Вы тут

Наколькі добра пачуваюць сябе айчынныя дробныя фермерскія гаспадаркі


Дробныя фермерскія гаспадаркі ў Беларусі працуюць сёння павольна і не надта адкрыта. Вядома, на фермерскім полі ёсць і буйныя гульцы, чые аб'ёмы вытворчасці выводзяць іх на адзін узровень з некаторымі калгасамі. Каб высветліць, як ідуць справы з развіццём айчынных дробных фермерскіх гаспадарак, мы пагутарылі з Надзеяй САБАЛЕЎСКАЙ, уладальніцай інтэрнэт-крамы дастаўкі фермерскіх і арганічных прадуктаў «ЭкаЕжа», чыя арганізацыя супрацоўнічае з 15 фермерамі.


Пра Еўрапейскі сертыфікат

Ідэя для стварэння падобнай інтэрнэт-крамы з'явілася больш за пяць гадоў таму. «Стала цікава, як ствараюцца прадукты і як яны з'яўляюцца на прылаўках крам, — кажа Надзея. — Усе беларусы па-рознаму ставяцца да арганічных прадуктаў, ёсць катэгорыя людзей, якім гэта цікава, — і іх колькасць павялічваецца».

Напачатку магазін працаваў выключна з мясцовымі фермерамі, якія вырошчваюць свае прадукты па арганічных ці блізкіх да іх тэхналогіях, з тымі, хто адмовіўся ад выкарыстання мінеральных угнаенняў, пестыцыдаў і гербіцыдаў, ГМА-насення, антыбіётыкаў і камбікармоў.

«У нас зусім няшмат сертыфікаваных фермераў, іх можна пералічыць па пальцах. Але мы працуем і з несертыфікаванымі работнікамі, таму што, на жаль, асартыменту не хапае. Аднак з гэтымі людзьмі мы працуем доўга і ведаем, што і як яны робяць, па сутнасці — яны маглі б атрымаць Еўрапейскі сертыфікат, калі б гэта было даступна і лёгка», — дадае Надзея Сабалеўская.

Чаму такі сертыфікат дакладна не перашкодзіць? Таму што тады людзі будуць разумець, што прыстаўкі «эка-» і «бія-» рэальна пазначаюць арганічны прадукт.

Пра праблемы і перспектывы

«Мы працуем з пэўнай групай фермераў, таму за астатніх казаць цяжка. Што датычыцца фермераў-энтузіястаў, якія займаюцца арганічным або набліжаным да арганічнага фермерствам, то праблема ў тым, што заканадаўства пад іх ніяк не падстроена, — адзначае Надзея. — Адпаведна, яны працуюць на тых жа ўмовах, што і ўсе фермеры, а ўкладанні ў іх значна большыя — і энергетычныя, і фінансавыя, і нават рызыкі. Тое ж датычыцца і патрабаванняў».

У прыклад дзяўчына прывяла фермера: мясцовыя ўлады папрасілі яго абкасіць участак зямлі, своеасаблівую буферную зону, на якой спецыяльна былі пакінуты зараснікі быльнягу, каб абараняць асноўныя землі ад пестыцыдаў і іншых рэчываў з тэрыторыі суседняга калгаса. Гэта значыць, што бур'ян «працаваў» як заслона. «І тут два варыянты: альбо паступіцца ўласнымі прынцыпамі і скасіць, альбо заплаціць вялікі штраф. І ён выбраў другое».

Аднак аб якім-небудзь выцясненні дробных гульцоў з рынку гаворкі, канешне, не ідзе, упэўнена Надзея. «Правілы і нормы для ўсіх роўныя. Аднак няма індывідуальнага падыходу. А дробны фермер займаецца крыху іншай дзейнасцю, у адрозненне ад буйных гаспадарак, — лічыць Надзея Сабалеўская. — Больш гнуткіх умоў для такіх людзей няма, таму ўсё залежыць ад канкрэтнага фермера. Альбо ён марнуе свой час і грошы, таму што яму гэта падабаецца, альбо ён сыходзіць з гэтай сферы. Таму змены ў заканадаўстве не перашкодзілі б».

Пра супермаркеты і цэны

У 2013 годзе «ЭкаЕжа» пачала ўвозіць у Беларусь арганічныя прадукты з Еўропы — напрыклад, бабовыя, крупы, алей халоднага адціскання. Так арганізацыя пашырыла свой асартымент, а пазней выйшла на рынак мінскіх супермаркетаў. Дарэчы, дробным фермерам працаваць з буйнымі гандлёвымі сеткамі няпроста. «Яны могуць, бо зараз попыт на арганічную прадукцыю патроху павялічваецца. Вядома, гандлёвым сеткам лепш супрацоўнічаць з меншай колькасцю фермераў, каб не загразнуць у афармленні вялікай колькасці дагавораў і іншых папер. Але тады не хопіць сур'ёзных вытворчых магутнасцяў, каб задаволіць буйную гандлёвую сетку. Бо, як правіла, такія фермеры дробныя. Вось і атрымліваецца такая нестыкоўка», — кажа спадарыня Сабалеўская.

Акрамя таго, цэны на арганічныя прадукты вышэйшыя, чым на звычайныя, аднак тут справа не ў грашах. «Гэта своеасаблівае ўкладанне ў будучыню — лепш зараз патраціць крыху больш на ежу, каб потым не траціць шмат на лекі. Я так разумею, што людзі пра гэта думаюць». Дарэчы, сярэднестатыстычны кліент крамы — гэта жанчына, у якой ёсць сям'я і дзеці, ва ўзросце за 30 гадоў з сярэднім прыбыткам і вышэй. Часам прыходзяць і бабулі, якія перыядычна бяруць тварог, нехта заказвае прадукты дзецям, у якіх алергія. Усё індывідуальна, аднак цікавасць да прадукцыі з'яўляецца ў розных людзей.

«Зараз увесь прыбытак мы ўкладваем у развіццё. Звышпрыбыткаў у нашай справе няма. Трэба разумець, што ўмовы гульні пастаянна змяняюцца. Напрыклад, у нас былі ўкладанні ў імпартныя прадукты ў сферы дэкларавання і сертыфікацыі. А праз нейкі час увялі новыя фітасанітарныя нормы — і мы страцілі грошы».

Па словах Надзеі, цяпер нельга спакойна адысці ад спраў, каб бізнес працаваў без аніякіх праблем. «Гэта вельмі доўгатэрміновы праект з пастаянным удзелам, убок сысці не атрымаецца. Цяжкасці? Вядома, узнікаюць. Але калі ты займаешся сваёй справай, то ў любым выпадку будзеш пастаянна вырашаць праблемы».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by


Наколькі прыбыткова займацца рэалізацыяй арганічных прадуктаў?

Дзмітрый КРЫЛОЎ, уладальнік адной з самых буйных у Беларусі фермаў па развядзенні коз «ДАК»:

— Першая праблема нашых фермераў — гэта адукацыя. Для таго каб весці фермерскую гаспадарку, патрэбны адпаведныя веды і ўменні. А вось у фермераў часцяком неабходнай адукацыі для гэтай справы няма. Акрамя таго, трэба ведаць тэхналогіі.

Праблемы з заканадаўчай базай? Не думаю, што з гэтым ёсць нейкія складанасці, яшчэ ў былыя часы быў прыняты нармальны закон. Я сказаў бы, што ў дачыненні да малога фермерства дзяржаўнай палітыкі недастаткова. Але гэта абгрунтавана тым, што Беларусь больш арыентавана на буйныя таварныя гаспадаркі, а фермеры — часцей дробныя гульцы.

Тут яшчэ трэба разумець, якім гаспадаром ты хочаш быць: калі гэта хатні, сямейны бізнес для сябе і сваякоў — гэта адно, а другое, калі ты становішся фермерам буйным. У дробнага фермера вельмі нізкая канкурэнтаздольнасць супраць буйной гаспадаркі, якая можа выкарыстоўваць дарагія тэхналогіі і пры гэтым хутка акупіцца.

На Захадзе гэтая праблема вырашаецца шляхам кааперацыі: там вельмі шмат маленькіх гаспадарак — калі ім патрэбны камбайн або сушылка, то яны аб'ядноўваюцца і набываюць гэтую адзінку тэхнікі, напрыклад, на 20 фермераў. У іх гэта добра развіта, але і фермераў там сотні тысяч. А ў нас на ўсю Беларусь іх 2,5 тысячы, таму пра кааперацыю гаварыць складана. Гэта і ёсць другая праблема: дзяржаўная палітыка накіравана на буйныя арганізацыі, а не на дробных фермераў.

Таму фермеру лепш займацца эксклюзіўнымі рэчамі. Па сутнасці, нашы дробныя фермеры гэтую нішу і закрываюць. Альбо гэта ягады, альбо сады, альбо лекавыя травы.

Перспектывы? Напэўна, яны ёсць, улічваючы тое, што дзяржаўная палітыка сёння паварочваецца ў бок прадпрымальніцтва — і ў вёсках у тым ліку. Па меншай меры, як дагэтуль было: калі і не дапамагаюць, дык хаця б не перашкаджаюць.

Ігар ХВАШЧЭЎСКІ, кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Вермі Экапрадукт», Смаргонскі раён:

— Асноўная праблема на сённяшні дзень — гэта недахоп кліентаў па арганічнай прадукцыі. Што датычыцца заканадаўчай базы, то на сённяшні дзень не прыняты закон аб арганічным земляробстве, а гэта не дае разабрацца як пастаўшчыкам, так і кліентам у тым, ці сапраўды прадукт арганічны. Нядаўна я быў у адной краме, на прылаўку якой ляжалі прадукты з пазнакай «эка». Я папрасіў падаць сертыфікат, які гэта пацвярджае, аднак аказалася, што сертыфікату проста няма.

З-за адсутнасці адпаведнага закона людзям няпроста зразумець, чаму «ЭкаЕжа» прадае біясмятану па больш высокай цане, чым у звычайнай краме. Быў бы закон, людзі б разумелі, што за той жа біясмятанай стаяць кармы, адсутнасць антыбіётыкаў і іншыя рэчы, таму цана ў прыватнай краме цалкам апраўданая.

Акрамя таго, фермерам не хапае магчымасцяў крэдытавання. У Еўропе сектар арганічнага земляробства атрымлівае датацыі, у нас пакуль гэтага няма.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.