадароў ніхто, нават у суправаджэнні міліцыі, не мае права доступу ў памяшканне для абследавання і абслугоўвання. Таму актыўна працуем з насельніцтвам: праводзім разнастайныя акцыі, вывешваем аб'явы каля пад'ездаў, змяшчаем інфармацыю ў сродках масавай інфармацыі, на паведамленнях аб аплаце камунальных паслуг, а таксама нагадваем аб своечасовым правядзенні тэхнічнага абслугоўвання.

Сутыкаюцца газавікі і з іншымі праблемамі. Здараецца, што спажыўцы проста ігнаруюць правілы карыстання газавым абсталяваннем, хоць з імі папярэдне ў абавязковым парадку праводзіцца інструктаж.

— На жаль, многія разлічваюць на «ўдачу», адсюль і ўсе праблемы, — канстатуе Людміла Матукевіч. — Напрыклад, пры карыстанні любым газавым абсталяваннем трэба абавязкова адкрываць фортку, каб быў прыток паветра, асабліва там, дзе ўстаноўлена ацяпляльнае і воданагравальнае газавае абсталяванне. Парушэнне гэтай нормы можа прывесці да атручвання чадным газам, паколькі прадукты згарання цалкам не выдаляюцца і частка іх трапляе назад у памяшканне. У 2017 годзе адбылося шэсць такіх выпадкаў. У кожным з іх грамадзяне праігнаравалі гэтае правіла.

Спецыяліст засяродзіла ўвагу яшчэ на адным недапушчальным моманце — калі ў каналы вентыляцыйнай сістэмы ўстаўляюць электрамеханічныя выцяжкі. Пры ўключэнні ў выніку адсутнасці прытоку паветра ў пэўны момант можа «перавярнуцца» цяга ў дымавым канале, і прадукты дымавыдалення пачнуць паступаць у жыллё. Некалькі хвілін знаходжання ў ім прывядуць да лятальнага зыходу.

Дарэчы, у апошнія гады газавікі ўсё часцей сутыкаюцца з няспраўнасцю дымавых і вентыляцыйных каналаў. Многія дамы, пабудаваныя ў 60—70-я гады мінулага стагоддзя, далі ўсадку, трэшчыны. Таму дымавыя газы праз няшчыльнасці трапляюць у міжпрастору дома, а далей у вентыляцыйныя каналы і жылыя памяшканні. Апошні такі выпадак адбыўся 24 лістапада 2017 года ў Мінску па вуліцы Авакяна, 36, у кватэры на першым паверсе.

— У гэтым доме па плане дымавыя каналы правяраліся раз у тры месяцы. Але менавіта ў гэтую кватэру спецыялісты, якія аказваюць паслугу па праверцы дамавых і вентыляцыйных каналаў, не маглі трапіць ніводнага разу ні ў 2016, ні ў 2017 гадах — не было доступу. Падчас расследавання высветлілася, што перагародка паміж дымавым і вентыляцыйным каналамі мела трэшчыну, у выніку чаго прадукты згарання праз вентыляцыйны канал трапілі ў памяшканне. Атруціліся тры чалавекі. Яны засталіся жывыя дзякуючы аказанню своечасовай медыцынскай дапамогі. Абследаванні выявілі, што ў 60 кватэрах былі няспраўныя як дымавыя, так і вентыляцыйныя каналы. Былі выдзелены сродкі, на якія закуплены дарагія матэрыялы, зроблена адпаведная герметызацыя каналаў, — расказала начальнік тэхнічнай інспекцыі УП «Мінгаз».

Па словах спецыяліста, гэтыя каналы ў асноўным правяраюць прыватныя арганізацыі, з якімі прадпрыемствы ЖКГ заключаюць дагаворы на выкананне работ. Але справа ў тым, што праверка на герметычнасць праводзіцца з дапамогай сістэмы задымлення. Гэты метад цягне за сабой падаражанне кошту работ, таму, як відаць, яго не выкарыстоўваюць.

Што датычыцца таго ці іншага бытавога абсталявання, то нарматыўны тэрмін яго эксплуатацыі прапісаны ў пашпарце і ён розны для розных прыбораў. Але, як правіла, у асноўным не больш 20 гадоў. Ці можна выкарыстоўваць прыборы, вызначаюць шляхам тэхнічнага дыягнаставання. У выніку гэтай працэдуры спажыўцу выдаецца адпаведная рэкамендацыя. Бясспрэчна, пакупка новай пліты — гэта фінансавая праблема для гаспадара, але чалавечае жыццё даражэйшае.

Людміла Матукевіч у абавязковым парадку заклікае спажыўцоў не пакідаць без нагляду працуючае газавае абсталяванне, не пераключаць увагу на іншыя хатнія справы, паставіўшы патэльню на пліту, тым больш не адлучацца з кватэры.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Паставіла патэльню на пліту, пайшла ў краму... А вяртацца няма куды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?