Вы тут

Ці рэальна ўключыць людзей з інваліднасцю ў актыўнае грамадскае жыццё?


Ці гатова беларускае грамадства да таго, каб уключыць людзей з інваліднасцю ў актыўнае грамадскае жыццё? Што для гэтага трэба зрабіць усім нам? З такімі пытаннямі мы звярнуліся да тых, хто зараз актыўна працуе ў азначаным кірунку.


Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях Тамара КРАСОЎСКАЯ:

— Мы на 100 працэнтаў гатовыя. Я бачу гэта, я сустракаюся з людзьмі, над дадзенай тэмай цяпер вядзецца ўзмоцненая работа. Самае галоўнае, што самі інваліды да гэтага гатовыя, а грамадства павінна прыняць іх, але не як аб'екты або прадметы, а як звычайных людзей. Што мы для гэтага робім? Сустракаемся з інвалідамі, грамадскімі арганізацыямі, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны; распрацаваны план мерапрыемстваў па выніках ратыфікацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў. Усё зроблена для таго, каб інклюзія ўвайшла ў наша грамадства як данасць.

Вядома, у перспектыве з'явяцца і заканадаўчыя акты. Будуць змены ў розных звязаных законах, якія рэгулююць права ў дачыненні да такіх людзей. Над гэтым ужо пачынаецца работа, мы бачым канкрэтныя пытанні.

Хочацца, каб дзеці з асаблівасцямі сацыялізаваліся ў школе і стаўленне да іх было адпаведнае. Таму мне здаецца, што пачынаць трэба з дзіцячага садка: калі розныя дзеці гуляюць у адной пясочніцы, то будзе і іншае іх успрыманне. Усё атрымаецца, калі рэалізаваць комплекс мерапрыемстваў, тым больш што ў нас вельмі талерантнае грамадства.

Дырэктар «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» Сяргей ДРАЗДОЎСКІ:

— Калі казаць пра нацыянальны характар беларускага грамадства, то ў цэлым мы пакуль слаба гатовыя. Тут ёсць шэраг бар'ераў. Па-першае, мы павінны дакладна разумець, што інваліднасць — гэта не проста чалавек у калясцы або невідушчы, і ўсё. Гэта і велізарны пласт людзей, якія маюць псіхасацыяльныя, інтэлектуальныя парушэнні, інваліднасць унутраных органаў — тая ж анкалогія. Другое: сапраўды існуюць ментальныя праблемы ўнутры грамадства, а менавіта непрыманне, якое становіцца на шляху інклюзіі.

Складана сказаць, што важней, але адзін з самых галоўных бар'ераў — гэта адсутнасць рэальнай дзяржаўнай палітыкі. Так, у нас ёсць дэкларацыі, падпісаныя дакументы, шэраг нядрэнных законаў, якія фактычна не выконваюцца. У іх чалавек займае ролю аб'екта, але не суб'екта ўзаемадзеяння. Просты прыклад: усё бюджэтнае фінансаванне прыпадае не на чалавека, а на органы, установы, інстытуты. Без гэтага моманту мы ніколі не рэалізуем якаснае ўзаемадзеянне.

Акрамя таго, факт застаецца фактам: на топавых пазіцыях мы практычна не бачым людзей з інваліднасцю. Так, мы пачалі заўважаць іх у такіх вузкіх сферах, як ІТ, журналістыка, спорт, грамадская дзейнасць. А вось дзяржаўная палітыка — дзе там людзі з інваліднасцю? Мясцовае самакіраванне, буйны бізнес? Іх практычна няма.

Генеральны індыкатар палажэння: калі нашы людзі ўпершыню трапляюць за мяжу, іх першыя ўражанні — колькі ж там інвалідаў і як мала іх у нас! Гэта фактар таго, што фарматы тых грамадстваў больш прыязныя і інклюзіўныя, чым наш. Я лічу, што ў нас ёсць патэнцыял і напрацоўкі, аднак пакуль працэсы рэформаў буксуюць.

Кіраўнік міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна ЯКАЎЛЕВА:

— Фактычна не гатова. Ад грамадства, звычайных людзей патрабуецца разуменне, але яго пакуль, на жаль, недастаткова. Я вельмі тонка — і як кіраўнік арганізацыі, і як мама дзіцяці з асаблівасцямі здароўя — адчуваю, што сітуацыя мяняецца. І праца грамадскіх арганізацый, як асобная, так і з дзяржаўнымі органамі, не праходзіць бясследна. Тым не менш пакуль яшчэ агульная сацыяльная атмасфера не гатовая да гэтага.

Што трэба зрабіць? Патрэбны нейкія рухі насустрач, рэальныя дзеянні з боку сістэмы. Заканадаўча мы прасунуліся на міжнародным узроўні, была ратыфікавана Канвенцыя аб правах інвалідаў, цяпер мы ў стане імплементацыі — рэальнага ўвасаблення. Але патрэбны не чаканні, што з'явіцца нейкі дакумент, а людзі на месцах.

Дарэчы, бацькі дзяцей з асаблівасцямі рэдка ездзяць за мяжу. Але мне часта кажуць: а чаму там так, а ў нас інакш? Вось калі звяртаць на гэта ўвагу — і не проста чалавечую, а прафесійную — то мы будзем мяняцца. Ёсць лічаная колькасць мам, якія бяруць на сябе адказнасць па тэме аўтызму, а калі да іх падключыцца грамадства і дзяржава, будуць прыняты рашэнні, то ўсё атрымаецца. Трэба працаваць.

Грамадская актывістка і РR-спецыяліст Дар'я ТРАЙДЭН:

— Да сур'ёзных змен ніколі не можа быць поўнай гатоўнасці, таму што рабіць новае — гэта трапляць у поле невядомасці, у сітуацыі, якія немагчыма было прадугледзець. Няма механізмаў, адладжаных часам, няма вопыту. Але змены павінны пачынацца — няхай і без масавай падтрымкі.

Мне складана сказаць, ці ўсе ў Беларусі разумеюць праблему сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю. Але і нельга чакаць, пакуль усе зразумеюць. Важна, каб гэта разумела ў першую чаргу дзяржава. Таму што дзяржаўная палітыка, добра рэалізаваная, можа вельмі змяніць становішча людзей з інваліднасцю. І тут гаворка не пра адно толькі безбар'ернае асяроддзе, але і пра магчымасці працаўладкавання, пра інклюзіўную адукацыю, пра падтрымку бацькоў з інваліднасцю, у якіх з'явілася дзіця (чытала гісторыі пра тое, што сацыяльныя службы часта спрабуюць забраць дзяцей з такой сям'і). Таксама важныя ініцыятывы бізнесу. Напрыклад, тое, што сетка крамаў «Віталюр» запрасіла на працу людзей з інваліднасцю — гэта вельмі важны крок. Чым больш магчымасцяў для рэалізацыі і матэрыяльнай незалежнасці будзе ў людзей з інваліднасцю, тым лепш. І з часам сыдзе гэта паўсюднае здзіўленне «а чаму яны проста дома не сядзяць?».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Наколькі гэта рэальна?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».